Навіны банка і прэс-рэлізы
14.04.2017

«Беларусбанк» атрымаў дыплом «Мецэнат культуры Беларусі 2016» (прэс-рэліз)

Урачыстая цырымонія адбылася 13 красавіка 2017 года ў Малой зале Палаца Рэспублікі. ААТ «ААБ Беларусбанк» атрымала дыплом «Мецэнат культуры Беларусі 2016 года» за ўклад у равіццё і папулярызацыю беларускай культуры. Дарэчы, гэта ўжо трэцяя падобная ўзнагарода банка. За падтрымку праектаў рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню дыпломы «Мецэнат культуры Беларусі» былі ўручаны «Беларусбанку» ў 2015 і 2016 гадах.

«Як камерцыйная арганізацыя банк апрыёры павінен у аснову ставіць эканамічную выгаду. Але будуючы паспяховы бізнес, мы арыентуемся не толькі на атрыманне прыбытку. Многае робім для ўмацавання сацыяльнага дабрабыту нашай краіны і, канешне ж, росквіту культуры Беларусі. Абавязак кожнага з нас – берагчы і ўзбагачаць яе, перадаваць з пакалення ў пакаленне. Таму падтрымка культуры – адна з найважнейшых сацыяльна значных праграм “Беларусбанка”. Мы надавалі і будзем надаваць гэтай сферы пільную ўвагу», – падкрэсліў намеснік старшыні праўлення ААТ «ААБ Баларусбанк» Уладзімір Стрыхар.

 mecenat

Традыцыя ўзнагароджваць мецэнатаў існуе адвеку. У Беларусі яна адрадзілася ў 2012 годзе. Гэта форма ўдзячнасці міністэрства культуры бізнесу за фінансаванне міжнародных кіна- і тэатральных фестываляў, музычных форумаў, конкурсаў, дапамога па стварэнні і ўстаноўцы помнікаў знакамітым асобам, уклад у развіццё ў Беларусі музейнай справы і арганізацыю буйных выставачных праектаў.

Калі гаварыць пра канкрэтныя праекты, неабходна ўзгадаць, што ў 2016 Год культуры «Беларусбанк» выступіў Генеральным партнёрам конкурса на стварэнне твораў для драматычнага тэатра «Францыск Скарына і сучаснасць», прысвечанага 525-годдзю з дня нараджэння беларускага першадрукара і 500-годдзю беларускага кнігавыдання. Пры фінансавай падтрымцы банка ў мінулым годзе прайшло традыцыйнае свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў») у аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці. Таксама «Беларусбанк» выступіў Генеральным партнёрам III Мінскага Каляднага конкурса вакалістаў, аказаўшы Нацыянальнаму акадэмічнаму Вялікаму тэатру оперы і балета Рэспублікі Беларусь бязвыплатную (спонсарскую) дапамогу на фарміраванне прызавога фонду. На сродкі банка для Гомельскага палацава-паркавага ансамблю набыты ўнікальны музейны экспанат і найважнейшы гістарычны дакумент – фотаальбом «Homel 1911» з выявамі відаў парка і інтэр’ераў палаца. Дабрачынную дапамогу ад банка атрымаў ансамбль «Харошкі».

У цэлым, «Беларусбанк» рэалізуе шэраг грамадска значных праграм. Гэта «Бацькоўскі кут», «Пераможам разам», «Мост у будучыню», «Вектар дабрыні». Усё, што датычыцца культуры, аб’яднана ў праграму «Прастора натхнення».

 mecenat2

mecenat3

 mecenat4

 mecenat6

 mecenat5

 

Прэс-служба ААТ «ААБ Беларусбанк»