Аб сацыяльнай адказнасці банкаўскага бізнесу ішла размова на прэс-канферэнцыі, якая адбылася ў цэнтральным офісе ААТ «ААБ Беларусбанк» з удзелам кіраўніцтва і рэкламнага твару банка Аляксандры Герасімені.
Выканаўчы дырэктар банка Анатолій Багавік праінфармаваў журналістаў аб сацыяльных праектах і грамадска значных прадуктах.
Банкаўская сацыяльная палітыка рэалізоўваецца па 5 праграмах.
На сённяшні дзень у рамках праграмы «Бацькоўскі кут» банк пабудаваў 13 катэджаў для дамоў сямейнага тыпу, дапамог з іх добраўпарадкаваннем. Закладзены яшчэ адзін у Быхаўскім раёне, будзе ўведзены да канца года.
Праграма «Беларусбанк. Вектар дабрыні» прадугледжвае фінансавую дапамогу ветэранам, укамплектаванне сучасным медыцынскім абсталяваннем устаноў аховы здароўя, абнаўленне мэблі і прадметаў побыту інтэрнатаў і бальніц і многае-многае іншае.
Праграма «Пераможам разам!» накіравана на арганізацыю фізкультурна-аздараўленчай работы з насельніцтвам, развіццё масавага і прафесійнага спорту.
На падтрымку ўстаноў адукацыі арыентавана праграма «Мост у будучыню», а праграма «Прастора натхнення» - устаноў культуры.
Сумесна з Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь банк распрацаваў і прадставіў унікальны для Рэспублікі Беларусь картачны прадукт - «Карта навучэнца».
Гэта комплексны інструмент, які сумяшчае ў сабе функцыі банкаўскай плацежнай карткі і ўніверсальнага электронага дакумента, які дазваляе выкарыстоўваць картку як электронны пропуск або электронны ключ па ўліку часу.
«А ў цэлым банк моцна ўбудаваны ў кантэкст эканомікі і сацыяльнай сферы і апрыёры ў той ці іншай ступені аказвае ўплыў на жыццё кожнага грамадзяніна краіны», - падкрэсліў выканаўчы дырэктар.
На фота: Валянціна Баляба, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту вучняў і студэнтаў, Аляксандра Герасіменя, рэкламны твар ААТ «ААБ Беларусбанк», Анатолій Багавік, выканаўчы дырэктар ААТ «ААБ Беларусбанк»
Сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў, чэмпіёнка свету па плаванні Аляксандра Герасіменя з'яўляецца рэкламным тварам Беларусбанка. З яе ўдзелам прайшло шмат значных дабрачынных акцый. Сама ж спартсменка актыўна падтрымлівае нацыянальны фестываль плавання «Залатая рыбка» і спартыўна-дабрачынны праект «Мары збываюцца». За шэсць гадоў існавання было праведзена больш за 450 акцый у 130 гарадах і вёсках нашай краіны. Шэраг акцый прайшлі з удзелам Беларусбанка.
«Залатая рыбка» айчыннага спорту заявіла, што яна радая супрацоўніцтву з Беларусбанкам і вельмі спадзяецца, што яно будзе працяглым.
«Я ведаю, што ў мяне з'явілася шмат новых сяброў сярод супрацоўнікаў банка, што з карпаратыўным календаром я ўвайшла ў многія дамы. Не важна, буду я надалей тварам банка ці не, але я заўсёды гатова працаваць дзеля яго поспеху і на карысць людзям. Будзем рабіць добрыя справы разам!», - падкрэсліла Аляксандра.
Прэс-служба ААТ «ААБ Беларусбанк»