Навіны банка і прэс-рэлізы
21.05.2015

«Беларусбанк» павіншаваў Наталлю Цылінскую з нараджэннем сына (прэс-рэліз)

Самая тытулаваная беларуская велагоншчыца, у калекцыі трафеяў якой восем залатых медалёў чэмпіянатаў свету, «бронза» Алімпійскіх гульняў 2004 года ў Афінах, а таксама 27 перамог на этапах Кубку свету, Наталля Цылінская доўгі час з’яўлялася рэкламным тварам «Беларусбанка». Грандыёзныя поспехі спартсменкі спрыялі таму, каб Беларусь стала вядомай на міжнароднай спартыўнай арэне. А супрацоўніцтва з банкам працавала на ўмацаванне яго пазітыўнага іміджу.

У цяперашні час жыццё знакамітасці напоўнена сямейнымі клопатамі. 23 красавіка яна нарадзіла сына. Гэта чацвёртае дзіця ў шчаслівай сям’і. Павіншаваць чароўную шматдзетную маму прыехалі прадстаўнікі банка. Уручаючы падарункі, намеснік старшыні праўлення ААТ «ААБ Беларусбанк» Уладзімір Занько адзначыў, што настойлівасць у дасягненні пастаўленай мэты і здольнасці дазволілі ёй не раз уздымацца на найвышэйшыя прыступкі п’едэсталаў сусветных першынстваў. Да звання 8-кратнай чэмпіёнкі свету цяпер дадалося званне 4-кратнай мамы, і застаецца чакаць новых рэкордаў у нялёгкай і высакароднай справе – выхаванні дзяцей.

«Дзеці – гэта мае самыя галоўныя медалі», – не без гонару заўважыла Наталля Цылінская.

Здароўя, міру і дабра пажадала старшыня савета ветэранаў ААТ «ААБ Беларусбанк» Надзея Ермакова.

Калектыў «Беларусбанка» жадае Наталлі Цылінскай фізічнай і душэўнай сілы і невычарпальнай энергіі!

 Прэс-служба ААТ «ААБ Беларусбанк»