ААТ «ААБ Беларусбанк» прафінансуе набыццё МАЗам камплектуючых для вырабу тэхнікі ў рамках кантракта паміж ААТ «МАЗ» – кіруючая кампанія холдынга «БЕЛАЎТАМАЗ» і СП ТАА «МАЗ-АЗІЯ». Гэта здзелка прадугледжвае пастаўку ў В’етнам 200 машынакамплектаў аўтамабіляў «МАЗ» і 200 адзінак аўтатэхнікі на агульную суму 18,1 млн долараў ЗША.
Гэта стала тэмай рабочай сустрэчы старшыні праўлення ААТ «ААБ Беларусбанк» Віктара Ананіча з генеральным дырэктарам ААТ «МАЗ» – кіруючая кампанія холдынга «БЕЛАЎТАМАЗ» Дзмітрыем Кацярынічам. Сустрэча кіраўнікоў пачалася са знаёмства з экспазіцыяй выпускаемай холдынгам прадукцыі.
Грузавая тэхніка МАЗа прадстаўлена лінейкай аўтамабіляў ад сярэдняга да цяжкага класа, якая складаецца з 137 мадэляў і 410 мадыфікацый. Акрамя таго, Мінскі аўтамабільны завод выпускае пасажырскую тэхніку – 12 базавых мадэляў і 43 мадыфікацыі аўтобусаў, а таксама шырокую гаму прычапной і грузапад’ёмнай тэхнікі.
Дзмітрый Кацярыніч расказаў пра планы развіцця завода на бліжэйшы час, меры па павелічэнні аб’ёмаў вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі, у тым ліку на экспарт.
«МАЗ – наш старадаўні і ўстойлівы партнёр, у 2006 годзе Мінскаму аўтамабільнаму заводу прысвоены статус карпаратыўнага кліента першага класа ААТ "ААБ Беларусбанк". Пачатак дзелавых адносін банка з прадпрыемствам быў пакладзены больш чым 30 гадоў назад, у 1979 годзе. Аднымі з першых у краіне работнікі завода былі пераведзены на атрыманне заработнай платы праз "ашчадкасу", – расказаў Віктар Ананіч. – З 2004 года аб’яднанне знаходзіцца на разлікова-касавым абслугоўванні ў нашым банку. У цяперашні час карыстаецца практычна ўсім спектрам паслуг».
Бакі пацвердзілі гатоўнасць да далейшага супрацоўніцтва.
Даведка:
Холдынг «БЕЛАЎТАМАЗ» з’яўляецца адным з найбуйнейшых прамысловых аб’яднанняў у Рэспубліцы Беларусь, найбуйнейшы вытворца грузавой камерцыйнай і пасажырскай тэхнікі. Колькасць персаналу, занятага ў холдынгу, складае каля 22 тысяч чалавек.
У склад холдынга «БЕЛАЎТАМАЗ» уваходзяць: адкрытае акцыянернае таварыства «Мінскі аўтамабільны завод» – кіруючая кампанія холдынга «БЕЛАЎТАМАЗ», адкрытае акцыянернае таварыства «Баранавіцкі аўтаагрэгатны завод», адкрытае акцыянернае таварыства «Асіповіцкі завод аўтамабільных агрэгатаў», адкрытае акцыянернае таварыства «Кузнечны завод цяжкіх штамповак», адкрытае акцыянернае таварыства «Дзяржынскі эксперыментальна-механічны завод», адкрытае акцыянернае таварыства «Клецкі мехзавод», адкрытае акцыянернае таварыства «Гродзенскі механічны завод», адкрытае акцыянернае таварыства «ВолМет», адкрытае акцыянернае таварыства «ТАіМ», адкрытае акцыянернае таварыства «Брэстмаш», таварыства з абмежаванай адказнасцю «Завод аўтамабільных прычэпаў і кузавоў «МАЗ-Купава», сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства «АграМАЗ».
Прэс-служба ААТ «ААБ Беларусбанк»