СМИ о банке
11.06.2008

Паважаныя пасажыры, беражыце свае рэчы! ("Звязда", 11.06.2008)

Часцей за ўсё людзі расстаюцца з каштоўнымi рэчамi ў месцах з хуткай дынамiкай: на вакзалах, у грамадскiм транспарце i таксi. Паводле слоў начальнiка РУУС Заводскага раёна Мiнска Вадзiма Мядзвецкага, пасля таго як людзi пачалi атрымлiваць зарплату па пластыкавых картках, павялiчылася колькасць зваротаў, як правiла жанчын, з нагоды страты гэтай карткi. "Я згубiла кашалёк, у якiм ляжала пластыкавая картка i паперка з запiсам пiн-кода (некаторыя ўмудраюцца на картцы напiсаць свой пiн-код, каб злачынцам было зручней зняць грошы). Да таго моманту, пакуль я паспела заблакаваць картку, з яе знялi грошы". У такой сiтуацыi можна падаць заяву па факце крадзяжу грошай.

Па каментарый я звярнулася да прэс-сакратара ААТ "ААБ Беларусбанк" Сяргея Верашчака:

- Калi чалавек страцiў картку i iншаму чалавеку стаў вядомы пiн-код, уладальнiк рахунка (гаспадар карткi) павiнен неадкладна, перш чым звярнуцца ў мiлiцыю, заявiць аб гэтым у банк для блакiроўкi карткi. Важна не даць магчымасцi iншаму чалавеку выкарыстаць вашу картку. Для гэтага неабходна правесцi яе блакiроўку, патэлефанаваўшы па нумары (017) 299 25 26. Затым трэба звярнуцца ў фiлiял, дзе вы атрымлiвалi картку, i напiсаць заяву аб яе страце. У межах пяцi дзён клiент атрымлiвае новы ключ доступу да свайго карт-рахунка. Перавыпуск "зарплатнай" карткi каштуе 10 тысяч рублёў.

Да пiсьмовай заявы аб страце i крадзяжы карткi ўладальнiк рахунка поўнасцю нясе адказнасць за аперацыi па яго картцы. Акрамя таго, нават тады, калi вы згубiлi картку VISA Electron i перакананыя, што нiхто не ведае ваш пiн-код, усё роўна трэба звярнуцца ў банк, каб заблакаваць картку, бо ў некаторых крамах можна разлiчвацца карткай i без уводу пiн-кода (тут многае залежыць ад прадаўца, якi абавязаны папрасiць пакупнiка паставiць уласны подпiс на квiтку i параўнаць яго з подпiсам на картцы).

Знайсцi таго, хто зняў грошы па страчанай картцы рэальна, бо кожны банкамат забяспечаны сiстэмай вiдэаназiрання. Але гэта ўжо справа праваахоўных органаў.

Галоўная ўмова для клiентаў - выкананне элементарных правiлаў карыстання карткай, усе яны прапiсаны ў дагаворы. I перш за ўсё ўладальнiк карткi павiнен трымаць свой пiн-код у сакрэце, яго не ведаюць нават у банку. Своечасова паведамляйце ў выпадку страты - i банк гарантуе захаванасць вашых сродкаў, - падкрэслiў Сяргей Верашчак.

Надзея ДРЫЛА