Сёння важна своечасова рэагаваць на ўсе тэхналагічныя навіны ў галіне кібермахлярства, паколькі развіццё тэхналогій пашырае магчымасці не толькі для карыстальнікаў, але і для кіберзлачыннасці. Пытанні развіцця плацежнага рынку Беларусі ў кантэксце забеспячэння кібербяспекі плацяжоў упершыню абмеркавалі падчас пасяджэння Пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Савета Рэспублікі. Анлайн-мерапрыемства прайшло з удзелам сенатараў, прадстаўнікоў Нацыянальнага банка, буйных банкаў Беларусі і Міністэрства ўнутраных спраў РБ.
На думку члена Савета Рэспублікі, старшыні праўлення «Беларусбанка» Віктара Ананіча, сёння важна, каб усе зацікаўленыя бакі ішлі ў нагу з часам і больш пільна сачылі за ўкараненнем тэхналагічных навінак. Улічваючы маштаб і актуальнасць праблемы для нашых грамадзян, неабходна ўнесці істотныя змяненні ў заканадаўчыя акты ў частцы прадухілення розных хітрасцей кібермахляроў на найбліжэйшыя 3-5 гадоў. Гэта дазволіць зрабіць і банкаўскую сістэму, і сістэму ўсіх плацяжоў у цэлым больш бяспечнай. Па словах сенатара, часта грашовых сродкаў кліенты банкаў пазбаўляюцца па няведанні або наіўнасці. Зараз, як адзначыў Віктар Ананіч, рэдка можна сустрэць чалавека, у якога няма або не было хаця б адной банкаўскай плацежнай карткі. Несумненна, «пластык» зручны ў абыходжанні – не трэба насіць з сабой буйныя сумы наяўных, пры неабходнасці можна здзейсніць плацеж не на пошце ці ў банку, а праз інтэрнэт-банкінг або нават па QR-кодзе.
У час дыскусіі бакоў на мерах па супрацьдзеянні махлярству, прымаемых найбуйнейшым банкам краіны, дэталёва спыніўся намеснік старшыні праўлення Аляксандр Ягораў. Ён падкрэсліў, што з распаўсюджваннем безнаяўнай аплаты ва ўладальнікаў «пластыка» з’явіліся свае рызыкі. У віртуальнай прасторы сталі ўкараняцца такія з’явы, як «скімінг», «вішынг» і «фішынг», і, такім чынам, стала ўзрастаць колькасць тых, хто па няведанні або наіўнасці пазбавіўся сваіх зберажэнняў.
Свае намеры кіберзлодзеі маскіруюць – прадстаўляюцца работнікамі банкаў, пішуць з узламаных акаўнтаў сяброў уладальніка карткі ў сацыяльных сетках. Для чаго ім гэта патрэбна? Усё проста – ключом да асабовага рахунку з’яўляецца картка і яе рэквізіты: нумар карты, тэрмін дзеяння і CVV-код з адваротнага боку, пры неабходнасці код пацвярджэння з SMS-паведамлення. Гэтыя даныя, як правіла, запытваюць пры плацяжах і разліках у інтэрнэце.
Варта адзначыць, што ў апошні час пачасціліся выпадкі вішынг-атак у дачыненні да трымальнікаў «пластыка». Гэта азначае, што зламыснікі спрабуюць атрымаць персанальную інфармацыю, выдаючы сябе за работнікаў банка і спецыялістаў іншых арганізацый.
У сваю чаргу, банк на пастаяннай аснове інфармуе кліентаў праз перадачы на тэлебачанні, радыё, размяшчэнне матэрыялаў у друкаваных выданнях і сацыяльных сетках аб безумоўным выкананні Правіл бяспечнага выкарыстання банкаўскай плацежнай карткі.
«Беларусбанк» таксама ажыццяўляе дапрацоўку сэрвісаў Інтэрнэт-банкінг і М-банкінг з мэтай укаранення правіл, якія дазваляюць выяўляць падазроныя дзеянні ў каналах дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання, блакіраваць іх на раннім этапе – да крадзяжу грашовых сродкаў.
У цэлым, сёння махляры выкарыстоўваюць розныя падставы, каб атрымаць звесткі аб рэквізітах плацежных карт і астатках па рахунках, даведацца коды з SMS-паведамленняў ад банка, выманіць пашпартныя даныя. А каб усыпіць пільнасць, звяртаюцца па імнені і імені па бацьку або называюць нумар карты кліента.
У такіх сітуацыях варта памятаць, што супрацоўнікі банка не маюць неабходнасці ўдакладняць у кліентаў якія-небудзь персанальныя даныя – фінансавыя ўстановы валодаюць імі ў поўным аб’ёме з самага пачатку абслугоўвання. Пры найменшым падазрэнні на недобрасумленнасць субяседніка спасылайцеся на занятасць, спыніце размову і самі патэлефануйце ў банк, каб пераканацца ў сваёй бяспецы.
Па выніках анлайн-мерапрыемства ўдзельнікі выказалі надзею, што ўсе ключавыя прапановы знойдуць адлюстраванне ў праекце ўказа аб супрацьдзеянні кіберпагрозам у банкаўскай сферы, які распрацоўваецца Нацыянальным банкам.