ААТ «ААБ «Беларусбанк» атрымала ўзнагароду чацвёртага рэспубліканскага конкурсу тэатральнага мастацтва «Нацыянальная тэатральная прэмія» ў намінацыі «Мецэнат тэатра». Цырымонія ўзнагароджання адбылася 27 лістапада ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы.
«Падтрымка культуры, адораных і таленавітых людзей з’яўляецца важным складнікам сацыяльнай палітыкі «Беларусбанка», – адзначыў намеснік старшыні праўлення ААТ «ААБ «Беларусбанк» Уладзімір Занько. – Бязвыплатная дапамога культуры ва ўсе часы прызнавалася справай годнай і высакароднай. Яго рухомая сіла – пачуццё абавязку займацца аказаннем дапамогі. І вядучы банк краіны ўзяў на сябе гэту місію з асаблівым гонарам, рэалізуючы праект «Беларусбанк. Прастора натхнення», у рамках якога аказваецца фінансавая падтрымка арганізацыям культуры і мастацтва».
Клопат аб гарманічным развіцці грамадства, дапамога тым, хто асабліва мае ў гэтым патрэбу – традыцыя, філасофія і сутнасць сістэмы каштоўнасцей калектыву «Беларусбанка», якая заўсёды ўвасабляецца ў справах. На пастаяннай аснове банк ажыццяўляе дабрачынныя ініцыятывы, аказвае дапамогу ўстановам адукацыі і развіцця дзяцей, аховы здароўя, сацыяльнай абароны, арганізацыям культуры і мастацтва, фізічнай культуры і здаровага ладу жыцця, грамадскім аб’яднанням і грамадзянам.
У 2016 годзе «Беларусбанк» выступіў адным з заснавальнікаў рэспубліканскага конкурсу па стварэнні п’ес для тэатра «Францыск Скарына і сучаснасць», прысвечанага 525-годдзю з дня нараджэння Ф.Скарыны і 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, і пералічыў грашовыя сродкі Рэспубліканскаму тэатру беларускай драматургіі на фарміраванне прызавога фонду конкурсу. Банк выступіў Генеральным партнёрам III Мінскага Каляднага конкурсу вакалістаў, а таксама аказаў Нацыянальнаму акадэмічнаму Вялікаму тэатру оперы і балета Рэспублікі Беларусь бязвыплатную (спонсарскую) дапамогу ў фарміраванні прызавога фонду.
Нацыянальная тэатральная прэмія ўручаецца з 2011 года. Арганізатарамі конкурсу з’яўляюцца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт.
Прэс-служба ААТ «ААБ Беларусбанк»