Навіны банка і прэс-рэлізы
26.09.2014

У "Беларусбанку" падпісана пагадненне з Экспартна-імпартным банкам Кітая (прэс-рэліз)

Афіцыйная цырымонія падпісання крэдытнага пагаднення паміж China Eximbank (Экспартна-імпартны банк, Кітай) і ААТ «ААБ Беларусбанк» адбылася 26 верасня ў Мінску. З беларускага боку свой подпіс пад дакументам паставіў старшыня праўлення ААТ «ААБ Беларусбанк» Сяргей Пісарык, з кітайскага боку – віцэ-прэзідэнт China Eximbank Сунь Пін.

Госць з Паднябеснай высока ацаніў існуючыя адносіны з «Беларусбанкам», эфектыўнасць рэалізуемых праектаў і запэўніў, што супрацоўніцтва будзе і далей развівацца.

«У нашага партнёра – «Беларусбанка» вельмі добрая рэпутацыя і адказнасць, – адзначыў Сунь Пін. – З развіццём эканоміка-гандлёвых адносін усё больш прадпрыемстваў Кітая прыходзіць у Беларусь з мэтай рэалізацыі інвестпраектаў. Аказваючы ім падтрымку, «Беларусбанк» садзейнічае развіццю супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі».

«Мы актыўна працуем па прыцягненні кітайскіх інвестыцый у эканоміку Рэспублікі Беларусь. «Беларусбанк» выступае ў ролі банка-агента па крэдытах, прыцягнутых Урадам краіны. За апошнія гады ў гэтай сферы быў рэалізаваны шэраг праектаў на агульную суму 2  170 млн долараў ЗША, – падкрэсліў Сяргей Пісарык. – Гаворачы аб крэдытна-інвестыцыйным супрацоўніцтве, нельга не адзначыць тую ролю, якую адыгрывае Эксімбанк Кітая».

Згодна з падпісаным сёння пагадненнем крэдыт прадастаўляецца ў рамках рэалізацыі інвестыцыйнага праекта – будаўніцтва завода па вырабе сульфатнай беленай і віскознай цэлюлозы. Пазычаныя сродкі будуць накіраваны на набыццё ў ААТ «Кітайская Карпарацыя Інжынірынгу CAMC» (CAMCE) абсталявання для прадгідролізу варкі для віскознай штапельнай цэлюлозы.

Віцэ-прэзідэнт China Eximbank Сунь Пін запэўніў, што крэдыт будзе прадастаўлены ў максімальна сціслыя тэрміны, што дазволіць дабудаваць цэлюлозны камбінат і ўвесці яго ў эксплуатацыю. Бакі былі адзінадушныя ў думцы, што такія праекты даюць дадатковы імпульс развіццю двухбаковых адносін паміж Рэспублікай Беларусь і КНР.

Даведка: «Беларусбанк» – старэйшая і найбуйнейшая крэдытна-фінансавая ўстанова ў Рэспубліцы Беларусь, на кітайскім рынку прысутнічае 7 гадоў. Мае карэспандэнцкія адносіны з 65 банкамі КНР і ўласнае прадстаўніцтва ў Пекіне.

«Беларусбанк» упершыню ў Беларусі ўкараніў разлікі ў кітайскіх юанях. І калі 3 гады таму абарачэнні па такіх рахунках складалі ўсяго 20 млн юаняў, то ўжо за 8 месяцаў бягучага года яны склалі 217 млн юаняў.

«Беларусбанк» удзельнічае ў дзейнасці рэгіянальных фінансавых аб’яднанняў. У 2012 годзе мы сталі банкам-партнёрам у Міжбанкаўскім аб’яднанні Шанхайскай арганізацыі па супрацоўніцтве (МБА ШАС). Гэта дазволіла на якасна новым узроўні ўключыцца ў працэсы фінансавай інтэграцыі ў рэгіёне, паўнапраўна ўдзельнічаць у эканамічных праграмах, ініцыяваных Кітаем.

У 2008 «Беларусбанк» падпісаў пагадненне аб супрацоўніцтве з China Eximbank. Былі паспяхова рэалізаваны два праекты на агульную суму 114,6 млн долараў ЗША. Ёсць вопыт супрацоўніцтва ў рамках сіндыкаванага крэдытавання.

Прэс-служба ААТ «ААБ Беларусбанк»

Жадаеце заўсёды быць у курсе апошніх навін? Падпішыцеся!