Крэдыты фізічным асобам

1. Ці магчыма змяненне працэнтнай стаўкі па раней аформленых крэдытах на будаўніцтва (рэканструкцыю) або набыццё жылых памяшканняў?

У адпаведнасці з арт. 125 Банкаўскага кодэкса Рэспублікі Беларусь банкі самастойна вызначаюць умовы і парадак прыцягнення грашовых сродкаў фізічных і (або) юрыдычных асоб ва ўклады (дэпазіты) і размяшчэнне гэтых грашовых сродкаў.

Фарміраванне працэнтных ставак па крэдытах на ўмовах, вызначаных ААТ «ААБ Беларусбанк», ажыццяўляецца з улікам кошту прыцягваемых рэсурсаў, у тым ліку тэрміновых дэпазітаў фізічных асоб.

Парадак змянення працэнтных ставак па крэдытах банка прадугледжаны ў  заключаемых крэдытных дагаворах.

Згодна з арт.145 Банкаўскага кодэкса Рэспублікі Беларусь крэдытадавец не мае права ў аднабаковым парадку павялічыць памер працэнтаў за карыстанне крэдытам. Змяненне ўмоў крэдытнага дагавору ажыццяўляецца на падставе дадатковага пагаднення да крэдытнага дагавору.

У выпадку памяншэння памеру працэнтнай стаўкі дадатковае пагадненне да крэдытнага дагавору заключаецца шляхам накіравання банкам прапановы (публічнай аферты) крэдытаатрымальніку аб змяненні памеру працэнтнай стаўкі за карыстанне крэдытам. Адпаведная інфармацыя (паведамленне) размяшчаецца на карпаратыўным вэб-сайце банка ў тэрмін не пазней за дзень уступлення ў сілу рашэння Праўлення банка аб памяншэнні памеру працэнтнай стаўкі. Заключэннем дадатковага пагаднення (акцэптам прапановы банка) з’яўляецца ўнясенне крэдытаатрымальнікам чарговага плацяжу па выплаце працэнтаў за карыстанне крэдытам у змененым памеры. Пры гэтым стаўка лічыцца змененай з даты, пазначанай у інфармацыі (паведамленні).

Крэдытаатрымальнікам, якія заключылі крэдытныя дагаворы да 21.03.2017 (у якіх устаноўлена фіксаваная працэнтная стаўка па крэдыце) прадастаўлена магчымасць змяніць фіксаваную працэнтную стаўку па крэдыце на пераменную. Для чаго крэдытаатрымальніку неабходна звярнуцца з заявай у службу іпатэчнага і льготнага крэдытавання банка па месцы заключэння крэдытнага дагавору і заключыць адпаведнае дадатковае пагадненне да крэдытнага дагавору. Пры гэтым, пасля заключэння дадатковага пагаднення аб пераходзе з фіксаванай стаўкі на пераменную, далейшае змяненне парадку вызначэння працэнтаў (г.зн. адваротны пераход на фіксаваную стаўку) не ажыццяўляецца.

2. Якія існуюць віды забеспячэння вяртання крэдыту?

Выкананне абавязацельстваў па крэдытным дагаворы можа забяспечвацца паручыцельствам фізічных асоб, няўстойкай, закладам маёмасцi крэдытаатрымальніка або трэцяй асобы (пабудаванага жылога памяшкання або іншай нерухомасці (кватэр, гаражоў і інш.), страхаваннем рызыкі невяртання крэдыту, паручыцельствам або гарантыяй юрыдычных асоб, гарантыйным дэпазітам грошай і іншымі спосабамі забеспячэння, прадугледжанымі заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь або дагаворам.

Банкі маюць права самастойна выбіраць любыя спосабы забеспячэння выканання абавязацельстваў па крэдытных дагаворах якiя не супярэчаць заканадаўству і гарантуюць яму своечасовае вяртанне крэдыту.

3. Якая колькасць паручыцеляў патрабуецца для атрымання крэдыту ў банку?

Колькасць паручыцеляў па крэдытным дагаворы для забеспячэння выканання абавязацельстваў па ім вызначаецца непасрэдна банкам і залежыць ад сумы атрымліваемага крэдыту, плацежаздольнасці паручыцеляў.

4. Ад чаго залежыць максімальны памер крэдыту на спажывецкія патрэбы, які можа прадаставіць банк крэдытаатрымальніку?

Да заключэння крэдытнага дагавору банк ажыццяўляе ацэнку крэдытаздольнасці заяўніка.

Пры правядзенні ацэнкі крэдытаздольнасці аналізуюцца крэдытная гісторыя заяўніка, у тым ліку наяўнасць запазычанасці па крэдытах, пазыках, лізінгу, факторынгу і іншых абавязацельствах у іншых банках, мікрафінансавых, лізінгавых арганізацыях, арганізацыях гандлю (сэрвісу). Вывучаюцца звесткі аб выкананні абавязацельстваў па рэгулярных плацяжах за жыллёва-камунальныя паслугі, паслугі сувязі і іншыя паслугі, а таксама іншыя акалічнасці, здольныя паўплываць на своечасовае выкананне абавязацельстваў па крэдытных дагаворах. Таксама вывучаецца яго плацежаздольнасць (даходы з улікам абавязковых утрыманняў з заработнай платы, плацяжы па выканаўчых лістах, аліментах).

Памер крэдыту вызначаецца зыходзячы з плацежаздольнасці крэдытаатрымальніка, такім чынам, каб доля штомесячных плацяжоў па крэдыце і працэнтах за карыстанне крэдытам (уключаючы плацяжы па раней атрыманых крэдытах) у суме сярэднямесячных даходаў заяўніка не перавышала ўстаноўлены банкам паказчык.

Акрамя таго, пры разліку плацежаздольнасці заяўніка па крэдытах на спажывецкія патрэбы, таксама вызначаецца чысты даход, які застаецца ў распараджэнні заяўніка пасля выплаты плацяжоў па дзеючых і прадастаўленым крэдыце, які павінен складаць не менш за памер бюджэту пражытачнага мінімуму.

5. Які максімальны памер крэдыту на будаўніцтва (рэканструкцыю) або набыццё жылога памяшкання, на ўмовах вызначаных банкам можа быць прадастаўлены крэдытаатрымальніку?

Максімальны (гранічны) памер крэдыту, які можа прадастаўляцца грамадзянам, устанаўліваецца ўпаўнаважаным органам банка ў залежнасці ад віду (умоў) крэдыту.

Пры вызначэнні максімальнай сумы крэдыту крэдытаатрымальніку банк у адпаведнасці з Інструкцыяй «Аб парадку прадастаўлення грашовых сродкаў у форме крэдыту і іх вяртання (пагашэння)», зацверджанай Нацыянальным банкам ад 26.12.2023 №488 (далей – Інструкцыя №488) абавязкова ацэньвае крэдытаздольнасць заяўніка (крэдытаатрымальніка) у парадку вызначаным упаўнаважаным органам Банка (г.зн. праводзіцца ацэнка здольнасці крэдытаатрымальніка ў поўным аб’ёме і ў тэрмін выканаць свае абавязацельствы па крэдытным дагаворы належным чынам).

Таксама, згодна з патрабаваннямі Інструкцыі №488 пры ацэнцы крэдытаздольнасці заяўніка (крэдытаатрымальніка) пры прадастаўленні крэдыту на фінансаванне нерухомасці банк выкарыстоўвае паказчык забяспечанасці крэдыту, які разлічваецца як працэнтныя суадносіны сумы крэдыту да кошту аб’екта нерухомасці, які прымаецца ў заклад у якасці забеспячэння, і (або) суме іншага забеспячэння ў адпаведнасці з дагаворам (названы паказчык не павінен перавышаць 90 працэнтаў (за выключэннем крэдытаў, прадастаўленне або вяртанне (пагашэнне) запазычанасці па якіх, у тым ліку выплата часткі працэнтаў за карыстанне імі, ажыццяўляецца з выкарыстаннем дзяржаўнай падтрымкі ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі)).

6. Якія наступствы магчымы для паручыцеля па крэдытным дагаворы?

Паручыцельства - адзін з самых распаўсюджаных спосабаў забеспячэння выканання абавязацельстваў па крэдытах фізічных асоб.

Адносіны паміж паручыцелем і банкам афармляюцца дагаворам паручыцельства.

Прымаючы рашэнне стаць паручыцелем, грамадзяне, яшчэ да заключэння дагавораў паручыцельстваў, павінны ў поўнай меры ўсведамляць узнікаючыя рызыкі і дакладна вызначыцца, ці гатовы яны, у выпадку неабходнасці, пагашаць плацяжы па крэдыце і працэнтах за карыстанне ім замест таго чалавека, за якога яны даручаліся.

У практычнай рабоце маюць месца выпадкі, калі паручыцелі ў момант заключэння дагавору паручыцельства не валодаюць звесткамі аб наяўнасці ў крэдытаатрымальніка запазычанасці па раней атрыманых крэдытах у іншых банках (у тым ліку пратэрмінаванай), або інфармаваны толькі аб крэдытных дагаворах, заключаных крэдытаатрымальнікам у банку, дзе плануецца афармленне дагавору паручыцельства.

Разам з тым, для ацэнкі ступені прымаемых рызыкаў патэнцыяльныя паручыцелі да заключэння дагавору паручыцельства маюць права самастойна атрымаць з Крэдытнага рэгістра Нацыянальнага банка інфармацыю аб крэдытнай гісторыі крэдытаатрымальніка, за якога даручаюцца, пры ўмове наяўнасці яго пісьмовай згоды.

У адпаведнасці з арт. 343 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь пры невыкананнi або неналежным выкананнi крэдытаатрымальнікам забяспечанага паручыцельствам абавязацельства, паручыцель і крэдытаатрымальнік нясуць салідарную адказнасць перад крэдыторам.

Такім чынам, паручыцель нароўні з крэдытаатрымальнікам абавязаны забяспечыць пагашэнне крэдыту і працэнтаў за карыстанне ім, а таксама кампенсаваць судовыя выдаткі па спагнанні доўгу і іншыя страты крэдытора, у выпадку невыканання або неналежнага выканання крэдытаатрымальнікам абавязацельстваў па крэдытным дагаворы.

У выпадку невыканання даўжнiком абавязацельстваў па крэдытным дагаворы банк звяртаецца ў натарыяльную кантору для спагнання запазычанасці з крэдытаатрымальніка і паручыцеляў у прымусовым парадку. Пасля ўчынення выканаўчага надпісу ў рамках выканаўчай вытворчасці, спагнанне абарочваецца на грашовыя сродкi i iншую маёмасць не толькі крэдытаатрымальніка, але і паручыцеля. Акрамя таго, за невыкананне без уважлівых прычын маёмасных абавязацельстваў перад банкам можа быць часова абмежавана права грамадзяніна на выезд з Рэспублікі Беларусь.

У сваю чаргу, паручыцелі, якія выканалі абавязацельствы па крэдытным дагаворы, у адпаведнасці з арт. 345 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь маюць права ў судовым парадку патрабаваць ад крэдытаатрымальніка пакрыцця страт, панесеных пры пагашэнні крэдыту і працэнтаў за карыстанне ім.

7. У якіх выпадках можа быць спынены (скасаваны) дагавор паручыцельства?

Пералік прычын спынення паручыцельства рэгламентаваны арт. 347 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь:

Паручыцельства можа быць спынена ў выпадках:

  • дастатковай крэдытаздольнасці крэдытаатрымальніка для выканання ім абавязацельстваў па крэдытным дагаворы і дастатковасці іншага забеспячэння;
  • замены аднаго паручыцеля на другога;
  • дастатковага забеспячэння выканання абавязацельстваў па крэдытным дагаворы;
  • прадастаўлення крэдытаатрымальнікам іншага забеспячэння выканання абавязацельстваў па крэдытным дагаворы.

8. Што такое крэдытны рэгістр?

Крэдытны рэгістр - аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма Нацыянальнага банка, якая забяспечвае фарміраванне крэдытных гісторый, іх захоўванне і прадастаўленне крэдытных справаздач.

Установы банка прадастаўляюць і атрымліваюць звесткі з Крэдытнага рэгістра Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь аб крэдытных гісторыях крэдытаатрымальнікаў і іх паручыцеляў на падставе пісьмовых згод на прадастаўленне крэдытных справаздач, аформленых згодна з дадаткам 7 да Пастановы Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 22.06.2018 №291 «Аб фарміраванні крэдытных гісторый і прадастаўленні крэдытных справаздач».

У далейшым, пры суправаджэнні выдадзеных крэдытаў, установы банка накіроўваюць у Крэдытны рэгістр Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь звесткі аб выкананні крэдытаатрымальнікамі (паручыцелямі) заключаных крэдытных дагавораў.  

9. Ці можа банк адмовіць у прадастаўленні крэдыту?

Крэдытныя адносіны паміж банкам і крэдытаатрымальнікамі рэгулююцца Банкаўскім кодэксам Рэспублікі Беларусь. Так, згодна з ч.1 артыкула 141 Банкаўскага кодэкса Рэспублікі Беларусь банк мае права адмовіцца ад заключэння крэдытнага дагавору:

пры наяўнасці звестак аб тым, што прадастаўленая крэдытаатрымальніку сума крэдыту не будзе вернута (пагашана) у тэрмін;

пры непрадастаўленні крэдытаатрымальнікам забеспячэння выканання абавязацельстваў па крэдытным дагаворы;

пры наяўнасці іншых падстаў, здольных паўплываць на выкананне крэдытаатрымальнікам абавязацельстваў па крэдытным дагаворы або прадугледжаных заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

10. Хто можа атрымаць крэдыт для аплаты экстракарпаральнага апладнення?

Льготны крэдыт для аплаты ЭКА ў дзяржаўных або прыватных арганізацыях аховы здароўя краіны могуць атрымаць жанчыны, што з'яўляюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, якім аказваецца такая медыцынская дапамога, пры наяўнасцi ў iх пастаяннай крыніцы даходу.

Крэдыты для аплаты ЭКА прадастаўляюцца грамадзянам па месцы рэгістрацыі заяўніка па месцы жыхарства або па месцы тэрытарыяльнага размяшчэння арганізацыі аховы здароўя, у якой аказваюцца медыцынскія паслугі.

Крэдыты выдаюцца ў беларускіх рублях тэрмінам да 5 гадоў з выплатай працэнтаў за карыстанне імі роўнымі долямі ў памеры 50% стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь. Максімальная сума крэдыту не павінна перавышаць 300 базавых велічынь.        

11. Ці можа банк прадаставіць адтэрміноўку плацяжоў па льготным крэдыце, выдадзеным для аплаты ЭКА?

Крэдытаатрымальніку пасля нараджэння дзіцяці (дзяцей) з прымяненнем ЭКА, які з'яўляецца атрымальнікам (мужам атрымальніка) дапамогі па доглядзе за дзіцяцем ва ўзросце да трох гадоў даецца адтэрміноўка ў пагашэнні запазычанасці па льготным крэдыце, уключаючы працэнты за карыстанне ім, на перыяд атрымання гэтай дапамогі з прадаўжэннем тэрміну поўнага вяртання (пагашэння) крэдыту і выплаты працэнтаў за карыстанне ім на тэрмін прадастаўлення адтэрміноўкі. 

12. Хто мае права на атрыманне льготнага крэдыту на навучанне па Указу Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17.12.2002 № 616?

Права на атрыманне льготнага крэдыту ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17.12.2002 № 616 «Аб прадастаўленні грамадзянам Рэспублікі Беларусь крэдыту на льготных умовах для аплаты першай вышэйшай адукацыі, якая атрымліваецца ў вышэйшых навучальных установах дзяржаўнай уласнасці, вышэйшых навучальных установах спажывецкай кааперацыі і вышэйшых навучальных установах Федэрацыі Прафсаюзаў Беларусі на платнай аснове»  маюць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія навучаюцца на платнай аснове (дзённай формы навучання) у вышэйшых навучальных установах дзяржаўнай уласнасці, вышэйшых навучальных установах спажывецкай кааперацыі і вышэйшых навучальных установах Федэрацыі Прафсаюзаў Беларусі.

Банк прадастаўляе льготныя крэдыты для аплаты першай вышэйшай адукацыі на платнай аснове (дзённай формы навучання), навучэнцу па месцы знаходжання (населены пункт) установы вышэйшай адукацыі або аднаму з яго бацькоў ці іншаму законнаму прадстаўніку па месцы рэгістрацыі, пры наяўнасці пастаяннай крыніцы даходу і з улікам налiчваемага ў адпаведнасці з заканадаўствам сярэднямесячнага сукупнага даходу на кожнага члена сям'і.

Льготны крэдыт прадастаўляецца, калі сярэднямесячны сукупны даход на кожнага члена сям'і за 12 месяцаў, што папярэднiчаюць месяцу падачы дакументаў для атрымання крэдыту, не перавышае 350 працэнтаў зацверджанага бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва, які дзейнічае на дату падачы дакументаў для атрымання крэдыту.

13. Хто мае права на атрыманне льготнага крэдыту ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27.11.2000 № 631 «Аб дадатковых мерах па павышэнні заработнай платы і прадастаўленні льготных крэдытаў асобным катэгорыям грамадзян»?

Права на атрыманне льготных крэдытаў маюць выпускнікі дзяржаўных устаноў адукацыі і ўстаноў адукацыі спажывецкай кааперацыі, якія атрымалі сярэднюю спецыяльную, вышэйшую адукацыю і прыступілі да працы па размеркаванні ці накіраванні на працу (накіраваныя для праходжання службы) не па месцы жыхарства бацькоў або ў раёнах, пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, згодна з зацверджаным Урадам Рэспублікі Беларусь Пералікам тэрыторый (населеных пунктаў і іншых аб'ектаў), якія адносяцца да зон радыеактыўнага забруджвання, незалежна ад месца жыхарства бацькоў, у арганізацыях, што фінансуюцца з бюджэту, воінскіх частках, Следчым камітэце, Дзяржаўным камітэце судовых экспертыз, органах унутраных спраў, органах і падраздзяленнях па надзвычайных сітуацыях, арганізацыях спажывецкай кааперацыі і сельскагаспадарчых арганізацыях.

Льготныя крэдыты выдзяляюцца па спісах, зацверджаных раённымі, гарадскімі, раённымі ў гарадах выканаўчымі і распарадчымі органамі, на падставе хадайніцтваў арганізацый, што фінансуюцца з бюджэту, а таксама вайсковых часцей, Следчага камітэта, Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, органаў унутраных спраў, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, арганізацый спажывецкай кааперацыі і сельскагаспадарчых арганізацый, у якіх працуюць (праходзяць службу) выпускнікі дзяржаўных устаноў адукацыі і ўстаноў адукацыі спажывецкай кааперацыі.

14. Тэрміны пачатку пагашэння льготнага крэдыту, прадастаўленага на будаўніцтва (рэканструкцыю) жылля?

Тэрмін пачатку пагашэння льготных крэдытаў і працэнтаў за карыстанне імі вызначаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 06.01.2012 N 13 «Аб некаторых пытаннях прадастаўлення грамадзянам дзяржаўнай падтрымкі пры будаўніцтве (рэканструкцыі) або набыцці жылых памяшканняў», згодна з якім пагашэнне пачынаецца:

пры будаўніцтве аднакватэрных, блакіраваных жылых дамоў гаспадарчым спосабам - з наступнага месяца пасля здачы дома ў эксплуатацыю, але не пазней за 2 гады пасля пачатку крэдытавання, а грамадзянамі, якія пастаянна пражываюць і працуюць у населеных пунктах з колькасцю насельніцтва да 20 тыс. чалавек і ў гарадах- спадарожніках і шматдзетнымі сем'ямі - з наступнага месяца пасля здачы дома ў эксплуатацыю, але не пазней за 3 гады пасля пачатку крэдытавання;

пры будаўніцтве кватэр у шматкватэрных жылых дамах, а таксама пры будаўніцтве аднакватэрных, блакіраваных жылых дамоў падрадным спосабам - з наступнага месяца пасля ўводу дома (пускавога комплексу) у эксплуатацыю, а ў выпадку здачы дома ў эксплуатацыю (будаўніцтва кватэр) і невыканання ні аднаго з відаў работ з вызначаемага Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь складу работ, без выканання якіх жылыя дамы могуць прымацца ў эксплуатацыю, - праз шэсць месяцаў пасля ўводу дома ў эксплуатацыю.

Пералік работ, без выканання якіх жылыя дамы могуць прымацца ў эксплуатацыю, прадугледжаны пунктам 14 Палажэння аб парадку прыёмкі ў эксплуатацыю аб'ектаў будаўніцтва, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 06.06.2011 № 716.

Згодна з вышэйназваным становішчам жылыя дамы могуць прымацца ў эксплуатацыю без выканання ў поўным аб'ёме падрыхтоўчых работ пад аздабленне сцен і столяў (акрамя тынкоўкі), работ па ўнутраным аздабленні памяшканняў (абклейванне шпалерамі, афарбоўка, абліцоўванне), без убудаванай мэблі, пакрыцця падлогі, устаноўкі дзвярных блокаў у міжпакаёвых перагародках, сантэхнічных прыбораў і абсталявання (акрамя ўнітазаў, прыбораў уліку вады і газу, электрычных пліт).

У выпадку, калі будзе выкананы хаця б адзін з пералічаных відаў работ, напрыклад, устаноўлена ванна, пагашэнне крэдыту неабходна пачынаць з наступнага месяца пасля ўводу дома (пускавога комплексу) у эксплуатацыю. 

15. Хто мае права на атрыманне льготнага крэдыту на будаўніцтва (рэканструкцыю) або набыццё жылога памяшкання?

Умовы і парадак прадастаўлення льготных крэдытаў вызначаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 06.01.2012 №13 «Аб некаторых пытаннях прадастаўлення грамадзянам дзяржаўнай падтрымкі пры будаўніцтве (рэканструкцыі) або набыцці жылых памяшканняў» (далей – Указ №13).

Падпунктам 1.1 Указа №13 вызначаны катэгорыі грамадзян, якія маюць права на атрыманне льготных крэдытаў.

У адпаведнасці з падпунктам 1.9 Указа №13 льготныя крэдыты прадастаўляюцца па спісах, складзеных з захаваннем чарговасці грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, і зацверджаных адпаведна раённымі, гарадскімі выканаўчымі і распарадчымі органамі, мясцовымі адміністрацыямі, адпаведнымі міністэрствамі і ведамствамі.

Пытанне вызначэння права грамадзяніна на атрыманне льготнага крэдыту і аднясення да адной з катэгорый, якія маюць права на льготны крэдыт, адносіцца да кампетэнцыі вышэйзгаданых дзяржаўных органаў.

Па пытанні ўключэння ў спісы на атрыманне льготнага крэдыту неабходна звяртацца па месцы пастаноўкі на ўлік для паляпшэння жыллёвых умоў. 

16. Ці магчыма правесці раздзел запазычанасці або перавод доўгу па льготным крэдыце?

У адпаведнасці з падпунктам  1.15 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 06.01.2012 №13 «Аб некаторых пытаннях прадастаўлення грамадзянам дзяржаўнай падтрымкі пры будаўніцтве (рэканструкцыі) або набыцці жылых памяшканняў» перавод доўгу па атрыманым ільготным крэдыце пасля рэгістрацыі крэдытаатрымальнікам права ўласнасці на пабудаванае (рэканструяванае) або набытае жылое памяшканне дапускаецца на члена сям’і крэдытаатрымальніка з яго згоды і згоды банка або ў выпадку скасавання шлюбу - на былога мужа (жонку) крэдытаатрымальніка, уключанага ў спісы на атрыманне льготнага крэдыту, з яго (яе) згоды і згоды банка.

У перыяд будаўніцтва (рэканструкцыі) жылога памяшкання ў складзе арганізацыі забудоўшчыкаў доўг па атрыманым ільготным крэдыце можа быць пераведзены на асобу, якая стаіць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў і мае ў адпаведнасці з заканадаўствам права на атрыманне льготнага крэдыту на будаўніцтва (рэканструкцыю) або набыццё жылога памяшкання ў выпадку наяўнасці рашэння мясцовага выканаўчага і  распараджальнага органа, іншага дзяржаўнага органа, маючага права ў адпаведнасці з заканадаўствам на зацвярджэнне спісаў на атрыманне льготных крэдытаў.

У гэтым выпадку, заключаецца дагавор пераводу доўгу, які ўзгадняецца з банкам.

Пытанне аб пераводзе доўгу па атрыманым ільготным крэдыце на члена сям’і індывідуальнага крэдытаатрымальніка разглядаецца банкам на падставе заявы крэдытаатрымальніка і заявы новага даўжніка на якога пераводзіцца доўг па льготным крэдыце. Таксама для разгляду банкам пытання аб пераводзе доўгу новы даўжнік павінен прадаставіць дакументы, якія пацвярджаюць яго даходы і даходы яго паручыцеля(яў).

Пры гэтым, падзел (выдзяленне доляў) запазычанасці па льготным крэдыце не ажыццяўляецца.

17. Як улічваецца пры разліку сумы льготнага крэдыту, наяўнае ва ўласнасці жыллё?

Згодна з п.4 Палажэння аб парадку прадастаўлення грамадзянам ільготных крэдытаў на будаўніцтва (рэканструкцыю) або набыццё жылых памяшканняў, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 18.04.2012 №366 для прыняцця рашэння аб уключэнні грамадзяніна ў спіс на атрыманне льготнага крэдыту адпаведныя мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы, дзяржаўныя органы, упаўнаважаныя сцвярджаць спісы, запытваюць і атрымліваюць звесткі аб наяўнасці ў крэдытаатрымальніка і членаў яго сям'і ва ўласнасці жылых памяшканняў (долей у праве агульнай уласнасці на жылыя памяшканні), а таксама жылых памяшканняў (долей у праве агульнай уласнасці на жылыя памяшканні), якія знаходзіліся ва ўласнасці і адчужаных крэдытаатрымальнікам і (або) членамі яго сям'і на працягу трох гадоў да заключэння крэдытнага дагавору, размешчаных у населеных пунктах Рэспублікі Беларусь, прадастаўляемыя рэспубліканскай або тэрытарыяльнымі арганізацыямі па дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёй.

У адпаведнасці з падпунктам 1.6 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 06.01.2012 №13 «Аб некаторых пытаннях прадастаўлення грамадзянам дзяржаўнай падтрымкі пры будаўніцтве (рэканструкцыі) або набыцці жылых памяшканняў» (далей - Указ №13) у спісах на атрыманне льготных крэдытаў пазначаюцца нарміруемыя памеры агульнай плошчы жылога памяшкання, якія ўстанаўліваюцца за вылікам агульнай плошчы жылых памяшканняў, што знаходзяцца ва ўласнасці крэдытаатрымальніка і членаў яго сям'і (у тым ліку агульнай плошчы жылых памяшканняў, што прыпадае на належныя крэдытаатрымальніку і членам яго сям'і долі ў праве агульнай уласнасці на жылыя памяшканні), а таксама агульнай плошчы жылых памяшканняў, якія знаходзіліся ва ўласнасці і адчужаных крэдытаатрымальнікам і (або) членамі яго сям'і на працягу 3 гадоў да заключэння крэдытнага дагавору.

Такім чынам, нарміруемыя памеры агульнай плошчы жылога памяшкання, якія падлягаюць ільготнаму крэдытаванню, вызначаюцца мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, дзяржаўнымі органамі, упаўнаважанымі сцвярджаць спісы льготнага крэдытавання.

Пры гэтым, разлік максімальнага памеру льготнага крэдыту на будаўніцтва (рэканструкцыю) або набыццё жылога памяшкання ажыццяўляецца банкам з улікам пазначаных у спісе нарміруемых памераў агульнай плошчы жылога памяшкання.

18. Як аплаціць крэдыт ААТ «ААБ Беларусбанк», ці можна аплаціць крэдыт праз АРІП?

ААТ «ААБ Беларусбанк», развіваючы сферу безнаяўных разлікаў, стварыла аптымальную структуру пунктаў абслугоўвання кліентаў. Існуючыя інфармацыйныя тэхналогіі дазваляюць крэдытаатрымальнікам – трымальнікам плацежных картак ААТ «ААБ Беларусбанк», аплачваць плацяжы па крэдытах з дапамогай  мабільнага дадатку М–Belarusbank (паслуга «M-банкінг») і сістэмы «Інтэрнэт–банкінг», а таксама ажыццяўляць аплату крэдытаў з выкарыстаннем плацежнай карткі праз інфакіёскі ААТ «ААБ Беларусбанк», устаноўленыя ў розных кропках аб’ектаў гандлю і грамадскага прызначэння.

У той жа час, фізічныя асобы, якія з’яўляюцца трымальнікамі плацежных картак іншых банкаў Рэспублікі Беларусь, маюць магчымасць аплачваць крэдыты, выдадзеныя ААТ «ААБ Беларусбанк», як з дапамогай мабільнага дадатку М–Belarusbank (паслуга "M-банкінг") так і безнаяўным шляхам у інфакіёсках ААТ «ААБ Беларусбанк», узнагароджанне за ажыццяўленне названай аперацыі банкам не спаганяецца. Рэалізавана магчымасць аплаты наяўнымі грашовымі сродкамі крэдытаў, прадастаўленых фізічным асобам у беларускіх рублях, у інфакіёсках, абсталяваных модулем прыёму наяўных грашовых сродкаў (Cash–in). Пры аплаце з дапамогай гэтых паслуг неабходна ўвесці нумар крэдытнага дагавору, а таксама пазначыць тры апошнія лічбы нумару дакумента, які сведчыць асобу.

Пры пагашэнні крэдытаў фізічных асоб, прадастаўленых з выкарыстаннем сістэмы "Інтэрнэт-банкінг", заключаных да 04.05.2020 у графе "Нумар крэдытнага дагавору або нумар асабовага рахунку  IBAN" – перад нумарам крэдытнага дагавору неабходна ўводзіць лічбы «999».

З 01.09.2019 у сістэме АРІП укаранёна паслуга па аплаце крэдыту ААТ «ААБ Беларусбанк» за бягучы перыяд у беларускіх рублях (за выключэннем пратэрмінаваных плацяжоў, поўнага пагашэння крэдыту, у тым ліку бягучага плацяжу, які  адначасова з’яўляецца апошнім плацяжом, а таксама плацяжоў будучых перыядаў).

19. Што значыць «3 п.п.»?

Працэнтны пункт - адзінка, што прымяняецца для абазначэння змяненняў стаўкі працэнта.

Напрыклад, калі працэнтная стаўка за карыстанне крэдытам устаноўлена ў памеры дзеючай стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, павялічанай на 3 працэнтныя пункты (3 п.п.), гэта значыць, што пры стаўцы рэфінансавання НБ РБ у памеры 10% гадавых, павялічаная на 3 п.п., стаўка па крэдыце складзе 13% гадавых.

20. Дакумент, які сведчыць асобу (для атрымання крэдыту)?

У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 03.06.2008 №294 "Аб дакументаванні насельніцтва Рэспублікі Беларусь", дакументамі, якія сведчаць асобу, з'яўляюцца: пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, від на жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь, ідэнтыфікацыйная карта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, біяметрычны від на жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь замежнага грамадзяніна, біяметрычны від на жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь асобы без грамадзянства.

21. Дзеянні кліента па актуалізацыі персанальных даных па крэдытам (авердрафту)

Згодна з крэдытным дагаворам крэдытаатрымальнік абавязаны праінфармаваць банк аб змяненні даных дакумента, які сведчыць асобу, месца жыхарства (рэгістрацыі), грамадзянства, працы, прозвішча, імя, імя па бацьку, тэлефоннага нумару (адраса электронай паштовай скрыні ў сетцы Інтэрнэт), на які накіроўваецца інфармацыя Банка аб неабходнасці выплаты плацяжоў па крэдыце, а таксама іншых акалічнасцей, здольных паўплываць на выкананне абавязацельстваў па крэдытным дагаворы.

Кліенты – фізічныя асобы для змянення асабістых даных могуць звярнуцца ў любое падраздзяленне банка, пры гэтым даныя кліента актуалізуюцца па ўсіх яго банкаўскіх прадуктах (уклад, банкаўская плацежная картка, крэдыт).

Пры звароце ў аддзяленне кліент інфармуе банк у пісьмовай форме шляхам падпісання адпаведнага паведамлення, а пры звароце ў Іпатэчныя офісы (па крэдытах на нерухомасць) на падставе адвольнай заявы.

Паколькі адносіны паміж банкам і кліентам будуюцца на дагаворных прынцыпах – крэдытаатрымальнік нясе адказнасць за выкананне прынятых на сябе абавязацельстваў, у т.л. у частцы пісьмовага паведамлення крэдытадаўцу аб змяненні персанальных даных.

22. Дзеянні кліента па заяўках на спажывецкія крэдыты (авердрафты) у залежнасці ад статуса заяўкі

Статус "вам адобраны крэдыт / авердрафт у суме __ BYN" пры афармленні з дапамогай сістэмы "Інтэрнэт-банкінг" з заключэннем крэдытнага дагавору ў электронным выглядзе.

Вам неабходна не пазней за 15 каляндарных дзён пасля прыняцця станоўчага рашэння ўвайсці ў сістэму "Інтэрнэт-банкінг" у раздзел «Рахункі» - «Крэдыты» - і скарыстацца функцыяй «Заключэнне крэдытнага дагавору».

Статус «Вам адобраны крэдыт/авердрафт у суме __ BYN» пры афармленні з дапамогай паслугі «М-банкінг» з заключэннем крэдытнага дагавору ў электронным выглядзе.

Не пазней за 15 каляндарных дзён пасля прыняцця станоўчага рашэння для афармлення дагавору зайдзіце на «belarusbank.by»-«Іншае»-«Праверка статуса заяўкі на крэдыт (авердрафт)».

Статус «Вам адобраны крэдыт/авердрафт у суме __ BYN» пры афармленні з дапамогай карпаратыўнага сайта банка без далейшага наведвання банка з заключэннем крэдытнага дагавору ў электронным выглядзе.

Не пазней за 15 каляндарных дзён пасля прыняцця станоўчага рашэння для афармлення дагавору зайдзіце на «belarusbank.by»-«Іншае»-«Праверка статусу заяўкі на крэдыт (авердрафт)».

Статус «Вам адобраны крэдыт/авердрафт у суме__ BYN…(пры ўмове…)» пры афармленні крэдыту (авердрафту) з дапамогай каналаў дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання з далейшым наведваннем банка.

Для ўзгаднення часу наведвання з Вамі звяжацца супрацоўнік банка. Не пазней за 15 каляндарных дзён пасля прыняцця станоўчага рашэння аб выдачы крэдыту Вам неабходна звярнуцца ва ўстанову банка з пакетам дакументаў. Рашэнне можа быць зменена пасля аналізу прадстаўленых дакументаў.