СМИ о банке
14.08.2008

Ільготная кароўка ("Звязда", 13.08.2008)

Ці можна ўзяць ільготныя крэдыты на развiццё асабiстай гаспадаркi?

Нашая пастаянная чытачка нядаўна патэлефанавала ў рэдакцыю. I падзялiлася сваёй жыццёвай праблемай. Жыве Людмiла Васiльеўна ў прыгарадзе Бабруйска. Ужо знаходзiцца на пенсii, аднак трымае кароўку i малако здае дзяржаве.

 I вось што яе засмучае: "От я б сабе яшчэ адну кароўку завяла. А мо б i не адну. I даiльны апарат бы набыла. Ды хiба з пенсii грошай хопiць? Я б крэдыт у банку ўзяла, ды даюць яго пад 17 працэнтаў! А гэта вельмi шмат, дык во скажыце, цi нельга б людзям у сельскай мясцовасцi якiя льготныя крэдыты даваць пад такiя патрэбы, ну хаця б працэнтаў пад 5?.. Пакуль яшчэ ёсць у людзей жаданне працаваць у вёсцы...".

Пагутарылi мы з Людмiлай Васiльеўнай, паклаў я слухаўку i задумаўся, што i сапраўды дзiўна атрымлiваецца: з усiх трыбун кажуць, што вёска вымiрае, маладыя не хочуць заставацца там, iмкнуцца ў горад, а тут раптам крэдыт на развiццё ўласнай гаспадаркi трэба браць на такiх жа ўмовах, як, скажам, на набыццё тэлевiзара. Без тэлевiзара вясковец пражыве, а вось без кароўкi...

Як мне ўдалося высветлiць, карова будзе каштаваць недзе ад мiльёна i да мiльёна з паловай у залежнасцi ад сваёй вагi i "прафесiйных" якасцяў. Такая сума i з такiмi мэтамi падпадае пад крэдыт на спажывецкiя патрэбы. Атрымаць яго можна практычна ў любым банку нашай краiны, але на розных умовах: з паручыцелямі i без, з абмежаваннем узросту да 65 гадоў i без, з рознымi тэрмiнамi прыняцця рашэння аб выдачы крэдыту i гэтак далей. Аднак працэнтная стаўка паўсюль прыкладна аднолькавая - у межах 15-18%.

Для сельскага насельнiцтва знiжкi прадугледжаны толькi ў адным з зарэгiстраваных у краіне банкаў - у ААТ "ААБ Беларусканк". У iм крэдыт на спажывецкiя патрэбы ў памеры да 200 базавых велiчынь на тэрмiн да 1 года жыхары населеных пунктаў з насельнiцтвам да 20 тыс. чалавек могуць атрымаць пад 12% (гарадскiя - пад 13%), на тэрмiн да 3 гадоў - пад 13% (гарадскiя - пад 15%), а на тэрмiн да 5 гадоў - пад 17% (для гарадскiх такi крэдыт наогул не прадугледжаны).

Уладзiмiр Раманчук, дырэктар дэпартамента крэдытавання насельнiцтва ААТ "ААБ Беларусбанк", кажа, што пад меншы працэнт крэдыт выдаць немагчыма, бо, напрыклад, кожны хоча пакласцi ў банк грошы пад высокi працэнт, а ўзяць крэдыт - пад малы. А банку ж таксама трэба за нешта жыць.

Таму выйсце адно - знiжкi для сельскага насельнiцтва банку павiнна кампенсаваць дзяржава. Але пакуль на гэта ў сферы спажывецкiх крэдытаў няма прававых асноў у адрозненне, напрыклад, ад крэдытавання будаўнiцтва жылля. Таму нават тыя знiжкi для вяскоўцаў на 1-2 працэнты на крэдыты, што дае "Беларусбанк", - гэта ўласная iнiцыятыва банка.

I каб даведацца, цi зможа ў блiжэйшы час Людмiла Васiльеўна атрымаць iльготны крэдыт для набыцця кароўкi, я завiтаў у Мiнiстэрства сельскай гаспадаркi i харчавання. Там у аддзеле ўкаранення новых формаў гаспадарання мне расказалi, што ўжо падрыхтаваны праект пастановы Савета Мiнiстраў, у якiм прадугледжана адкрыццё спецыяльный крэдытнай лiнii для насельнiцтва на набыццё жывёлы, элiтнага насення, сельскагаспадарчай тэхнiкi малой магутнасцi i г.д. Пакуль гэты дакумент знаходзiцца ў мiнiстэрстве i, калi будзе падпiсаны мiнiстрам, пойдзе ў Саўмiн i на ўзгадненне па iншых iнстанцыях. Наколькi льготнымi будуць умовы крэдытавання, колькi часу пройдзе да прыняцця гэтай пастановы, а таксама якiм у рэшце рэшт атрымаецца гэта дакумент на выхадзе, спецыялiсты Мiнiстэрсва сельскай гаспадаркi i харчавання не ведаюць.

...Карова сама да Людмiлы Васiльеўны не прыйдзе. Яе прыйдзецца купляць i, хутчэй за ўсё, у крэдыт. А вось колькi Людмiла Васiльеўна заплацiць працэнтаў - залежыць ад дапамогi дзяржавы, ад таго, як вышэйназваны праект пастановы Саўмiна будзе зацверджаны. Дарэчы, хутка выбары ў Нацыянальны сход, i можа так стацца, што сельскае насельнiцтва, а ў тым лiку i Людмiла Васiльеўна, атрымае падарунак да выбараў - магчымасць узяць iльготныя крэдыты на развiццё асабiстай гаспадаркi.

Павел БЕРАСНЕЎ.