Рынак рознічных банкаўскіх паслуг у Рэспубліцы Беларусь на сённяшні дзень уяўляе сабой шырокую сферу адносін, якія складваюцца паміж насельніцтвам і банкамі. Развіццё дадзенага кірунку банкаўскай дзейнасці спрыяе паляпшэнню фінансавых магчымасцяў як саміх фізічных асоб, так і банкаў. Акрамя таго, самыя спрыяльныя наступствы ад эфектыўнай рэалізацыі рознічных банкаўскіх паслуг адбіваюцца і на эканоміцы дзяржавы ў цэлым.
Адной з найбольш запатрабаваных насельніцтвам паслуг з'яўляецца банкаўскі ўклад – размяшчэнне ў банках грашовых сродкаў у беларускіх рублях або замежнай валюце ў мэтах захоўвання і атрымання даходу. Нягледзячы на перыядычнае зніжэнне стаўкі рэфінансавання, больш прыбытковымі, чым валютныя, на сённяшні дзень з'яўляюцца ўклады ў беларускіх рублях.
Ва ўстановах ААТ «ААБ Беларусбанк» грамадзяне рэспублікі могуць выбраць для сябе розныя віды ўкладаў. З умовамі укладаў можна азнаёміцца ў любой установе банка на інфармацыйных стэндах, атрымаць інфармацыю ў кансультанта, прачытаць на вэб-сайце «Беларусбанка» .
Найбольшай папулярнасцю сярод насельніцтва сёння карыстаюцца наступныя ўклады ў беларускіх рублях: «Юбіляр», тэрміновы «XXI стагоддзе», «Мабільны». Так, грашовыя сродкі, якія захоўваюцца на рахунках ўкладу «Юбіляр», складаюць 35,4% ад грашовых сродкаў, якія захоўваюцца на рахунках усіх укладаў у беларускіх рублях.
Таксама банк прапануе ўклад для назапашвання сродкаў да паўналецця дзяцей «Прэміяльна-назапашвальны», «Дзіцячы», па якім даход складае стаўка рэфінансавання +4 працэнтных пункта (сёння гэта 14%) і да 18-годдзя, пры ўмове захоўвання ўкладу не менш за 5 гадоў і адсутнасці расходных аперацый, выплачваецца яшчэ дадатковы даход у памеры 0,5%.
У замежнай валюце грамадзяне аддаюць перавагу ўкладу «універсальны».