Навіны банка і прэс-рэлізы
19.12.2014

«Беларусбанк» набыў новыя аўтамабілі для паліклінік Гродна (прэс-рэліз)

З мэтай умацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў аховы здароўя Гродзеншчыны ААТ “ААБ Беларусбанк” выдаткавала сродкі на набыццё чатырох аўтамабіляў беларускай вытворчасці. Новыя “Geely” былі перададзены гарадскім паліклінікам №4 і №5, а таксама дзіцячай паліклініцы №2 г. Гродна.

Урачыстая цырымонія перадачы адбылася 18 снежня 2014 года на цэнтральнай плошчы горада.

У іпрэзе прынялі ўдзел старшыня праўлення ААТ “ААБ Беларусбанк” Сяргей Пісарык, начальнік філіялала № 400-Гродзенскага абласнога ўпраўлення ААТ “ААБ Беларусбанк” Іван Гоман, старшыня Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта Мечыслаў Гой, намеснік старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Віктар Лісковіч, начальнік упраўлення аховы здароўя Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Андрэй Трыжак, галоўныя ўрачы гарадскіх паліклінік, работнікі “Беларусбанка” і прадстаўнікі ўстаноў аховы здароўя.

Як падкрэсліў у сваім прывітальным слове Сяргей Пісарык, дабрачынная акцыя ажыццяўляецца ў рамках праграмы “Беларусбанк. Вектар дабрыні” і была прадыктавана сацыяльнай адказнасцю бізнесу старэйшага банка краіны.

Банк рэалізоўвае мноства сацыяльна значных праектаў, аб’яднаных у 5 сістэматызаваных праграм, і аказвае дапамогу тым, хто сапраўды мае ў гэтым патрэбу.

“Падтрымліваючы гуманітарную сферу, “Беларусбанк” пазіцыяніруе сябе ўстановай з дзяржаўным падыходам, сацыяльна адказным брэндам з высокай планкай каштоўнасцей, - заявіў кіраўнік - Тых каштоўнасцей, на чым, уласна, і трымаецца свет”.

Галоўны ўрач Цэнтральнай гарадской паліклінікі Аляксандр Раманчук выказаў словы ўдзячнасці ў адрас “Беларусбанка” за своечасовую і вельмі запатрабаваную дапамогу. Машыны будуць выкарыстаны для абслугоўвання неадкладных і аддаленых выклікаў, для дапамогі хоспісным хворым, для наведвання цяжка хворых. “Дзякуючы “Беларусбанку” жыхары Гродна змогуць атрымліваць прафесійную хуткую медыцынскую дапамогу,” – адзначыў кіраўнік.

Старшыня Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта Мечыслаў Гой падкрэсліў, што развіццё аховы здароўя з’яўляецца прыярытэтным напрамкам у нашай дзяржаве. Ён выказаў падзяку банку за праграму «Вектар дабрыні», рэалізацыя якой адбываецца ў кантэксце сацыяльна араентаванай эканамічнай мадэлі Беларусі.

Сяргей Пісарык асабіста ўручыў ключы ад аўтамабіляў кіроўцам і пажадаў зялёнага святла на дарогах.


Даведка:

Праграма “Беларусбанк. Вектар дабрыні” накіравана на дапамогу ахове здароўя, сацыяльнай абароне, грамадскім аб’яднанням.

Праграма “Беларусбанк. Бацькоўскі кут” прадугледжвае будаўніцтва катэджаў для дзіцячых дамоў сямейнага тыпу.

Праграма “Беларусбанк. Прастора натхнення” ставіць на мэце падтрымку культуры і мастацтва. Яскравы прыклад – генеральнае партнёрства І Міжнароднага конкурса вакалістаў, што зараз праходзіць у Мінску.

Праграма “Беларусбанк. Мост у будучыню” – гэта дапамога сферы адукацыі, асветы, развіцця дзяцей. Банк, да прыкладу, прафінансаваў скульптурную кампазіцыю “Настаўніца першая мая”, падораную педагагічнаму ўніверсітэту імя Максіма Танка з нагоды стагоддзя ўстановы.

Праграма “Беларусбанк. Пераможам разам!” накіравана на падтрымку вялікага спорту, фізічнай культуры, здаровага ладу жыцця.

Прэс-служба ААТ “ААБ Беларусбанк”