Беларусбанк зноў выступіў генеральным партнёрам Blue Dragon Race — дабрачыннага заплыву на адкрытай вадзе, які прайшоў у мінулую суботу на Мінскім моры.
Прыняць удзел маглі як аматары, так і прафесійныя плыўцы. Галоўная задача — пераадолець дыстанцыю ў 5 км за тры гадзіны. На гэты раз спартыўнае свята задзейнічала рэкордную колькасць смельчакоў: на Пляжы № 5 сабраліся каля 100 чалавек.
Рэгістрацыя на заплыў традыцыйна платная, паколькі ўсе сродкі пералічваюцца дабрачыннаму фонду дапамогі дзецям. Дарэчы, за ўвесь час рэалізацыі ініцыятывы было сабрана амаль 30 тысяч рублёў, у гэтым годзе — 9 100 рублёў.
— Беларусбанк пяты год запар становіцца генеральным партнёрам дабрачыннага заплыву, — адзначыў начальнік упраўлення камунікацый і карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці Аляксей Кулік. — Гэта ўжо стала для нас добрай традыцыяй. Асабліва важная і актуальная падтрымка падобных ініцыятыў у Год міру і стварэння. Сённяшняе мерапрыемства з’яўляецца прыкладам таго, як спартсмены, аматары здаровага ладу жыцця, бізнес і дабрачынныя арганізацыі могуць аб’яднацца, каб унесці ўклад у агульную добрую справу.
Медалямі ўзнагародзілі ўсіх, хто адважыўся на ўдзел. Золата дасталася самаму хуткаму плыўцу Мікіце Шарапаву, ён справіўся з дыстанцыяй за 1 гадзіну 12 мінут.
На другім месцы апынуўся Дзмітрый Мелях, яго час 1 гадзіна 19 мінут. На трэцім — Цімафей Машлякевіч, ён пераадолеў 5000 метраў за 1 гадзіну 22 мінуты. Усе вынікі глядзіце па спасылцы.
Удзельнікі адзначылі, што заплыў для іх гэта не суперніцтва, а найперш калектыў аднадумцаў, драйв і добрая матывацыя зрабіць добрую справу. Пастаўленая мэта пераплыць Мінскае мора — гэта шанс выпрабаваць свае сілы і заадно дапамагчы хворым дзецям.
Аддзел камунікацый і рэкламы