«Пра бізнес, для бізнесу» — новая канцэпцыя карпаратыўнага часопіса «PRO Беларусбанк». У рамках яе мы не ставілі мэтай сутыкнуць бізнесменаў ілбамі або прасіць іх выказаць меркаванне пра канкурэнтаў. Галоўная задача, якую мы паставілі сабе ў гэтым годзе, — высветліць, як адчуваюць сябе сёння ігракі беларускага рынку, з якімі праблемамі сутыкаюцца, як будуюць работу і як яе бачаць у будучым. І ці бачаць.
Першы нумар прысвечаны малому і вялікаму бізнесу. У ім намеснік старшыні «Беларусбанка» Аляксандр Паліўка расказвае аб тым, як банк падтрымлівае малы і сярэдні бізнес. Кіруючы партнёр кампаніі «Зубр Капітал» Цімафей Марцынкевіч разважае, куды варта інвесціраваць у нашай краіне і ці варта ўвогуле. Галоўны спецыяліст Цэнтра стратэгічнага развіцця і эканамічных даследаванняў банка Максім Емельянаў адказвае на пытанне: чаму ў нашай краіне не развіваецца малы бізнес? Прадстаўнікі кніжнага і скургалантарэйнага бізнесу расказваюць, як працуюць ва ўмовах крызісу, а тры беларускі – як размяркоўваюць ўласныя фінансы. Журналіст «PRO Беларусбанк» з’ездзіла ў Цэнтр кіравання палётамі ў расійскім Каралёве і зрабіла адтуль фотарэпартаж. Чытайце, глядзіце. Далей – больш.