СМИ о банке
04.12.2007

Пластыкавы "кашалёк": "за" i "супраць" ("Звязда", 04.12.2007)

Падчас "прамой лiнii" на Беларускiм радыё, у якой разам з журналiстам радыё Максiмам Углянiцам узяў удзел карэспандэнт "Звязды" i iшла размова з дырэктарам разлiковага цэнтра пластыкавых картак ААТ "ААБ Беларусбанк" Анатолем Багавiком пра плюсы i мiнусы банкаўскiх картак.

(Заканчэнне. Пачатак у нумары за 1 снежня.)

- Раней пры выездзе за мяжу з пластыкавай карткай з рахункам у беларускiх рублях нiчога нельга было зрабiць - па-за межамi краiны яна была бескарысная. Як цяпер?

- Сiтуацыя з цягам часу мяняецца ў лепшы бок для клiентаў. Акрамя мiжнародных картак з рахункам у доларах ЗША i еўра, якiя можна выкарыстоўваць за межамi Беларусi, сёння мы прапануем новы карткавы прадукт - гэта картка з рахункам у беларускiх рублях, але з правам хаджэння па ўсiм свеце, гэта значыць з правам мiжнароднага хаджэння. Яна чыпавая, i закрываюцца ўсе пытаннi па бяспечным выкарыстаннi яе як на тэрыторыi нашай краiны, так i за яе межамi. Кошт гэтай карткi 30 тысяч рублёў, а тэрмiн дзеяння 3 гады. Клiент можа прывязаць картку да свайго зарплатнага рахунка, i, выязджаючы за мяжу, ён можа выкарыстоўваць яе паўсюдна, дзе бачыць лагатып гэтай плацежнай сiстэмы - у рэстаранах, барах, кавярнях, таксi, магазiнах i т.п.

- Падкажыце, а як правiльна карыстацца карткай за мяжой, каб не плацiць вялiкiя камiсiйныя i не трапiць у нейкую непрыемную сiтуацыю?

- Чалавек павiнен разумець, што картка - ключ да яго кашалька, а таму яна заўсёды павiнна быць у полi яго зроку, а абслуговы персанал павiнен выконваць з ёй звычайныя традыцыйныя дзеяннi - уставiць картку ў тэрмiнал, набраць суму, якую вы павiнны заплацiць. Ваша ж асноўная задача - глядзець, каб сума супадала з той, што вы рэальна павiнны заплацiць за тавар, паслугу, i толькi пасля гэтага ўводзiць свой персанальны iдэнтыфiкацыйны нумар або ставiць подпiс. I трэба памятаць, што атрыманне наяўнасцi па пластыкавай картцы за мяжой - гэта плата камiсiйных. А вось безнаяўныя аперацыi праводзяцца бясплатна.

- У беларусаў усё большай папулярнасцю карыстаюцца крэдыты. Цi могуць клiенты банка атрымаць крэдыт на картку, а пасля яго пагашэння зноў зняць нейкую суму?

- Такi прадукт прапануецца ААТ "ААБ Беларусбанк", мы выдаём крэдыты з выкарыстаннем крэдытнай карткi на спажывецкiя патрэбы. Узяўшы пэўную суму крэдыту i кампенсаваўшы яе, у клiента маецца магчымасць паўторнага выкарыстання сумы крэдыту. Мы маем некалькi тыпаў крэдытных прадуктаў, у якiх ёсць пэўныя перавагi.

- Перавагi, трэба меркаваць, - больш нiзкi працэнт па крэдыту?

- Асноўная первага ў тым, што ў параўнаннi са звычайным традыцыйным крэдытам на яе працэнты налiчваюцца толькi з таго моманту, як вы на нейкiм прадпрыемстве гандлю або сэрвiсу яе скарыстаеце або знiмiце наяўныя грошы. Да таго ж працэнты налiчваюцца менавiта на тую суму, якую вы выкарыстаеце.

- Як забяспечваецца бяспека грошай на картцы? Цi можа нейкая трэцяя асоба ўзламаць рахунак i прысвоiць невялiкiя сумы?

- У першую чаргу, бяспека грашовых сродкаў клiента на каррахунку залежыць ад яго самога. Доступ да яго каррахунка можна атрымаць толькi маючы пластыкавую картку i ведаючы персанальны iдэнтыфiкацыйны нумар - пiн-код. Пiн-код выдаецца непасрэдна трымальнiку карткi, i ведае яго толькi сам гаспадар "пластыка" - яго не ведае нават банк. Напрыклад, клiенты часам звяртаюцца ў банк з просьбай падказаць код, якi яны не памятаюць: маўляў, падкажыце, якi ў нас пiн-код. Мы гэтага зрабiць не можам i рэкамендуем перавыпусцiць картку. Усе ўчасткi правядзення аперацый па пластыкавых картках iдуць з выкарыстаннем пэўных ключоў шыфравання. Акрамя таго, у нас ёсць сiстэма манiторынгу для аперацый, якая працуе па пэўных алгарытмах, i ўсе падазроныя акалiчнасцi па iх яна выдае аператару.

- Яшчэ адна важная тэма - не ва ўсiх прадпрыемствах гандлю, сэрвiсу прымаюцца да аплаты пластыкавыя карткi.

- Карткавы бiзнэс развiваецца. Калi вярнуцца на некалькi гадоў назад, то ў той час мы вялi размову пра тое, а цi дастаткова ў краiне банкаматаў. Сёння гэта тэма фактычна не ўзнiмаецца. Зараз мы гаворым аб наступным этапе - аб безнаяўных плацяжах i аб асноўным iх сегменце - прадпрыемствах гандлю i сэрвiсу. Тут таксама мы не топчамся на месцы, колькасць гандлёвых прадпрыемстваў, сэрвiсаў, дзе бяруць для аплаты "пластык", павялiчваецца. Праўда, нам хацелася б, каб працэс iшоў больш актыўнымi тэмпамi. Дзяржава ў гэтым пытаннi займае актыўную пазiцыю: перад гандлёвымi прадпрыемствамi ставiцца задача да канца 2010 года забяспечыць да 30 працэнтаў абарот безнаяўнасцi па картках у агульным аб'ёме гандлёвых аперацый.

- Жанчына, якая з горада часта выязджае ў вёску, пытаецца, цi можа яна перавесцi пенсiю на картку?

- Несумненна, яна можа гэта зрабiць. Грашовыя сродкi аўтаматычна будуць залiчвацца ёй на каррахунак, i яна зможа выкарыстаць iх там, дзе ёй будзе больш зручна.

- Адно з пажаданняў клiентаў - магчымасць здымаць наяўныя грошы па картцы ў iншых банках. Аднак, як вядома, за такую паслугу трэба плацiць камiсiйныя. Як тут будзе змяняцца сiтуацыя?

- Не памылюся, калi выкажу ўпэўненасць, што сiтуацыя i ў гэтым пытаннi будзе мяняцца. Раней кожны банк працаваў iндывiдуальна, а на сёння мы ўжо маем альянс з Нацыянальным банкам, i клiенты ААТ "ААБ Беларусбанк" могуць здымаць у банкаматах галоўнага банка краiны грошы без камiсii. Такой жа прывiлеяй карыстаюцца нашы клiенты пры правядзеннi аперацый i ў банкаматах Белпрамбудбанка. Мяркую, што ў перспектыве, магчыма ў найблiжэйшай, яшчэ шэраг банкаў увойдуць у гэты альянс, i мы пашырым бескамiсiйную сетку банкаматаў.

- У жыццi бываюць розныя сiтуацыi, адна з якiх - чалавеку спатрэбiлася больш грошай, чым засталося ў яго на картцы. Гэта магчыма?

- Дадзеную аперацыю можна правесцi, калi ў вас аформлены авердрафт па пластыкавай картцы - прадастаўленне кароткатэрмiновых крэдытаў. Гэта свайго роду дадатковая сума да рахунка чалавека, якую ён можа выкарыстоўваць.

- Давайце нагадаем чытачам, што рабiць, калi чалавек згубiў картку.

- Не трэба панiкаваць, нiчога страшнага не адбылося. Максiмальна хутка вы павiнны заявiць у банк аб страце. Для гэтага трэба прадставiць неабходную iнфармацыю ў кругласутачную сэрвiсную службу i правесцi блакiроўку аперацый па сваёй картцы. Пасля гэтага можаце спаць спакойна: нiякiх расходаў па вашым рахунку не будзе зроблена.

- Цi былi выпадкi, калi нехта iншы здымаў грошы па чужой картцы?

- На жаль, былi. Ёсць бяспечныя людзi, якiя выяўляюць страту карткi праз два-тры днi, а ёсць несумленныя, якiя гэтым карыстаюцца. Яшчэ адна памылка трымальнiкаў картак - яны захоўваюць разам з "пластыкам" пiн-код. Гэта толькi на руку зладзеям.

- У банкаўскай карткi ёсць яшчэ адзiн плюс, пра якi мы не ўзгадалi - на яе налiчваецца працэнт.

- Гэта яшчэ адна перавага карткi. Наяўныя грошы, якiя вы здымаеце i кладзяце ў кашалёк, або скрыню, не памнажаюцца. Тады як на грошы, што знаходзяцца на каррахунку, налiчваецца працэнт. Гэта таксама прыемна.

Iгар ШЧУЧЭНКА.