Арт-праект, прымеркаваны да 100-годдзя банка, папоўніўся яшчэ адным творам — мастацкім роспісам 9-павярховага жылога дома ў Гродне на Бульвары Ленінскага камсамола, 29. Вышыня малюнка — 30 м. Сюжэт традыцыйна звязаны з мінулым гэтага горада.
У цэнтры манументальнай карціны — кавалак бурштыну ў руцэ веласіпедыста. У бурштыне ў промнях ўзыходзячага сонца пераліваецца, нібы застылая, гісторыя Гродна.
Некаторыя даследчыкі лічаць, што ў старажытнасці праз горад таксама праходзіў гандлёвы «бурштынавы шлях». Гандаль па Нёмане заўсёды быў арыентаваны на Балтыйскае мора, якое асацыюецца ў першую чаргу з бурштынам. Ва ўсе часы вырабы з яго былі абярэгамі, сімваламі дабрабыту і заможнасці, іх лічылі застылымі кавалачкамі сонца.
Адлюстраваны ў бурштыне і дэталі гадзіннікавага механізму. Гэта адсылка да самага старадаўняга гадзіннікавага механізму ў Еўропе — гарадскога гадзінніка касцёла Святога Францыска Ксаверыя ў Гродне. Ім ужо больш за 5 стагоддзяў.
Сувязь мінулага і сучаснасці ў сюжэце паказана праз веласіпедыста – сімвал сучаснай гарадской культуры.
Унутры кавалка бурштыну можна ўбачыць і іншыя асацыяцыі са старажытным Гроднам: Барысаглебскую царкву, манеты.
Удзел у прэзентацыі роспісу прынялі прадстаўнікі Гродзенскага абласнога ўпраўлення № 400, кіраўніцтва і жыхары горада, а таксама аўтары і выканаўцы арт-праекта.
Мастацкі роспіс шматпавярховіка стане выдатным падарункам гродзенцам да Дня горада, які адсвяткуюць у наступную суботу.
Нагадаем, у рамках праекта «Традыцыі дзеля будучыні» банк разам з супольнасцю стрыт-арт мастакоў распісвае шматпавярховыя дамы ў беларускіх гарадах. Свае карціны ўжо атрымалі Пінск, Мазыр, Полацк, Бабруйск, Віцебск, Ліда, а цяпер і Гродна. На чарзе — Салігорск.
Аддзел камунікацый і рэкламы