Старшыня Праўлення ААТ «ААБ Беларусбанк» Сяргей Пісарык прыняў удзел у трэцім пасяджэнні Міжведамаснага інфраструктурнага каардынацыйнага савета (МІКС), якое прайшло ў цэнтральным офісе банка.
Абмяркоўваліся пытанні ўмацавання нацыянальнага патэнцыялу ў галіне прымянення механізмаў дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў Рэспубліцы Беларусь. Былі разгледжаны таксама метадалагічныя рэкамендацыі і праектныя прапановы па фарміраванні Нацыянальнага інфраструктурнага плана, а таксама пілотныя праекты, рэалізацыя якіх заснавана на прынцыпах дзяржаўна-прыватнага партнёрства.
У павестцы дня было таксама пытанне аб праекце Закона Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве» з улікам каментарыяў Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь.
Мікалай Снапкоў, нацыянальны каардынатар праекта ЕС/ПРООН, старшыня Наглядальнага савета банка, міністр эканомікі Рэспублікі Беларусь, вынес прапанову ўключыць Старшыню Праўлення ААТ «ААБ Беларусбанк» у склад Міжведамаснага інфраструктурнага каардынацыйнага савета. Пры гэтым падкрэсліўшы, што вядучы айчынны фінансавы інстытут мае ўсе падставы быць прадстаўленым у МІКС, паколькі яму ўласцівы высокі прафесіяналізм, крэатыўнасць і жаданне займацца справай, карыснай для краіны.
Прэс-служба ААТ «ААБ Беларусбанк»