У рамках сацыяльнага праекта «Прастора натхнення» ААТ «ААБ Беларусбанк» выступіла ў ролі Генеральнага партнёра Мінскага міжнароднага Каляднага конкурсу вакалістаў, які праходзіў у Мінску з 7 па 13 снежня 2016 года.
У беларускую сталіцу прыехалі 120 выканаўцаў з 16 краін: Арменіі, Беларусі, Грузіі, Казахстана, Канады, Кітая, Карэі, Латвіі, Літвы, Малдовы, Манголіі, Польшчы, Расіі, Турцыі, Узбекістана і Украіны.
Конкурс праходзіў у тры туры, першыя два – з канцэртмайстрам, трэці – у суправаджэнні аркестра пад кіраўніцтвам іспанскага дырыжора Даніэля Мантанэ. Заключны тур спявацкіх спаборніцтваў прайшоў 13 снежня 2016 г. на сцэне Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь. У фінале змагаліся 10 выканаўцаў. У гала-канцэрце таксама прынялі ўдзел пераможцы конкурсу мінулых гадоў.
Гран-пры атрымаў Цігран Аганян з Арменіі. Першае месца дасталося прадстаўніку Расіі Андрэю Нямзеру, які ўразіў гледачоў і журы выкананнем арыі Ратміра з оперы «Руслан і Людміла». Дыплом лаўрэату ўручыў намеснік старшыні праўлення ААТ «ААБ Беларусбанк» Уладзімір Занько.
Кіраўнік падкрэсліў, што банк традыцыйна з’яўляецца генеральным партнёрам конкурсу і вось ужо на працягу трох гадоў не застаецца абыякавым да такой значнай культурнай падзеі года.
«Правядзенне такога маштабнага вакальнага спаборніцтва прэстыжна і для банка, і для краіны, і вельмі неабходна выканаўцам. Кожнаму артысту хочацца, каб яго талент ацанілі не толькі гледачы, але і прафесіяналы – музыкі з сусветнымі імёнамі. Я ўпэўнены, што ўдзел у конкурсе адкрывае для маладых вакалістаў унікальныя перспектывы асабістага і прафесійнага росту», – адзначыў Уладзімір Занько.
Другое месца міжнароднага конкурсу вакалістаў заняў прадстаўнік Беларусі Аляксандр Міхнюк, які выканаў у фінале арыю Ленскага з оперы «Яўгеній Анегін», трэцяе – Зарына Абаева з Расіі. Прыз сімпатый гледачоў дастаўся беларусцы Маргарыце Ляўчук.
Прэс-служба ААТ «ААБ Беларусбанк»