Навіны банка і прэс-рэлізы
17.06.2016

«Беларусбанк» рэалізуе інвестпраект па здабычы калійных салей на 1,4 млрд долараў ЗША

ААТ «ААБ Беларусбанк» і Дзяржаўны банк развіцця Кітая (ДБРК) падпісалі буйное крэдытнае пагадненне. Цырымонія падпісання, у якой прынялі ўдзел прэзідэнт ДБРК Чжэн Чжыцзэ і Старшыня Праўлення ААТ «ААБ Беларусбанк» Сяргей Пісарык, адбылася 17 чэрвеня 2016 г.

Дакумент вызначае парадак фінансавання праекта па будаўніцтве горна-абагачальнага комплекса «Славкалій» на сыравіннай базе Нежынскага ўчастка Старобінскага радовішча калійных салей (Любанскі раён, Мінская вобласць). Магутнасць прадпрыемства складзе да 2 млн тон хларыда калія ў год (які таксама называюць «калійнай соллю»).

Інвестыцыйны праект закліканы істотна нарасціць вытворчасць, умацаваць пазіцыі Рэспублікі Беларусь у якасці аднаго з найбуйнейшых і вядучых экспарцёраў калійных угнаенняў у свеце, забяспечыць падаткі і валютныя паступленні ў бюджэт краіны, а таксама занятасць насельніцтва на новых рабочых местах.

У працэсе ўзвядзення комплекса прадугледжана магчымасць газіфікацыі 21 населенага пункта Любанскага раёна, будзе пабудавана чыгуначная станцыя і 37 км чыгункі, рэканструяваны Любанскі водазабор і ачышчальныя збудаванні.

«Работа над крэдытным пагадненнем па фінансаванні будаўніцтва новага комплекса вялася даволі няпроста, але сёння, да задавальнення ўсіх бакоў, мы выйшлі на фінальную стадыю. Наперадзе чакае сур’ёзная работа. Думаю, што праект будзе рэалізаваны ў вызначаныя тэрміны і выйдзе на запланаваныя паказчыкі», – падкрэсліў Сяргей Пісарык.

Міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі, які прысутнічаў пры падпісанні дакумента, падкрэсліў, што прыезд для падпісання крэдытнага пагаднення прэзідэнта ДБРК пацвярджае паглыбленне супрацоўніцтва Беларусбанка і кітайскага фінансавага інстытута.

Актыўныя дзелавыя кантакты ААТ «ААБ Беларусбанк» і ДБРК пачаліся ў 2012 годзе – час уступлення банка ў МБА ШАС (Міжбанкаўскае аб’яднанне Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва).

«Патэнцыял нашага супрацоўніцтва мае права набыць яшчэ большую маштабнасць. Для гэтага ёсць усе падставы: кантакты, якія гістарычна склаліся, узаемаразуменне на ўсіх узроўнях, узаемны інтарэс і эканамічная выгада. Пачатак рэалізацыі такога маштабнага праекта – чарговае таму пацвярджэнне», – адзначыў Сяргей Пісарык. 

ДАВЕДКА

Дзяржаўны банк развіцця Кітая

Дзяржаўны банк развіцця Кітая (China Development Bank) (ДБРК) створаны ў 1994 г. пры рэфарміраванні дзяржаўных і камерцыйных банкаў. Мэта дзейнасці – забеспячэнне мадэрнізацыі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Дзейнасць банка напрамую падначальваецца вышэйшаму дзяржаўнаму выканаўчаму органу Кітая – Дзяржаўнаму савету.

ДБРК мае 38 філіялаў на тэрыторыі Кітая і 2 замежныя прадстаўніцтвы – у РФ і ў Егіпце.

Арганізацыйная структура і органы кіравання ДБРК

Вышэйшым органам кіравання ДБРК з’яўляецца Агульны сход акцыянераў, які дэлегуе значную частку сваіх паўнамоцтваў Савету дырэктараў, які складаецца з 13 членаў.

Колькасць  персанала ДБРК складае 7 626 чалавек.

Супрацоўніцтва з ААТ «ААБ Беларусбанк»

20.06.2011 ААТ «ААБ Беларусбанк» вызначаны ўпаўнаважаным на ўзгадненне парадку вядзення рахункаў, звязаных з перадачай бязвыплатнай дапамогі Урадам КНР Ураду РБ.

У перыяд з 2011 па 2015 ААТ «ААБ Беларусбанк» падпісаны шэраг Пагадненняў па працэдурах разлікаў з ДБРК для рэалізацыі Пагадненняў аб тэхніка-эканамічнай дапамозе паміж Урадам РБ і Урадам КНР на суму больш за 600 млн. юаней (больш за 90 млн.долараў ЗША).

28.11.2012 Падпісана Рамачнае Пагадненне паміж ААТ «ААБ Беларусбанк» і ДБРК (у форме пагаднення аб супрацоўніцтве).

30.05.2013 На базе ААТ «ААБ Беларусбанк» сумесна з ДБРК быў праведзены першы міжбанкаўскі кітайска-беларускі семінар на тэму: «Арганізацыя фінансавання інвестыцыйных праектаў у Беларусі з удзелам Дзяржаўнага банка развіцця Кітая».

20.01.2014 адбылася сустрэча Старшыні Праўлення ААТ «ААБ Беларусбанк» Пісарыка С.П. з Віцэ-Старшынёй і Прэзідэнтам ДБРК Чжэн Чжыцзэ/Джэфры (Zhen Zhijie/Jeffrey) у рамках урадавага візіту РБ у КНР.

26.09.2014 Мінфінам РБ і ДБРК падпісаны Мемарандум аб узаемапаразуменні для прыцягнення крэдытных ліній у памеры 1 млрд. USD для фінансавання беларуска-кітайскіх інвестыцыйных праектаў (300 млн. USD – ААТ «ААБ Беларусбанк»; 700 млн. USD – ААТ «Банк развіцця Рэспублікі Беларусь»).

10.05.2015  У ходзе візіту Старшыні КНР Сі Цзіньпіна (10-12 мая 2015) адбылося падпісанне:

- Генеральнага крэдытнага Пагаднення паміж ААТ «ААБ Беларусбанк» і ДБРК на атрыманне крэдытнай лініі ў памеры 300 млн. долараў ЗША.

- Чатырохбаковага Мемарандума аб узаемапаразуменні паміж Мінфінам РБ, ДБРК, ААТ «ААБ Беларусбанк», ЗТАА «Славкалій» у мэтах фінансавання праекта ЗТАА «Славкалій».