Новости банка и пресс-релизы
25.01.2022

Шмат гісторыі і беларускіх матываў. “Беларусбанк” запусціў іміджавую кампанію да свайго 100-годдзя

Нягледзячы на ​​тое, што каляндарнае стагоддзе “Беларусбанк” адзначыць толькі 26 снежня гэтага года, шэраг актыўнасцяў запушчаны ўжо.

Яшчэ ў канцы мінулага года ў гарадах Беларусі пачалі з'яўляцца яркія муралы, якія ствараюцца ў рамках праекта банка "Традыцыі дзеля будучыні", у аснову якога ляглі гарадскія міфы. Пінск і Мазыр ужо атрымалі свае. Яшчэ ў 8 гарадах муралы намалююць, калі пацяплее і мастакі зноў змогуць тварыць.

А з гэтага тыдня ў шэрагу населеных пунктаў краіны жыхары ўжо могуць бачыць бігборды банка са слоганам «100 год. Заўсёды побач. Побач з кожным».

Гэтай іміджавай кампаніяй, героямі якой сталі 5 розных па характары і родзе дзейнасці людзей (ад нефармальнай моладзі да актыўнага прадпрымальніка), — распавядае намеснік старшыні праўлення банка Алег Казарэдаў, — банк хоча падкрэсліць, што ва ўсе часы ён быў, ёсць і будзе народным, для кожнага, незалежна ад узросту, прафесіі, статусу чалавека. Думаю, многія беларусы ў гэтых героях пазнаюць сябе.

Важным элементам іміджавай кампаніі кіраўнік называе таксама зялёную хвалю, выкананую ў фірмовым колеры банка, якая нібы свеціцца, аб'ядноўваючы розных людзей і банк.

Ідэя народнага банка, які сто год побач з кожным беларусам, працягваецца і ў іміджавым відэароліку.

Для яго стварэння мы звярнуліся да родных, па-сапраўднаму беларускіх матываў, — удакладняе Алег Казарэдаў. — Уражлівыя краявіды Беларусі, народныя традыцыі і абрады, такія розныя, але добрыя, шчырыя людзі, якія паважаюць простыя каштоўнасці — праз відэарад і верш за кадрам мы пастараліся і перадаць любоў да Радзімы, і падкрэсліць, што “Беларусбанк” ужо 100 год — частка жыцця некалькіх пакаленняў людзей і важная частка Беларусі.

Каб адчуванне свята і юбілею закранула як мага больш людзей, банк створыць асаблівую атмасферу ў сваіх установах. Для гэтага ў кожным абласным горадзе і сталіцы вядзецца работа над афармленнем аддзяленняў у этнаграфічнай стылістыцы з элементамі гістарычнай тэматыкі і нацыянальнага каларыту, якія прадэманструюць непарыўную сувязь гісторыі краіны і банка.

А паколькі “Беларусбанк” — гэта не толькі гісторыя, але і тэхналогіі, за якімі будучыня, сёлета фінансавая ўстанова адкрые аддзяленне прынцыпова новага фармата, максімальна нязвыклае для беларускай аўдыторыі і ўкамплектаванае самай сучаснай банкаўскай тэхнікай.Таксама на гэты год банк запланаваў выпуск лімітаваных серый плацёжных картак з дызайнам, прысвечаным 100-гадоваму юбілею, і стварэнне для кліентаў інтэрактыўнай экскурсіі па гісторыі банка з прымяненнем тэхналогіі QR-кода.

Моладзь банк плануе цешыць у сваіх сацыяльных сетках. Маскі, стыкеры, розыгрышы, квэсты — гэтыя і шмат іншыя актыўнасці дапамогуць стварыць святочны настрой для кожнага падпісчыка.

Не будзем раскрываць усіх нашых ідэй і задумак, — кажа намеснік старшыні праўлення банка Алег Казарэдаў. — Хочацца, каб яны сталі прыемным сюрпрызам для грамадскасці. Сачыце за нашымі навінамі, удзельнічайце ў актыўнасцях і далучайцеся да святкавання векавога юбілею. Такое ж бывае толькі раз!

Аддзел камунікацый і рэкламы