СМИ о банке
14.12.2007

ААТ "АСБ Беларусбанк" ушанаваў лепшых кліентаў-2007 ("Звязда", 08.12.2007)

У Нацыянальнай бiблiятэцы Беларусi адбылося ўзнагароджанне клiентаў-пераможцаў ААТ "АСБ Беларусбанк" па вынiках работы 2007 года.

Старшыня Праўлення ААТ "АСБ Беларусбанк" Надзея ЕРМАКОВА нагадала на адкрыццi цырымонii, што ўрачыстая сустрэча наладжана напярэдаднi 85-годдзя з дня ўтварэння банка, а таксама зазначыла, што, па вялiкiм рахунку, усе банкаўскiя клiенты, а гэта 77 тысяч прадпрыемстваў i арганiзацый розных формаў уласнасцi, або 20 працэнтаў усiх юрыдычных асобаў - бясспрэчныя пераможцы ў сваёй справе.

Тым не менш у намiнацыях "За спажыванне найбольшага спектра паслуг", "За доўгачасовае i плённае супрацоўнiцтва", "За актыўнасць у развiццi новых формаў супрацоўнiцтва", "За паспяховую рэалiзацыю сумеснага праекта", За супрацоўнiцтва ў развiццi малога бiзнэсу" былi прадстаўлены 120 прадпрыемстваў, арганiзацый i ўстаноў краiны. Разам з ААТ "Палiмiр", ААТ "Нафтан", РУВП "Вiцязь", РУП "Гомсельмаш", ААТ "Белтрансгаз", РУП "Белтэлекам" i iншымi, адначасова з Нацыянальнай акадэмiяй навук Беларусi, Беларускiм дзяржаўным тэхнiчным унiверсiтэтам, Беларускiм дзяржаўным эканамiчным унiверсiтэтам, Мiнскiм дзяржаўным лiнгвiстычным унiверсiтэтам, Акадэмiяй упраўлення пры Прэзiдэнце Рэспублiкi Беларусь i iншымi ў намiнацыi "За доўгачасовае i плённае супрацоўнiцтва" былi прадстаўлены i сродкi масавай iнфармацыi - ЗАТ "Сталiчнае тэлебачанне", ЗАТ "Другi нацыянальны тэлеканал", Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанiя Рэспублiкi Беларусь, уласна газеты "Звязда", "Советская Белоруссия", "Народная газета"...

Варта нагадаць, што ААТ "АСБ Беларусбанк" з'яўляецца найбуйнейшым крэдыторам беларускай эканомiкi: яго крэдытны партфель складае 13,3 трлн рублёў, прычым за апошнiя сем гадоў ён павялiчыўся ў 20 разоў. Сёння банк прапануе сваiм клiентам звыш 120 вiдаў паслуг: ад стандартных па разлiкова-касаваму абслугоўванню да шматлiкiх паслуг мiжнароднага ўзроўню. Выкарыстанне сучасных тэхналогiй дазваляе ажыццяўляць аддаленае кiраванне рахункамi з дапамогай сiстэмы "Клiент-банк". З дапамогай электроннай сiстэмы плацяжы ажыццяўляюць каля 6 тысяч клiентаў. Каля 15 тысяч прадпрыемстваў, арганiзацый i ўстаноў знаходзяцца ў банку на абслугоўваннi па выдачы заработнай платы з выкарыстаннем банкаўскiх пластыкавых картак.

На працягу гэтага года банк прыцягнуў 2 сiндыкаваныя крэдыты ў агульным аб'ёме 143 млн долараў ЗША. У наступным годзе плануецца не толькi нарошчваць прамыя i сiндыкаваныя крэдыты, але i ажыццявiць дэбютны выпуск еўрааблiгацый у суме не менш за 200 млн долараў ЗША.

ААТ "АСБ Беларусбанк" актыўна ўдзельнiчае ў рэалiзацыi дзяржаўных iнвестыцыйных праграм, скiраваных на будаўнiцтва, мадэрнiзацыю, тэхнiчнае пераўзбраенне вытворчасцяў i ўдасканаленне тэхналагiчных працэсаў, асноўнымi з якiх з'яўляюцца Рэспублiканская праграма аснашчэння сельскагаспадарчай вытворчасцi сучаснай айчыннай тэхнiкай, праграмы развiцця цукровай i мяса-малочнай прамысловасцi, праграмы развiцця малых гарадоў.

Святлана БАРЫСЕНКА