Напярэдадні Міжнароднага дня абароны дзяцей у галаўным офісе Беларусбанка адбыўся форум «Я ў кібербяспецы!». У інфармацыйна-забаўляльным мерапрыемстве ўдзельнічалі больш за 100 школьнікаў ва ўзросце ад 8 да 17 гадоў.
У якасці спікераў на сустрэчу былі запрошаны супрацоўнікі ўпраўлення інфармацыйнай бяспекі Беларусбанка, Галоўнага ўпраўлення па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці МУС Беларусі, прадстаўнікі кампаніі Kaspersky, тэхналагічнай кампаніі ў сферы інфармацыйнай бяспекі «МультыТэк Інжынірынг», Дзіцячага фонда ААН (ЮНІСЭФ) у Рэспубліцы Беларусь. Эксперты расказалі, з якімі кіберпагрозамі можа сутыкнуцца сучаснае дзіця, як выглядае яго лічбавы след і якую інфармацыю ў сетку выкладваюць самі бацькі. Спікеры таксама падрабязна і даступна патлумачылі, як эфектыўна забяспечыць бяспеку дзяцей у інтэрнэце, зберагчы іх ад анлайн-махляроў і навучыць выкарыстоўваць гаджэты разумна і на карысць, а таксама куды звяртацца за дапамогай.
Як адзначыў на адкрыцці мерапрыемства намеснік старшыні праўлення Беларусбанка Дзмітрый Краскоўскі, галоўнай сваёй мэтай банк з партнёрамі бачаць павышэнне дасведчанасці юных карыстальнікаў сеткі Інтэрнэт у пытаннях кібербяспекі і фарміраванне ў будучых выпускнікоў школ уяўлення аб прафесіі спецыяліста па кібербяспецы. «Мы разумеем, што ўсе інавацыі нясуць у сабе не толькі новыя магчымасці, але і новыя пагрозы, таму правільна супрацьстаяць ім варта вучыцца ўжо з малых гадоў», – падкрэсліў Дзмітрый Краскоўскі.
Праблемай злачынстваў у галіне кібербяспекі актыўна займаюцца супрацоўнікі МУС. Выступаючы перад дзецьмі, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рынгевіч адзначыў: злачынстваў у сусветнай павуціне становіцца ўсё больш.
Як расказаў старшы каардынатар па пытаннях абароны дзяцінства ЮНІСЭФ у Беларусі Дзмітрый Шылін, бяспека дзяцей у інтэрнэце з’яўляецца адным з прыярытэтаў у ЮНІСЭФ глабальна і на краінавым узроўні. Інфармацыйнае асяроддзе дае дзецям магчымасці вучыцца, камунікаваць і набываць навыкі, неабходныя ў 21 стагоддзі. Аднак анлайн-прастора змяшчае пагрозы псіхалагічнаму здароўю і нават жыццю дзіцяці, таму ЮНІСЭФ надае асаблівую ўвагу навучанню дзяцей і падлеткаў бяспечнаму карыстанню інтэрнэтам, а таксама інфармаванню бацькоў і педагогаў аб правілах бяспекі ў сеціве.