СМИ о банке
20.12.2007

Першы банк Беларусі ("Звязда", 20.12.2007)

Восемдзесят пяць годаў споўнiлася самаму вядомаму i буйному банку ў нашай краiне — ААТ "Ашчадны банк Беларусбанк". Ён лiчыцца першым правамерна. Найбольш вялiкi па аб’ёму актываў i колькасцi клiентаў (сярод якiх як тысячы фiзiчных укладчыкаў, так i вядучыя беларускiя кампанii i прадпрыемствы), банк з поспехам кiруе самай развiтой сiстэмай фiлiялаў, а па аперацыях на знешнiх рынках i колькасцi выдадзеных крэдытаў апярэджвае ўсiх канкурэнтаў. Нездарма на мiжнароднай арэне ААТ "ААБ Беларусбанк" займае пачэснае месца сярод трох сотняў самых вялiкiх у Еўропе, i ўваходзiць у ганаровую тысячу буйных банкаў свету.

...А пачыналася ўсё са стварэння ў 1922 годзе ашчадных касаў. Без іх без уласнай крэдытна-фiнансавай сiстэмы не магла i не можа абыходзiцца нiводная дзяржава. Ва ўсе гады банк заставаўся разам з людзьмi. У час вайны былi арганiзаваны палявыя ашчадныя касы, якiя прымалi i выдавалi ўклады адразу ж на франтах. У мiрны час банкаўская сфера пачала развiвацца далей — з’яўляюцца паслугi безнаяўных разлiкаў, усё расце i расце колькасць касаў у сельскай мясцовасцi. Спачатку ў якасцi эксперыменту праз ашчадныя касы пачынае выплачвацца заработная плата, а ў васьмiдзесятых гадах з’яўляюцца першыя камп’ютары. У 1995 годзе шляхам злiцця Ашчаднага банка Рэспублiкi Беларусь i Акцыянернага камерцыйнага банка "Беларусбанк" арганiзавана ААТ "Ашчадны банк "Беларусбанк"...

Нават калi глядзець у недалёкае мiнулае, параўнаць час сённяшнi i колiшнi, калi ўстанова спраўляла васьмiдзесяцiгадовы юбiлей, сукупныя яе актывы выраслi за пяць гадоў у пяць разоў. Распавядае намеснiк старшынi праўлення ААТ "Ашчадны банк "Беларусбанк" Уладзiмiр Новiк:

— На сёння сукупныя актывы нашага банка складаюць больш за 7 мiльярдаў долараў. Значна павялiчылася i рэсурсная база, мы сталi прыкметнымi на знешнiм рынку, па аперацыях на якiх займаем першае месца сярод беларускiх банкаў. Мы з’яўляемся i самым буйным крэдыторам рэальнага сектара эканомiкi. Крэдытны партфель банка складае 13 трыльёнаў рублёў, што ў дваццаць разоў вышэй, чым у пачатку 2001 года.

Напрыклад, сур’ёзны клiент можа разлiчваць на атрыманне крэдыту ў памеры да 250 мiльёнаў долараў. Больш нi адзiн банк у краiне не здольны "пазычыць" пад працэнты такi вялiкi аб’ём сродкаў. Нездарма мiжнароднае рэйтынгавае агенцтва "Moody’s Іnvestors Service" прысвоiла ўстанове рэйтынг устойлiвасцi Е+, доўгатэрмiновы рэйтынг Ва1 i кароткатэрмiновы Not Prime для дэпазiтаў у нацыянальнай валюце, В2 i Not Prime для дэпазiтаў у замежнай валюце. Мiжнароднае рэйтынгавае агенцтва Fitch Ratings павысiла доўгатэрмiновы рэйтынг з узроўню "ССС+" до "В-", i кароткатэрмiновы з узроўню "С" да "В". Гэтыя рэйтынгi, паводле мiжнароднай класiфiкацыi, сведчаць аб устойлiвым развiццi банка.

Слова даверу застаецца i за ўкладчыкамi банка. ААТ "ААБ Беларусбанк" тут роўных няма. Аб даверы людзей да "свайго" банка сведчыць, напрыклад, хоць бы той факт, што з 2001 года аб’ём прыцягнутых сродкаў фiзiчных асобаў вырас у трыццаць разоў, да 6,2 трыльёнаў рублёў.

— Найбольш запатрабаванымi сталi крэдыты на спажывецкiя патрэбы, для набыцця нерухомасцi, для вучобы i адпачынку, у апошнiя час — аўтамабiльныя крэдыты, — падкрэсліў Уладзiмiр Новiк. — Акрамя крэдытаў, мы прапануем сiстэму будаўнiчых зберажэнняў i аблiгацыi. У будучым чалавек зможа працаваць са сваiм рахункам, знаходзячыся ў любым пункце свету. Мы iмкнёмся, каб клiент усё менш наведваў офiс нашага банка i эканомiў свой час.

Яшчэ адна прыемная навiна — будзе пашырана сiстэма банкаматаў i тэрмiналаў аплаты за камунальныя паслугi. Пасля наведвання пэўнай электроннай старонкi пад назвай "калькулятар крэдыту" i адказу на змешчаныя на ёй пытаннi, камп’ютар сам падлiчвае i дае адказ, на якi лiмiт крэдыту карыстальнiк можа разлiчваць.

Свае ўкладаннi банку даверылi больш за 60 працэнтаў людзей, якiя жывуць у нашай краiне.

Летась установа атрымала ўзнагароду "Банк года Беларусi". Таварыства пачало ўжо, i на працягу двух гадоў скончыць падрыхтоўку да першапачатковага размяшчэння акцый (IPO) на Лонданскай фондавай бiржы — адным з цэнтраў гандлю каштоўнымi паперамi вядучых кампанiй сусвету.

— Гэта патрабуе ад нас засваення мiжнародных стандартаў, — працягвае Уладзiмiр Новiк. — Публiчнае размяшчэнне каштоўных папер — сур’ёзны i адказны крок.

Банк ужо мае свае прадстаўнiцтвы ў Кiтаi, Расii, Польшчы, Германii, зараз з’явiцца яшчэ адно, у сталiцы Вялiкабрытанii. Поспехi заўважальныя за мяжой, i таму да банка прыглядаюцца замежныя iнвестары.

— Так, да нас звяртаюцца з рэальнымi прапановамi аб набыццi часткi акцый нашага банка ААТ "ААБ Беларусбанк" падрыхтаваны да супрацоўнiцтва з замежнымi партнёрамi, i для нас няма рознiцы, з заходняга цi ўсходняга рэгiёна свету яны да нас звяртаюцца. У нас ёсць пэўныя патрабаваннi — акрамя грашовай долi, магчымы партнёр павiнен прадстаўляць вопытны, аўтарытэтны ў свеце фiнансавы iнстытут, мець самыя сучасныя банкаўскiя тэхналогii i вопытны менеджмент, — узгадаў Уладзiмiр Уладзiмiравiч. — А ўвогуле, канчатковае рашэнне аб продажы часткi акцый нашага банка заўсёды застаецца за яго ўласнiкам — дзяржавай.

На сёння банк мае больш за дзве тысячы сваiх падраздзяленняў, геаграфiя дзелавога супрацоўнiцтва перавышае 30 краiн. Зараз ён фiнансуе больш за дзевяноста iнвестыцыйных праектаў. За адзiнаццаць гадоў дзякуючы крэдытнай падтрымцы банка ў эксплуатацыю былi ўведзены 2400 шматкватэрных дамоў, больш за 170 тысяч чалавек палепшылi свае жыллёвыя ўмовы.

Грошы застануцца толькi фiнансавымi сродкамi, галоўны ж капiтал — заўсёды людзi. Менавiта дзякуючы розуму, iдэям, энергii i працавiтасцi работнiкаў ААТ "ААБ Беларусбанк" ён дасягнуў сваёй вяршынi. У дзень святкавання юбiлею ў Палацы Рэспублiкi, старшыня праўлення Адкрытага акцыянернага таварыства "Ашчадны банк "Беларусбанк" Надзея Ермакова выказала сардэчную падзяку сваiм работнiкам, усiм людзям, якiя дапамагалi станаўленню i развiццю банка. Заработную плату праз банк атрымлiвае кожны другi працуючы, пенсiю — кожны пяты пенсiянер. Большасць пластыкавых картак таксама належыць ААТ "ААБ Беларусбанк". У гонар юбiлею калектыву гэтай установы быў уручаны Прывiтальны адрас i Падзяка кiраўнiка дзяржавы, гучалi вiтальныя словы ад Адмiнiстрацыi Прэзiдэнта, работнiкi ўстановы атрымалi Ганаровыя граматы Савета Мiнiстраў i Нацыянальнага сходу, Нацыянальнага банка i Мiнiстэрства фiнансаў.

Дзмiтрый АЛЬФЕР.