СМИ о банке
17.10.2007

ААТ "ААБ Беларусбанк": плацi карткай -- выйграеш мiльён ("Звязда", 17.10.2007)

Колькасць карыстальнiкаў пластыкавых картак няўхiльна расце, аднак многiя з iх усё яшчэ iмкнуцца пераводзiць грашовы запас у наяўны. ААТ "ААБ Беларусбанк" шукае новыя шляхi заахвочвання клiентаў да выкарыстання сучаснага спосабу разлiку, распаўсюджанага ва ўсiх цывiлiзаваных краiнах свету -- з дапамогай пластыкавай карткi. Падрабязнасцi тлумачыць намеснiк старшынi Праўлення ААТ "ААБ Беларусбанк" Сяргей ПIСАРЫК.

-- Сёння ААТ "ААБ Беларусбанк" абслугоўвае амаль 2,5 мiльёна трымальнiкаў пластыкавых картак. Мы iмкнёмся зацiкавiць клiентаў карыстацца карткай не толькi ў днi атрымання заробку, але i ў паўсядзённым жыццi. Банк пастаянна развiвае спектр магчымасцяў трымальнiкаў пластыкавых картак, якiя могуць ажыццявiць зараз з яе дапамогай звыш 20 вiдаў плацяжоў. Даволi хуткiмi тэмпамi павялiчваецца i колькасць месцаў, дзе можна прымянiць картку. Акрамя непасрэдна пашырэння i паляпшэння якасцi сэрвiсу для трымальнiкаў картак, мы пачалi працаваць у новым накiрунку -- арганiзацыi разнастайных гульняў, акцый i праграм, якiя спрыяюць павышэнню цiкаўнасцi да картак, дапамагаюць звярнуць увагу на зручнасць ажыццяўлення безнаяўных плацяжоў. Так, у снежнi гэтага года банк разыграе сярод трымальнiкаў картак грашовыя прызы на агульную суму 50 мiльёнаў рублёў. Для таго каб прэтэндаваць на прыз, дастаткова сiстэматычна расплачвацца карткай ААТ "ААБ Беларусбанка" за тавары i паслугi з 1 кастрычнiка па 30 лiстапада. Нават калі вы адзін раз аплаціце карткай пакупку, то аўтаматычна становіцеся ўдзельнікам рэкламнай гульні "Заплаці карткай і выйграй мільён!"

-- Наколькi многа ў нас месцаў, дзе можна ўжо расплацiцца карткай?

-- Картка дазваляе ажыццяўляць плацяжы ў банкаўскiх аддзяленнях, банкаматах, iнфакiёсках, гандлёва-сэрвiсных прадпрыемствах. Можна рабiць плацяжы i з мабiльнага тэлефона. Праўда, для ўдзелу ў гульнi "Заплацi карткай i выйграй мiльён!" выкарыстоўваць картку трэба менавiта ў арганiзацыях гандлю i сэрвiсу -- магазiнах, гандлёвых цэнтрах, супермаркетах, сталовых, барах, аўтазапраўках, аптэках, гасцiнiцах i iншых прадпрыемствах, якiя прымаюць карткi ў аплату за паслугi i тавары. У Беларусi зараз звыш 6 тысяч гандлёва-сэрвiсных прадпрыемстваў прымаюць плацяжы па картках.

-- Калi я пажадаю ўзяць удзел у гульнi, мне давядзецца прад'яўляць банку чэк ад пакупкi?

-- Для ўдзелу ў гульне не патрабуецца прад'яўляць ніякіх дакументаў, якія пацвярджаюць пакупку. У банка ёсць уласная дакладная сiстэма ўлiку ўсiх здзейсненых трымальнiкамi картак аперацый. На падставе справаздачы сістэмы ўліку камісіяй будуць вызначаны пераможцы гульні.

Аб правілах гульні Вы можаце пазнаць ва ўсіх філіялах банка, а таксама на сайце банка www.belarusbank.by. Даведкавую iнфармацыю можна атрымаць i па тэлефоне (017) 228 20 56.

-- Як можна будзе даведацца, хто стаў пераможцам?

-- Розыгрыш прызоў адбудзецца 17 снежня. Пераможцам банк паведамiць аб гэтай прыемнай падзеi па тэлефоне i пiсьмом да 27 снежня, а да 31 снежня выйграныя мiльёны паступяць на карт-рахункi.

-- А якiя яшчэ мерапрыемствы рыхтуе банк для трымальнiкаў картак у найблiжэйшы час?

-- Мы будзем працягваць арганiзацыю гульняў i конкурсаў сярод клiентаў. Акрамя таго, укараняюцца i доўгатэрмiновыя праекты -- праграмы заахвочванняў i льгот для трымальнiкаў картак. Iх сутнасць заключаецца ў атрыманнi гарантаваных скiдак i льгот пры аплаце тавараў карткай.

Запiсала Святлана БАРЫСЕНКА

Дополнительную информацию можно получить в любом учреждении АСБ «Беларусбанк» или на веб-сайте банка /

Лицензия на осуществление банковской деятельности № 1 от 27.10.2006 г.,

выданная Национальным банком Республики Беларусь.