Трэці дабрачынны трэйл-забег Belarusbank Museum Run адбыўся ў ноч з 6 на 7 ліпеня на тэрыторыі Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту ў вёсцы Азярцо Мінскага раёна.
Удзел у мерапрыемстве прынялі каля 500 дарослых аматараў бегу і 70 дзяцей. Юныя атлеты пераадольвалі кіламетровую дыстанцыю.
Дарослыя спартсмены маглі выбраць паміж 5, 10 і 21 км. Трасу для іх нельга было назваць простай. Паколькі Belarusbank Museum Run — гэта трэйл, гэта значыць забег па перасечанай мясцовасці, маршрут пралягаў як па добраўпарадкаваных дарогах, так і па лугавых і лясных сцяжынках, узгорыстых і балоцістых участках. Па дарозе спартсмены любаваліся экспанатамі Белрускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту. Падсвечаныя пражэктарамі помнікі драўлянага дойлідства — цэрквы, капліцы, ветракі, падворкі і сядзібы — пераносілі ў атмасферу беларускай вёскі мінулых стагоддзяў і стваралі ідэальны антураж для купальскай ночы.
Унікальная ініцыятыва, ужо тройчы рэалізаваная Беларусбанкам у супрацоўніцтве з Федэрацыяй прыгодніцкіх гонак, служыць справе захавання гісторыка-культурнай спадчыны краіны: стартавыя ўзносы бегуноў накіроўваюцца на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы адзінага ў краіне скансэна, гэта значыць музея пад адкрытым небам.
«Для нашага банка такія актыўнасці — не выпадковыя мерапремствы, а сістэмная філасофія. Мы за тое, каб нашы кліенты былі не толькі фінансава граматнымі, але і здаровымі, актыўнымі. Вельмі каштоўная таксама дабрачынная частка гэтых ініцыятыў. Узносы ад начнога пойдуць на рэканструкцыю Музея народнай архітэктуры і побыту. Сродкі, сабраныя ў рамках нядаўняга заплыву на Мінскім моры Blue Dragon Race, накіраваны цяжкахворым дзецям. У снежні ўжо некалькі гадоў запар мы праводзім вертыкальны забег у Нацыянальнай бібліятэцы ў падтрымку падшэфнага дома-інтэрната. Для каманды Беларусбанка важна, што многія ўдзельнікі падобных спартыўных актыўнасцей кіруюцца не толькі матывам спаборніцтваў, але і ідэяй дапамогі таму, каму яна сапраўды патрэбна», — падсумаваў дырэктар дэпартамента карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці, камунікацый і маркетынгу Аляксей Кулік.
Дарэчы, за сабраныя на мінулым забегу грошы замянілі агароджу і адрамантавалі лазню ў сектары «Цэнтральная Беларусь» музея. Сродкі, якія ўдасца сабраць сёлета, плануецца патраціць на бягучы рамонт царквы ў тым жа экспазіцыйным сектары і замену брамы вяночнага двара ў сектары «Паазер’е».
Упраўленне камунікацый, маркетынгу і рэкламы