СМИ о банке
25.02.2008

Уладзiмiр Занько: "Беларусбанк" — гэта сур’ёзная, стабiльная i квалiфiкаваная каманда" ("Звязда", 22.02.2008)

На пытаннi карэспандэнта "Звязды" адказвае намеснiк старшынi Праўлення - дырэктар дэпартамента персаналу ААТ "ААБ Беларусбанк" Уладзiмiр Занько.

- Уладзiмiр Аляксандравiч, "Беларусбанк" зарэкамендаваў сябе надзейным, стабiльным i паспяховым банкам. Пра гэта, у прыватнасцi, сведчаць i вынiкi працы, якiя паказвае сiстэмаўтваральны банк.

- Зазначу, што летась па вынiках дзейнасцi банка быў атрыманы прыбытак у памеры 189,5 мiльярда рублёў, што вышэй за ўзровень 2006 года на 55 працэнтаў. Рэнтабельнасць дзейнасцi банка склала 11,2 працэнта пры 10,1 працэнта за 2006 год. Нарматыўны капiтал банка на 1 студзеня 2008 года склаў 2112,8 млрд рублёў i павялiчыўся з пачатку года на 342,8 млрд рублёў. Статутны фонд склаў 1 638,8 млрд рублёў, або 517,5 млн еўра. Паказчык дастатковасцi нарматыўнага капiталу склаў 16,4 працэнта (пры нарматыве - не менш за 8 працэнтаў).

Устойлiвасць i стабiльнасць пазiцый ААТ "ААБ Беларусбанк" у банкаўскай сiстэме Рэспублiкi Беларусь пацвярджаецца ступенню яго ўдзелу ў фармiраваннi шэрагу асноўных паказчыкаў: уласнага капiталу - 32,4 працэнта; статутнага фонду - 37 працэнтаў; рэсурснай базы - 42 працэнты; сродкаў насельнiцтва - 60,5 працэнта; крэдытных укладанняў - 44 працэнты; прыбытку - 29 працэнтаў.

Акрамя таго, пра стабiльнасць i ўстойлiвасць нашых пазiцый сведчыць i той факт, што з 2001 года "Беларусбанк" на рэгулярнай аснове атрымлiвае мiжнародныя крэдытныя рэйтынгi рэйтынгавага агенцтва "Фiтч Рэйтынгс". А летась мiжнароднае рэйтынгавае агенцтва "Мудзiс Iнвестарс Сервiс" упершыню прысвоiла ААТ "ААБ Беларусбанк" другi мiжнародны крэдытны рэйтынг, што дазволiць замежным iнвестарам атрымаць больш поўную i дакладную ацэнку банка з некалькiх незалежных мiжнародна прызнаных рэйтынгавых агенцтваў.

Гэта ўсё робяць людзi, якiя з'яўляюцца камандай прафесiяналаў на ўсiх узроўнях: ад аперацыйна-касавых работнiкаў, якiя свабодна арыентуюцца ва ўсёй разнастайнасцi банкаўскiх паслуг, да кiраўнiкоў вышэйшага звяна. Iх веды, спрактыкаванасць, iнiцыятыва, добрасумленнае стаўленне да працы - асноўны капiтал банка. I вось гэта ўсё разам дазволiла "Беларусбанку" заняць дастойнае месца сярод буйных сусветных фiнансавых iнстытутаў. За гэта iм вялiкая ўдзячнасць.

- Ваш банк стаў першапраходцам, укаранiўшы некалькi гадоў таму свае квалiфiкацыйныя патрабаваннi да работнiкаў "Беларусбанка". У чым сутнасць гэтай сiстэмы, i наколькi яна сябе апраўдала?

- Пагадзiцеся, у банк павiнна падбiрацца сур'ёзная, стабiльная i квалiфiкаваная каманда. А таму пасля аб'яднання "Беларусбанка" з Ашчадбанкам - банкам, якi выконваў простую работу (камунальныя плацяжы, укладныя аперацыi), неабходна было ствараць новы iнструмент, новы механiзм кiравання i арганiзацыi працы з людзьмi, што дазваляла б прыцягваць сюды прыстойных i надзейных прафесiяналаў. Так, патрабаваннi выпрацоўвалiся няпроста. Перш чым канчаткова зацвердзiць iх, у дакумент было ўнесена шмат змяненняў. Заўважу, што нi адна банкаўская структура ў той час такiмi пытаннямi не займалася. I на сёння такая сiстэма сябе поўнасцю апраўдвае. Самае галоўнае, што ў гэтай справе мы атрымалi падтрымку ад кiраўнiцтва банка i рабiлi яе, супастаўляючы ўсе даныя распрацовак з Праўленнем банка. У адрозненне ад простых службовых iнструкцый, што пералiчваюць службовыя абавязкi кiраўнiкоў i спецыялiстаў, мы ў гэтым дакуменце падрабязна распiсалi, якой адукацыяй, квалiфiкацыяй, асабiстымi якасцямi павiнен валодаць работнiк адпаведнай пасады ў адпаведным структурным падраздзяленнi - эканамiсты, бухгалтарскiя, аператыўна-касавыя работнiкi... З улiкам гэтага мы i падбiраем у банк людзей на конкурснай аснове. I перш за ўсё адказнасць у гэтым пытаннi ўскладзена на кiраўнiкоў нашых устаноў i падраздзяленняў: яны зацiкаўлены ў тым, каб у банку былi першакласныя спецыялiсты. Адзiнае, што хацелася б падкрэслiць, - квалiфiкацыйныя патрабаваннi ў пэўнай ступенi неабходна ўвесь час пераглядаць: жыццё не стаiць на месцы i патрабаваннi становяцца больш жорсткiмi. Што цалкам i зразумела: банкi заўсёды iшлi наперадзе развiцця народнай гаспадаркi, а таму банкаўская структура павiнна быць квалiфiкаванай. Без гэтага, зазначу, немагчыма развiццё банкаўскай iнфраструктуры.

- "Беларусбанк", акрамя стандартных аперацый, напрыклад, зберажэння капiталу, бярэ ўдзел у крэдытаваннi будаўнiцтва жылля i г.д. Зразумела, што падобныя аперацыi па сiлах толькi сапраўдным прафесiяналам.

- Для таго, каб вызначыць пазiцыi нашага банка ў дачыненнi да iншых структур, мы ствараем стратэгiю развiцця. У нашым дэпартаменце ёсць упраўленне манiторынгу персаналу, гэта значыць мы стараемся вызначыць мэты i задачы па персаналу ў нашай сiстэме, даць ацэнку яго дзейнасцi, ажыццяўляем планаванне персаналу. Раней работа кадравых службаў была накiравана на тое, каб, напрыклад, проста прыняць чалавека на працу, цi звольнiць, перамясцiць яго. Сёння ж для таго, каб даць перадумовы для развiцця нейкай iнфраструктуры, неабходна зрабiць так, каб людзi адчувалi сябе камфортна ў любой арганiзацыi, а таму мы павышаем патрабаваннi да прафесiяналаў. I, у першую чаргу, калi гаворым аб прафесiяналiзме, патрэбна весцi гутарку аб адукацыйным узроўнi нашых работнiкаў. Мы вельмi сур'ёзна падыходзiм да пытання фармiравання той каманды, якая павiнна быць у нашым банку, i паднялi планку вышэйшай адукацыi работнiкаў да 50 працэнтаў.

- Мiж iншым, у "Беларусбанку" працуе шматтысячны калектыў, якi неабходна папаўняць новымi спецыялiстамi. Адкуль да вас прыходзяць спецыялiсты? На каго вы робiце стаўку - на моладзь, якая толькi выйшла са сцен навучальнай установы, цi на прафесiяналаў, якiх прыцягваеце збоку?

- У сiстэме ААТ "ААБ Беларусбанк" сёння больш за 25 тысяч супрацоўнiкаў. Гэты паказчык па аб'ектыўных прычынах расце з году ў год: улiчваючы iмклiвае развiццё дзяржавы, эканомiкi краiны, мы таксама ствараем свае ўстановы i забяспечваем дадатковыя магчымасцi для абслугоўвання насельнiцтва. Напрыклад, у краiне зараз адзiн з напрамкаў развiцця - стварэнне аграгарадкоў. А як аграгарадок можа абысцiся без банка? Магчыма, iншы банк i не пойдзе ў тыя месцы, дзе ёсць праблемы з камплектаваннем персаналу, абслугоўваннем людзей. Мы ж, наадварот, iдзём туды - гэта наша мiсiя як дзяржаўнага банка. Таму калектыў пастаянна папаўняецца новымi кадрамi, штогод мы прымаем у сваю сiстэму каля 700 маладых спецыялiстаў, прыцягваем квалiфiкаваных спецыялiстаў збоку. Дарэчы, у адпаведнасцi з нашай праграмай развiцця мы накiраваны на тое, каб сярэднi ўзрост работнiкаў "Беларусбанка" складаў 36 гадоў, а па сярэднiм узросце кiруючага складу мы выйшлi на ўзрост каля 40 гадоў. Што ж датычыцца фармiравання якаснага асяроддзя персаналу, то на гэтым шляху мы даўно i паспяхова супрацоўнiчаем з вядучымi навучальнымi ўстановамi краiны, якiя рыхтуюць спецыялiстаў банкаўскага профiлю, сярод якiх Беларускi дзяржаўны эканамiчны ўнiверсiтэт, Мiнскi фiнансава-эканамiчны каледж i Палескi ўнiверсiтэт i iншыя. Выпускнiкi гэтых устаноў прыходзяць да нас i мы займаемся далейшай iх падрыхтоўкай: не заўсёды тэарэтычная падрыхтоўка адпавядае практычным навыкам. Таму з моладдзю працуюць спрактыкаваныя настаўнiкi. У праграме развiцця персаналу ў абавязковым парадку выкарыстоўваецца працэс падрыхтоўкi маладога спецыялiста: на настаўнiкаў тут ускладваюцца сур'ёзныя патрабаваннi i адказнасць. Зазначу, што пытанне "хто прыходзiць да нас?" - адзiн з важных напрамкаў працы з персаналам, працы з людзьмi.

- Адзiн з крытэрыяў працы кадравай службы з'яўляецца цякучасць кадраў. На якiм узроўнi яна ў "Беларусбанку?

- Па вынiках мiнулага года гэты паказчык склаў 5,2 працэнта. Гэта нармальны паказчык, якi характарызуе працу стабiльнага калектыву па пытаннях яго якасцi, адносiнаў да працы, i, мабыць, сiстэмы аплаты працы, псiхалагiчных адносiнаў. У выпадку, калi ў калектыве паказчык цякучасцi складае 10 i болей працэнтаў, - узнiкае шмат пытанняў. I першае - чаму людзi сыходзяць? Значыць, трэба шукаць варыянты кiравання. Магчыма, кiраўнiк вельмi жорсткi адмiнiстратар, цi людзей не задавальняе аплата працы, маральна-псiхалагiчны клiмат у калектыве. Неабходна ставiць гэтыя пытаннi i вырашаць iх, iнакш калектыў распадзецца. У нас, дарэчы, нiхто не замiнае спецыялiсту падымацца ўверх па службовай лесвiцы. Калi работнiку не падабаецца парадак працы, то пасля заканчэння тэрмiну дагавора банка з iм спецыялiст пакiдае банк. Па аб'ектыўных прычынах атрымлiваецца, што крыху вышэйшы паказчык цякучасцi аперацыйна-касавых работнiкаў у абласных цэнтрах i Мiнску: тут ёсць магчымасць мiграцыi, пошуку месца, дзе зарплата вышэйшая. Безумоўна, можна весцi гутарку пра тое, як зменшыць працэнт цякучасцi - крокаў для гэтага шмат, адпаведны алгарытм пралiчаны. Але каб калектыў быў пастаянны, патрэбна мець пэўныя пазiцыi яго развiцця з пункту гледжання эканамiчнага эфекту: неабходна даваць калектыву творча працаваць i выконваць усе творчыя паказчыкi. У нас, вядома ж, прад'яўляюцца да супрацоўнiкаў банка павышаныя патрабаваннi, але сёння ўжо нельга працаваць па-iншаму. Я вышэй узгадваў, што летась банк атрымаў прыбытак 189,5 мiльярда рублёў, а на сёлета ставiцца задача давесцi гэты паказчык да 250 мiльярдаў. Гэта значыць, нашы работнiкi павiнны напружана працаваць - адказнасць будзе сур'ёзная i скiдак нiкому не будзе. Каб паказваць вынiкi, неабходна пастаянна ўдасканальваць працу, не будзе пошуку - нас абыдуць iншыя банкi.

- Для маладых спецыялiстаў вельмi важнае пытанне - як вырашаюцца iх сацыяльныя праблемы. Што ў гэтым плане робiцца ў "Беларусбанку"?

- Для нас гэта вельмi актуальнае пытанне, i мы яго ў пэўнай ступенi звязваем з замацаваннем маладых спецыялiстаў. Праблем тут хапае. Напрыклад, калi малады спецыялiст прыязджае на працу ў сельскi фiлiял, то ён, у першую чаргу, сутыкаецца з жыллёвай праблемай. Каб вырашыць яе, мы ставiм задачу больш цеснага кантакту з мясцовымi органамi ўлады па пытаннях працаўладкавання i сацыяльнага статусу моладзi, стараемся ствараць умовы, каб работнiкi самастойна будавалi жыллё. У нашых сiлах дапамагчы маладому чалавеку ўзяць крэдыт, каб ён пабудаваў жыллё i застаўся працаваць на месцы. Хацелася б падкрэслiць, што праца з людзьмi - вельмi сур'ёзны напрамак у "Беларусбанку". Моладзь жа, трэба заўважыць, сёння выконвае вельмi вялiкiя функцыi, у тым лiку i ў нашым банку, а маладзёжны рух з'яўляецца асноўнай апорай у жыццi любога працоўнага калектыву i асаблiва кiраўнiка. Разумеючы гэта, мы, каб накiраваць энергiю i патэнцыял маладых людзей у правiльнае рэчышча, перадаць iм веды, аб'яднаць iх, стварылi тры гады таму галiновую арганiзацыю БРСМ у банку. Зараз каля 3 тысяч чалавек уваходзяць у склад гэтага саюза. I заўсёды прыемна бачыць, што наша моладзь бярэ актыўны ўдзел, напрыклад, у сiстэме дабрачыннай дапамогi, арганiзоўвае на месцах шматлiкiя мерапрыемствы сацыяльнага i iдэалагiчнага плана, шэфскiя канцэрты, спартакiяды, конкурсы.

- Многiя вашы клiенты заўважылi, што "Беларусбанк" надае шмат увагi не толькi якаснаму абслугоўванню насельнiцтва, але i афармленню ўнутраных iнтэр'ераў памяшкання банка. За апошнiя гады аддзяленнi i фiлiялы банка iстотна папрыгажэлi, сюды прыемна прыходзiць i клiентам, i персаналу.

- Можна з гонарам казаць, што каля 70 працэнтаў усiх нашых устаноў ужо рэканструяваны. Гэта вялiкая праца i яна патрабуе адцягнення значных фiнансавых сродкаў. Аднак мы робiм усё для нашых людзей. Першы наш тэзiс - якаснае абслугоўванне клiентаў, другi - знешняе афармленне i iмiдж банкаўскай структуры. Ну як, напрыклад, клiент VIР-класа можа прыйсцi ва ўбогае памяшканне, дзе рамонт не праводзiўся гадоў 20, дзе не створаны ўмовы для таго асяроддзя зносiнаў, якiя павiнны быць на ўзроўнi карпаратыўных адносiнаў з клiентам. Таму мы штогод стараемся папаўняць пералiк устаноў, дзе праводзiлi рэканструкцыю, будуем новыя. Сёння, улiчваючы iмiдж банка, мы разглядаем i пытанне аб будаўнiцтве цэнтральнага офiса ў Мiнску на праспекце Дзяржынскага. Будзем будаваць вялiкi, прыгожы офiс - гэта будзе адна з найпрыгажэйшых устаноў у Беларусi. Ужо, дарэчы, ёсць архiтэктурнае рашэнне гэтага аб'екта. Спадзяюся, што ў блiжэйшыя два-тры гады мы атрымаем будынак, якi будзе не толькi вiзiтоўкай "Беларусбанка", але i Мiнска, i краiны.

Наш банк жыве не толькi сённяшнiм днём, але i днём будучым. Таму ўся тэхналогiя iдэалагiчнай працы накiравана на тое, каб стварыць усе ўмовы для дастойнага прадстаўлення банка як на ўзроўнi нашай дзяржавы, так i за мяжой. Мiж iншым, зараз наш банк актыўна ўдзельнiчае ў праекце па стварэннi новага прадстаўнiцтва ў Лондане, дзе сустракаюцца i суправаджаюцца вялiкiя грашовыя патокi. Як вядома, "Беларусбанк" дастойна прадстаўлены i ў Кiтаi. Улiчваючы ўсё вышэйсказанае, я ўпэўнены, што наш банк будзе насамрэч лiдарам на рынку банкаўскага развiцця, развiцця нашай эканомiкi. Безумоўна, гэта лiдарства вельмi складана будзе ўтрымаць - высокая канкурэнцыя, але дзякуючы намаганням нашага кiраўнiцтва, калектыву, - цалкам магчыма.

Iгар ШЧУЧЭНКА.