У мінулую суботу на Мінскім моры прайшоў першы афіцыйны дабрачынны заплыў на адкрытай вадзе Blue Dragon Race, генеральным партнёрам якога выступіў «Беларусбанк».
40 смельчакоў пакаралі пяцікіламетровую дыстанцыю, каб дапамагчы падапечнаму дабрачыннага фонду «Шанс» Іллі Лісткову ў лячэнні нейрабластомы.
Падтрымаць плыўцоў прыехаў таксама член паралімпійскай зборнай па плаванні Аляксей Талай: «Вядома, я падтрымліваю такія ініцыятывы. Мне ўдалося выжыць толькі таму, што з самага дзяцінства актыўна займаўся спортам і мой арганізм быў падрыхтаваны да сур'ёзнага выпрабавання, калі ў адну секунду я страціў рукі і ногі».
Па словах удзельнікаў заплыву, пераплысці Мінскае мора значна складаней, чым Басфор, паколькі вада ў ім не салёная і не трымае плыўцоў. Аднак нягледзячы на гэта на процілеглым беразе вадаёма ўжо праз 1 гадзіну і 10 хвілін фінішаваў першы плывец.
Праз год, паабяцалі арганізатары, абавязкова арганізуюць яшчэ адзін такі заплыў. Упэўнены: удзельнікаў будзе больш.
Аддзел камунікацый