У Нацыянальным гістарычным музеі адкрылася выстава «Скарбонка добрых дробязей» - першы сумесны праект, арганізаваны пры ўдзеле «Беларусбанка». На ёй прадстаўлена частка калекцыі банкаўскага музея: антыкварныя скарбонкі і ўнікальныя паштоўкі канца XIX - пачатку XX стагоддзя з выявай ашчадных кас.
Самы рарытэтны экспанат - скарбонка для ахвяраванняў часоў Льва Сапегі. Самы разумны - скарбонка «Зберажэнне - шлях да багацця», якая магла складваць манеты розных наміналаў і адчынялася толькі ў тым выпадку, калі накоплена пэўная сума.
Галоўная ідэя праекта - стварыць выставачную прастору, якая раскрывае вобраз банка як месца для добрых спраў, дзе рэалізуюцца сацыяльныя праекты і падтрымліваецца нацыянальная культура.
«Надзейнасць - менавіта з гэтым словам у жыхароў краіны асацыіруецца «Беларусбанк». На працягу 97 гадоў мы захоўваем грашовыя сродкі нашых кліентаў, зберагаем гісторыю дзяржавы і, вядома, захоўваем нацыянальную культуру. У нашым банку створаны музей гісторыі ашчаднай справы. Калекцыя пастаянна папаўняецца: сёння яна налічвае больш за 4000 экзэмпляраў», — адзначыла намеснік старшыні праўлення найбуйнейшага банка Таццяна Міхайлоўская.
На цырымоніі адкрыцця выставы дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Павел Сапоцька і намеснік старшыні праўлення банка Таццяна Міхайлоўская падпісалі мемарандум аб супрацоўніцтве. Дакумент дасць магчымасць умацаваць партнёрскія адносіны і ажыццявіць новыя сумесныя праекты.
Выстава будзе доўжыцца да 29 сакавіка. Наведвальнікі могуць прыняць удзел у майстар-класах і зрабіць памятныя здымкі на інтэрактыўнай фотазоне.
Аддзел камунікацый