Паважаныя калегі!
Завершаны яшчэ адзін год дзейнасці ААТ «ААБ Беларусбанк». Ён быў напоўнены мноствам падзей, якія ўвойдуць у летапіс Банка. У іх ліку – прызнанне Беларусбанка пераможцам у намінацыі «Банк № 1» у Рэспубліцы Беларусь прэстыжнага Міжнароднага фестываля-конкурса «Выбар года».
Па большасці паказчыкаў Беларусбанк у 2015 годзе захаваў лідзіруючыя пазіцыі ў банкаўскай сферы краіны. Гэты вынік стаў магчымым дзякуючы руплівай працы ўсіх супрацоўнікаў – ад радавога спецыяліста да кіраўніка вышэйшага звяна, іх адданасці справе і творчай ініцыятыве.
Нягледзячы на няпростыя эканамічныя ўмовы, у мінаючым годзе Банк прадоўжыў рэалізацыю стратэгічных задач, інвеставаў значныя фінансавыя рэсурсы ў мадэрнізацыю эканомікі краіны, жыллёвае будаўніцтва, укараніў новыя тэхналогіі абслугоўвання кліентаў, сфарміраваў кадравы рэзерв маладых і перспектыўных спецыялістаў, ствараючы аснову, якая дазваляе ўпэўнена рухацца на шляху далейшага развіцця.
Надыходзячы 2016 год таксама не абяцае быць лёгкім. Тым не менш, няма сумненняў у тым, што калектыў Банка справіцца з усімі пастаўленымі задачамі і выклікамі. Беларусбанк – гэта каманда прафесіяналаў, якія ўмеюць дзейнічаць зладжана і эфектыўна.
Віншую усіх вас з Новым годам і Калядамі!
У гэтыя радасныя святочныя дні хачу пажадаць вам, перш за ўсё, здзяйснення жаданняў. Няхай 2016 год будзе поўны прыемных падзей, радасных сустрэч, новых адкрыццяў і цудоўнага настрою, усё задуманае ажыццявіцца, здароўе не падвядзе, а блізкія заўсёды будуць побач!
Здароўя, шчасця, дабрабыту і ўдачы ва ўсім!
Амарын Уладзімір Віктаравіч,
Старшыня Наглядальнага савета ААТ «ААБ Беларусбанк»