28 мая 2015 года на БМЗ уведзена ў эксплуатацыю паветрараздзяляльная ўстаноўка. Інвестыцыйны праект рэалізаваны пры крэдытнай падтрымцы «Беларусбанка».
Намеснік старшыні праўлення ААТ «ААБ Беларусбанк» Аляксандр Паліўка ў час цырымоніі адкрыцця прадпрыемства адзначыў, што фінансаванне ажыццяўлялася за кошт уласных сродкаў банка, частка рэсурсаў была прыцягнута з-за мяжы. Кіраўнік запэўніў, што банк падтрымліваў і будзе падтрымліваць праекты, закліканыя працаваць на айчынную эканоміку.
Даведка: Паветрараздзяляльная ўстаноўка заклікана забяспечваць сыравінную бяспеку металургічнай вытворчасці БМЗ. У прыватнасці, яна дазволіць поўнасцю закрыць патрэбу завода ў прадуктах раздзялення паветра і выключыць закупку вадкага кіслароду, у тым ліку па імпарце. Побач з кіслародам тут таксама будуць вырабляцца вадкія і газападобныя азот і аргон. Магутнасць устаноўкі прадугледжвае вытворчасць да 10 000 нм3/час газападобнага кіслароду, што дазволіць прадпрыемству адысці ад закупкі гэтага рэсурса. Ва ўмовах нарошчвання магутнасцяў электрасталеплавільнай вытворчасці гэта мае асобую значнасць. Частка прадукцыі будзе накіроўвацца на іншыя прадпрыемствы Гомельскай вобласці. Да ўсяго, створана 40 новых працоўных месцаў.
Для будаўніцтва аб’екта было створана сумеснае прадпрыемства СТАА «БМЗ-ГКС». Партнёрамі БМЗ выступілі ТАА «БЕЛМЕТ Хандельсгезелльшафт м.б.к.» (Аўстрыя), ТАА «Белшталь Ауссенхандель ГмбХ» (Германія), ТАА «Айрон Трейд» і ААТ «Псковвтормет» (Расія).
Прэс-служба ААТ «ААБ Беларусбанк»