Выдадзеная пры фінансавай падтрымцы ААТ «ААБ Беларусбанк» кніга «Банкаўская справа Беларусі. Гісторыя» ўдастоена самых высокіх ацэнак журы Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі» і перамогі ў спецыяльнай намінацыі «У люстэрку часу».
Дыплом «Залаты фаліянт» і статуэтка «За партнёрства і значны ўклад у нацыянальнае кнігавыданне» былі ўручаны падчас урачыстай цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў у рамках ХХV Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу.
На фота: мастак Валянцін Губараў і начальнік прэс-службы ААТ «ААБ Беларусбанк» Ларыса Грынько падчас цырымоніі ўручэння ўзнагарод
У кнізе «Банкаўская справа Беларусі. Гісторыя» разглядаюцца этапы станаўлення грашовага абарачэння і фарміравання банкаўскай справы на беларускіх землях. Аўтарскім калектывам Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі пад кіраўніцтвам прафесара Сяргея Віцязя і ТДА «Беловагрупп» праведзены грунтоўныя гістарычныя даследаванні інстытуцыялізацыі банкаў у Беларусі. Кніга багата ілюстравана.
Даведачна: LVIІ Нацыянальны конкурс «Мастацтва кнігі» праводзіцца Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь у мэтах вызначэння лепшых выдавецкіх праектаў, якія сталі падзеяй у нацыянальным кнігавыдаўніцтве, павышэння мастацкай і паліграфічнай культуры беларускай кнігі, далейшага развіцця кніжнага мастацтва, папулярызацыі лепшых дасягненняў выдавецтваў рэспублікі.
На конкурс паступіла 148 выданняў ад 34 арганізацый, якія ажыццяўляюць выдавецкую дзейнасць.
62 выданні былі адабраны па выніках рэйтынгавага галасавання мастацка-экспертнай камісіі на разгляд аўтарытэтнага журы, у складзе якога вядомыя дзеячы культуры і мастацтва, прадстаўнікі творчых саюзаў. Пераможцы вызначаны ў 16 намінацыях.
Прэс-служба ААТ «ААБ Беларусбанк»