Навіны банка і прэс-рэлізы
22.01.2015

«Беларусбанк» пабудаваў яшчэ адзін катэдж для дома сямейнага тыпу (прэс-рэліз)

Урачыстая цырымонія адкрыцця дзіцячага дома сямейнага тыпу ў г. Быхаве адбылася 21 студзеня 2015 года.

Ключы ўручаны сям’і Вольгі і Алега Шушлаковых. Маючы дваіх сваіх дзяцей, бацькі з 2006-га года выхавалі шасцярых прыёмных. У цяперашні час узялі на выхаванне пецярых хлопчыкаў ва ўзросце ад пяці да чатырнаццаці гадоў. Новы дом уяўляе сабой двухпавярховы катэдж агульнай плошчай 323,1 кв.м. У ім дзесяць спальняў, зала для гульні, гасцёўня, кухня, два ванныя пакоі і санвузлы на кожным паверсе, а таксама летняя тэраса для адпачынку. Праектам прадугледжаны гаспадарчы хлеў для хатняй жывёліны і садовага інвентара са склепам.

Будаўніцтва банкам жылых дамоў для сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей-сірот і дзяцей, застаўшыхся без апекі бацькоў, ажыццяўляецца ў рамках дабрачыннага сацыяльнага праекта «Беларусбанк. Бацькоўскі кут».

«У дзіцячым доме нельга напоўніць любоўю кожнага дзіцяці і стварыць такія ж цёплыя адносіны, якімі яны бываюць у добрай сям’і. Таму падобны дом – гэта як раз імкненне да таго, каб замяніць дзіцяці, якое трапіла ў цяжкую сітуацыю, сям’ю, - адзначыў у сваім прывітальным слове на цырымоніі старшыня праўлення банка Сяргей Пісарык. - На сённяшні дзень банк пабудаваў 14 катэджаў для дамоў сямейнага тыпу, дапамог з іх добраўпарадкаваннем. І працягваем дапамагаць гэтым сем’ям, можна сказаць, апякаем іх. - Мы цвёрда маем намер рэалізоўваць гэты важны сацыяльны праект і далее, а таксама аказваць неабходную падтрымку шматдзетным сем’ям. Банк пазіцыяніраваў і будзе пазіцыяніраваць сябе сацыяльна адказным брэндам», - запэўніў ён.

Як адзначыў прысутны на мерапрыемстве старшыня Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі, гэты сацыяльны аб’ект мае вялікае значэнне не толькі для Быхава, вобласці, але і ў цэлым для краіны: «Наша дзяржава надае вялікую ўвагу інстытуту сям’і, і асабліва дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў. Адно з галоўных патрабаванняў кіраўніка дзяржавы – каб кожнае дзіця, якое пражывае ў Беларусі, выхоўвалася ў сям’і. Няхай гэта будзе сям’я родная ці прыёмная, але дзіця павінна адчуваць блізкае плячо дарослага чалавека, бацькоўскую цеплыню». У краіне і рэгіёне рэалізуецца праграма па будаўніцтве дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, каб адыйсці ад буйных інтэрнатных устаноў. Толькі за апошнія шэсць гадоў у Беларусі колькасць такіх устаноў скарацілася ў пяць разоў.

У Магілёўскай вобласці гэта ўжо 47-ы дзіцячы дом сямейнага тыпу. У іх выхоўваюцца 324 дзіцяці, або 80% дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. «У гэтых сем’ях дзеці зусім па-іншаму развіваюцца, атрымліваюць добры ўзровень адукацыі. Гэта адпавядае сацыяльнай палітыцы, якая праводзіцца ў краіне», - падкрэсліў губернатар. Ён выказаў словы асаблівай падзякі прыёмным бацькам за тое, што яны займаюцца такой сур’ёзнай працай.

На фота (злева направа): Дзмітрый Калееў, старшыня Быхаўскага райвыканкама, Сяргей Пісарык, старшыня праўлення ААТ «ААБ Беларусбанк», Алег Шушлакоў, бацька-выхавацель, Уладзімір Даманеўскі, старшыня Магілёўскага аблвыканкама

Прэс-служба ААТ «ААБ Беларусбанк»

Жадаеце заўсёды быць у курсе апошніх навін? Падпішыцеся!