Партфель дабрачынных праектаў найбуйнейшага банка краіны дапоўніўся новым — «У школу з Беларусбанкам». Яго мэта —забяспечыць сельскія школы па ўсёй краіне новымі камфартабельнымі транспартнымі сродкамі для падвозу дзяцей да ўстановы адукацыі. Сёння першыя шэсць аўтобусаў вытворчасці ААТ «МАЗ» — кіруючая кампанія холдынгу "БЕЛАЎТАМАЗ", закупленых у рамках праекта, урачыста перададзены прадстаўнікам раёнаў.
Удзел у цырымоніі ўручэння ключоў ад транспартных сродкаў, якая прайшла ў Галаўным офісе банка ў сталіцы, прынялі старшыня праўлення банка Віктар Ананіч, генеральны дырэктар Мінскага аўтамабільнага завода Валерый Іванковіч, першы намеснік Міністра адукацыі Аляксандр Бахановіч, прадстаўнікі шасці раёнаў, а таксама кіраўнікі ўстаноў адукацыі, у якіх будуць эксплуатавацца аўтобусы.
Гэтымі школамі сталі: Імянінская СШ, Кобрынскі р-н, Брэсцкая вобласць; Слабадская СШ імя Н.М. Пшонка, Лепельскі р-н Віцебская вобл.; СШ № 1 імя А.Р. Салаўя, г.п. Акцябрскі, Гомельская вобл.; Жодзішкаўская СШ, Смаргонскі р-н, Гродзенская вобл.; Чурлёнская СШ, Вілейскі р-н, Мінская вобл.; Дабаснянская СШ, Кіраўскі р-н, Магілёўская вобл.
— Я вельмі ганаруся, што да дзеючых у Беларусбанку пяці дабрачынных праектаў дадаўся новы: «У школу з Беларусбанкам», — адзначыў, звяртаючыся да гасцей урачыстасці, кіраўнік банка. — Яго ідэю абазначыў Кіраўнік дзяржавы: забяспечыць сельскія школы сучаснымі камфартабельнымі аўтобусамі для падвозу дзяцей. І вось сёння перадаём першыя транспартныя сродкі шасці школам — па адной з кожнай вобласці. Але гэта толькі пачатак, улічваючы высокую сацыяльную значнасць такой ініцыятывы, плануем яе развіваць. Камандзе Беларусбанка прыемна ўсведамляць, што дзякуючы банку дзеці з самых аддаленых рэгіёнаў будуць дабірацца на заняткі ў цяпле і камфорце.
Высокую значнасць праекта ў тым ліку для сферы адукацыі падкрэсліў і першы намеснік Міністра адукацыі Аляксандр Бахановіч:
— Кіраўнік дзяржавы ставіў задачу забяспечыць камфортны і бяспечны падвоз дзяцей з сельскай мясцовасці да школ. Сёння падвоз ажыццяўляецца практычна ў 7,5 тыс.населеных пунктах і ў 2210 школ. Падвозяцца амаль 59 тыс. навучэнцаў, пры гэтым у аўтобусны парк рэспублікі ўваходзіць 1,6 тыс. транспартных сродкаў. У гэтым годзе з мясцовых бюджэтных сродкаў закуплена 151 адзінка тэхнікі, а з рэспубліканскага – 124. Але вельмі дарэчы для вырашэння гэтай задачы спонсарская дапамога. Беларусбанк стаў першым, хто падтрымаў ініцыятыву.
Дзейнасць у сферы карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці на працягу многіх гадоў для банка з’яўляецца значным стратэгічным вектарам. І кожны праект у гэтым напрамку – карпатлівая праца каманды банка і партнёраў, якая ў выніку становіцца яркай падзеяй для ўдзельнікаў і вялікай добрай справай для грамадства. У рэалізацыю гэтага праекта вялікі ўклад унёс Мінскі аўтамабільны завод.
Як адзначыў генеральны дырэктар прадпрыемства, якое таксама з’яўляецца буйным карпаратыўным кліентам банка, Валерый Іванковіч, Мінскі аўтамабільны завод ужо больш за 15 гадоў удзельнічае ў праграме па вытворчасці аўтобусаў для дзяцей:
— Нядаўна мы пачалі вырабляць мадэлі для падвозу дзяцей-інвалідаў, якіх таксама неабходна ўцягваць у працэс навучання. МАЗ заўсёды гатовы падставіць плячо і добра разумее сацыяльную значнасць падобных праектаў. Мы робім усё, каб наша тэхніка працавала на карысць краіны і людзей.
Шмат слоў падзякі за важную і такую патрэбную ініцыятыву ў адрас банка прагучала ад кіраўнікоў школ.
— Нам першым у вобласці дастаўся новы камфартабельны школьны аўтобус, — сказала дырэктар Слабадской сярэдняй школы Аляксандра Хацкевіч. — Наша школа — навучальны комплекс. Мы падвозім дзяцей, пачынаючы з двух гадоў, з сямі населеных пунктаў. Таму і для дзяцей, і для бацькоў гэта не толькі пытанне камфорту, але і бяспекі. Школьны аўтобус ўсе чакаюць, ён нам вельмі патрэбны! Прыемна, што Беларусбанк праводзіць сацыяльныя акцыі і рэалізуе падобныя праекты. Гэта выдатная інвестыцыя ў будучыню нашай краіны.
Яе словы падтрымалі Данута Балыш, дырэктар Жодзішкаўскай сярэдняй школы, і Ірына Маслава, кіраўнік Дабаснянскай СШ.
— Прыміце самыя шчырыя, самыя добрыя словы падзякі за такі цудоўны падарунак для нашай установы — новы школьны аўтобус, — адзначыла Данута Балыш. — Гэтыя словы падзякі гучаць ад усіх вучняў, іх бацькоў, работнікаў установы, кіраўніцтва і адміністрацыі раёна, вадзіцеляў школы, якія прысутнічаюць на сённяшнім свяце. Для нас гэта сапраўды свята, у аснове якога клопат пра дзяцей, іх бяспеку, здароўе.
Транспарт для сельскай мясцовасці, як адзначылі выступоўцы, гэта сродак сувязі са знешнім светам. А школьны аўтобус — верны і надзейны спадарожнік у свет ведаў.
— Новы аўтобус — новыя магчымасці. Магчымасці падарожнічаць і ажыццяўляць экскурсіі па цікавых гістарычных мясцінах Беларусі, — дадала кіраўнік Жодзішкаўскай сярэдняй школы. — Гэта велізарная радасць для ўсяго калектыву, таму гаворым дзякуй за такі патрэбны падарунак — бяспечны, утульны і камфортны школьны аўтобус!
Для вёскі такі транспарт, як падкрэсліла Ірына Маслава, сапраўдная палачка-выручалачка. Дзякуючы яму можна не толькі хутка дабрацца да школы або адправіцца класам у невялікае падарожжа, але і трапіць у басейн.
«На жаль, тэхніка выходзіць з ладу. Але дзякуючы нашаму спонсару —Беларусбанку — мы сёння маем магчымасць атрымаць новы школьны аўтобус. З ім 29 навучэнцаў з чатырох населеных пунктаў змогуць дабрацца ва ўстанову адукацыі і назад», — рэзюміравала дырэктар Дабаснянскай сярэдняй школы.
Першымі вырашылі асвоіць новы транспарт тыя, каму прыйдзецца правесці за рулём больш за ўсё часу.
— Мой працоўны дзень пачынаецца ў 6.30 з агляду транспарту, - расказаў вадзіцель Дабаснянскай СШ Валерый Дашкевіч. — Першая кропка — Харлапавічы. Потым еду ў самую далёкую кропку — вёску Дабрыца. Заняткі пачынаюцца ў 9.00, таму да 8.30, як правіла, усе ўжо ў школе.
Пазаштатныя сітуацыі здараюцца, але рэдка. Калі хтосьці праспаў школу, то Валерый Фёдаравіч заўсёды пачакае. За рулём падоранага мікрааўтобуса вадзіцель адчувае сябе значна больш упэўнена: «Новае – ёсць новае».
Подпіс пад фота: А пакуль школьнікі будуць у дарозе, яны заўсёды могуць паглядзець, што прапануе найбуйнейшы банк падрастаючаму пакаленню.
Пасля ўручэння ключоў аўтобусы адправіліся па сваіх рэгіёнах. І ўжо заўтра выйдуць на маршрут, каб у цяпле і камфорце дастаўляць ва ўстановы адукацыі дзяцей з самых аддаленых вёсак.
Нагадаем, Беларусбанк ужо шмат гадоў рэалізуе 5 маштабных дабрачынных праектаў, сярод якіх: «Пераможам разам», у рамках якога падтрымлівае спорт; «Вектар дабрыні» — накіраваны на падтрымку аховы здароўя; «Мост у будучыню» — гэта падтрымка ўстаноў адукацыі і навукі; «Прастора натхнення» — падтрымка ўстаноў культуры; «Бацькоўскі кут» — будаўніцтва і набыццё катэджаў для дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, іх добраўпарадкаванне і суправаджэнне.
Запуск новага, шостага праекта, толькі пацвярджае той факт, што шматтысячная каманда банка не спыняецца на дасягнутым і папаўняе спіс добрых і важных ініцыятыў на карысць краіны і жыхароў, асабліва самых юных.
Аддзел камунікацый і рэкламы