Нацыянальная бібліятэка Беларусі 7 снежня шосты раз прыняла адно са знакавых дабрачынных мерапрыемстваў Беларусбанка — вертыкальны забег. «Яркая вертыкаль-2024» — гэта 23 паверхі або 591 прыступка на шляху на дах «беларускага алмаза» і магчымасць накіраваць свой стартавы ўзнос на дапамогу выхаванцам Бягомльскай дапаможнай школы-інтэрната.
Беларусбанк традыцыйна правёў гэта мерапрыемства разам з партнёрамі з Федэрацыі прыгодніцкіх гонак. Забег быў арганізаваны ў двух дзіцячых (0 – 12 гадоў, 13 – 17 гадоў) і двух дарослых (18 гадоў – 34 гады, 35 гадоў і старэй) катэгорыях, а таксама ў камандным заліку (чатыры чалавекі, з іх мінімум адна дзяўчына). Даўжыня дыстанцыі – 73,7 м. Усе бегуны атрымалі медалі фінішораў.
Самай малодшай спартсменкай аказалася Агата Рагоўская 2022 года нараджэння, а самым дарослым атлетам стаў Віктар Няфёдаў 1943 года нараджэння. Сабраныя сродкі – 5,3 тыс. рублёў – пойдуць на дапамогу Бягомльскай дапаможнай школе-інтэрнату Докшыцкага раёна.
Удзел у вертыкальным забегу прынялі нямала супрацоўнікаў Беларусбанка, напрыклад, каманда Віцебскага абласнога ўпраўлення № 200, прадстаўнікі Мінскага абласнога ўпраўлення № 500 і Галаўнога офіса, а таксама зборныя прадпрыемстваў — партнёраў банка. Дыстанцыю «Яркай вертыкалі» пакарыў і намеснік старшыні праўлення Беларусбанка Дзмітрый Краскоўскі.
«Для Беларусбанка дабрачынны забег па лесвіцы Нацыянальнай бібліятэкі – знакавае мерапрыемства. Радуе, што да яго як заўсёды шмат увагі і вялікая цікавасць з боку спартыўнай супольнасці. «Яркая вертыкаль» праводзіцца ўжо шосты раз. Яна палюбілася, кожны год яе сапраўды чакаюць. Галоўная мэта нашай актыўнасці – дапамагчы здарыцца цуду для выхаванцаў Бягомльскай дапаможнай школы-інтэрната. Усе, хто далучыўся да спартыўнай ініцыятывы – ужо крыху чараўнікі. Для нашага банка падобныя мерапрыемствы – важны складальнік сацыяльнай адказнасці бізнесу. І мы жадаем з кожным годам далучаць да іх як можна больш людзей», — адзначыў Дзмітрый Краскоўскі.
Упраўленне камунікацый, маркетынгу і рэкламы