Навіны банка і прэс-рэлізы
19.03.2015

«Беларусбанк» выступіў спонсарам міжнароднай канферэнцыі «Беларусь і СНД: гандлёвае фінансаванне 2015» (прэс-рэліз)

«Беларусбанк» выступіў Генеральным спонсарам міжнароднай канферэнцыі «Беларусь і СНД: гандлёвае фінансаванне 2015», якая адкрылася 18 сакавіка 2015 года ў Мінску. Яе арганізатарам выступіла кампанія Worldwide Expert Conferences Ltd.

Канферэнцыя сабрала пад сваёй эгідай прадстаўнікоў банкаўскага і карпаратыўнага сектару краін СНД, а таксама заходнюю інвестыцыйную супольнасць для аналізу магчымасцей і стратэгіі супрацоўніцтва ў галіне гандлёвага фінансавання. Прысутнічалі прадстаўнікі фінансавых колаў Германіі, Чэхіі, Польшчы, Расіі, Славакіі, Аўстрыі, Італіі і інш.

Першы дзень мерапрыемства прысвечаны Рэспубліцы Беларусь. У цэнтры ўвагі быў агляд эканамічнага клімату краіны, перспектывы беларускай эканомікі на 2015 год, роля Беларусі на глабальнай фінансавай арэне, патрэбы беларускага рынку ў экспартным і гандлёвым фінансаванні.

Вітаючы прысутных, старшыня праўлення ААТ «ААБ Беларусбанк» Сяргей Пісарык адзначыў, што падобныя сустрэчы дэманструюць палітыку адкрытасці краіны, дзе мае месца фінансавая стабільнасць, прадказальнасць вядзення, а таксама яе бездакорная крэдытная гісторыя бізнесу.

image2

«Мы бачым жаданне заходніх партнёраў весці канструктыўны дыялог. Для «Беларусбанка» развіццё міжнароднага бізнесу з’яўляецца прыярытэтным напрамкам. А гэта шырокі спектр прадуктаў у галіне гандлёвага, звязанага фінансавання, дакументарных аперацый, экспартнага і перадэкспартнага крэдытавання ва ўзаемадзеянні з нацыянальнымі і міжнароднымі страхавымі кампаніямі, а таксама садзеянне ў правядзенні дзелавых сустрэч, прэзентацый, кансультацый як у Беларусі, так і за яе межамі, - падкрэсліў кіраўнік. - Толькі за мінулы год нам удалося прыцягнуць у нацыянальную эканоміку замежных крэдытных рэсурсаў у аб’ёме 3,5 млрд. долараў у эквіваленце».

Нягледзячы на дасягнутыя поспехі, патэнцыял далёка не вычарпаны. У гэтай сувязі Сяргей Пісарык запрасіў прыняць удзел у рэалізацыі банкаўскіх пачынанняў, інвестыцыйных праектаў яго кліентаў, выказаўшы ўпэўненасць, што вынікам агульных намаганняў стане далейшае ўмацаванне ўзаемавыгадных сувязей ва ўсіх напрамках дзейнасці.

Першы намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь Тарас Надольны назваў канферэнцыю знакавым мерапрыемствам. Тэма яго выступлення – макраэканамічная сітуацыя Рэспублікі Беларусь і аналіз тэндэнцый функцыянавання банкаўскага сектару.

Канферэнцыя ўключае тэматычныя дыскусіі, прэзентацыі і даследаванні паспяховых здзелак у сферы гандлёвага фінансавання ў Беларусі. Падтрымліваючы падобныя праекты, «Беларусбанк» пацвярджае сваё крэда – працаваць на імідж краіны і яе эканоміку. Такога кшталту сустрэчы дэманструюць гатоўнасць абмяркоўваць узаемна карысныя і выгадныя ідэі і ініцыятывы, садзейнічаюць поспеху дзелавых кантактаў на міжнародным узроўні.

Прэс-служба ААТ «ААБ Беларусбанк»

Жадаеце заўсёды быць у курсе апошніх навін? Падпішыцеся!