Навіны банка і прэс-рэлізы
08.11.2016

«Беларусбанк» дапамог вярнуць на радзіму ўнікальны экспанат

Дзякуючы «Беларусбанку» Палац Румянцавых і Паскевічаў у Гомелі папоўніўся яшчэ адным рарытэтам – фотаальбомам «Homel, 1911».

«Удзельнічаць у набыцці фотаальбома мы пагадзіліся неадкладна, – адзначыў на прэзентацыі начальнік філіяла № 300 – Гомельскага абласнога ўпраўлення ААТ «ААБ Беларусбанк» Аляксандр Архіпенка. – Мы рады, што праз 105 гадоў літаральна з мінулага "сведка эпохі" вернуўся дадому. Упэўнены, што гамяльчане годна ацэняць гэты падарунак».

 1

Гарадская рэліквія была куплена ў маскоўскага калекцыянера. Як падкрэсліў генеральны дырэктар палацава-паркавага ансамбля Аляксандр Госцеў, «Homel 1911» з’яўляецца ўнікальным музейным экспанатам і найважнейшым гістарычным дакументам. Альбом, які ўключае 14 здымкаў, важыць каля 20 кілаграмаў. Аформлены ён проста, але, як адзначаюць спецыялісты, дорага. «Homel 1911» зроблены ў выглядзе кніжнага блока з залатымі абрэзамі лістоў у пераплёце з натуральнай скуры. Супрацоўнікі музея ўжо заняліся яго дасканалым даследаваннем. Ёсць меркаванне, што «сведку эпохі» магла заказаць Ірына Паскевіч для высокага госця, паколькі падобныя падарункі ўручалі, як правіла, людзям высокага статусу. Пакуль таксама невядома, хто аўтар фатаграфій. Дарэчы, іх копіі ўжо прадстаўлены на выставе ў палацы. Для супрацоўнікаў і наведвальнікаў музея – гэта магчымасць лепш даведацца, як выглядалі палац і парк у пачатку мінулага стагоддзя.

 2

3

4

Дзякуючы фотаальбому некаторыя экспанаты ўжо памянялі сваю лакацыю, каб інтэр’ер палаца стаў максімальна набліжаным да таго, якім быў першапачаткова. Супрацоўнікі музея таксама спадзяюцца, што фотаальбом дапаможа вырашыць і некаторыя дылемы, якія ўзнікаюць у працэсе будаўнічых работ і рэстаўрацыі.

А вось сам альбом наведвальнікам палістаць не ўдасца – ён знаходзіцца ў выставачнай зале пад шклом.

Дарэчы, у рамках сацыяльнага праекта «Прастора натхнення» «Беларусбанк» супрацоўнічае з палацава-паркавым ансамблем з 2004 года. Банк неаднаразова аказваў фінансавую падтрымку гэтаму знакавому культурнаму аб’екту, у тым ліку і пры правядзенні рэстаўрацыйных работ.

 

 

Прэс-служба ААТ «ААБ Беларусбанк»