СМИ о банке
13.10.2008

Надзея Ермакова і Генадзь Навiцкi — сенатары ад Магiлёўскай вобласцi ("Звязда", 11.10.2008)

У Магiлёве 10 кастрычнiка абралi восем членаў Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу. У верхняй палаце парламента Магiлёўскую вобласць таксама прадставяць генеральны дырэктар Беларускага цэментнага завода Уладзiмiр Кiсялёў, дырэктар завода "Магiлёўлiфтмаш" Пётр Руднiк, дырэктар агракамбiната "Зара" Леанiд Маiсееў, намеснiк гендырэктара ААТ "Белшына" Павел Уцюпiн, загадчыца санаторнай дашкольнай установы № 36 г. Магiлёва Ірына Раiнчык i галоўны ўрач Мсцiслаўскай раённай бальнiцы Алена Караед.

Iх кандыдатуры падтрымалi дэпутаты Саветаў базавага ўзроўню, якiя бралi ўдзел у сходзе. Галасавалi больш за 500 дэпутатаў з абласнога цэнтра, горада Бабруйска i ўсiх сельскiх раёнаў.

Старшыню праўлення ААТ "ААБ Беларусбанк" Надзею Ермакову вобласць вылучала ў Савет Рэспублiкi неаднаразова. Сваю пазiцыю чалавека, неабыякавага да лёсу дзяржавы i праблем людзей, яна пацвярджае канкрэтнымi справамi.

У дзень абрання сенатарам яна брала ўдзел у адкрыццi грамадска-культурнага цэнтра аграгарадка Гарадзец Шклоўскага раёна, дзе "Беларусбанк" выступiў iнвестарам, а таксама ўручыла ключы ад новага дома шматдзетнай сям'i з вёскi Славенi.

- Я буду аддаваць усе свае сiлы i веды дзеля таго, каб у нашай краiне людзям жылося лепей, - паабяцала Надзея Ермакова.

Старшыню Савета Рэспублiкi трэцяга склiкання Генадзя Навiцкага абралi сенатарам ад Магiлёўшчыны другiм разам. Ён задаволены, што яго родная вобласць апошнiмi гадамi заўважна рушыла наперад i займае цяпер перадавыя пазiцыi ў краiне.

Свой уклад у агульную справу ўносяць i сенатары. Генадзь Навiцкi прывёў як прыклад дзейнасць Каардынацыйнага савета па ўзаемадзеяннi органаў мясцовага самакiравання, якi ён узначальвае.

- Наша праца ў гэтым важным i карысным органе скiравана на праблемы i iнтарэсы жыхароў глыбiнкi, - сказаў сенатар. - Мы зрушылi з месца многiя набалелыя пытаннi сельскага жыцця: фiнансаванне добраўпарадкавання, фармiраванне бюджэтаў, асвятленне, дарогi, калодзежы... Цяпер возьмемся за справаводства, i з дапамогай новых тэхналогiй зэканомiм супрацоўнiкам сельсаветаў час для жывых стасункаў з людзьмi.

Генадзь Навiцкi паабяцаў быць верным пасланнiкам Магiлёўскай вобласцi ў высокiм рэспублiканскiм органе. Усе кандыдаты ў сенатары запэўнiвалi з трыбуны ў Магiлёве, што будуць дбаць пра стабiльнасць дзяржавы i адстойваць iнтарэсы простых людзей. У вынiку тайнага галасавання яны атрымалi мандат даверу на працу ў Савеце Рэспублiкi Нацыянальнага сходу.

Iлона Iванова