СМИ о банке
20.04.2007

Грошы сваякоў i сяброў — не чужыя ("Звязда", 20.04.2007)

Новыя тэндэнцыi ў сферы банкаўскiх паслуг — тэма сустрэчы журналiстаў у Мiнскiм адукацыйным цэнтры iмя Iаганеса Рау з прадстаўнiчай групай кiраўнiкоў ААБ «Беларусбанк».

Дырэктар дэпартамента крэдытавання Уладзiмiр Раманчук, зразумела, засяродзiўся на праблематыцы крэдытаў. Тут, трэба сказаць, банк безумоўны лiдар. Сёння на долю ААБ «Беларусбанк» прыходзiцца 77 працэнтаў выдачы крэдытаў для насельнiцтва. Колькасць крэдытаатрымальнiкаў перавышае ўжо 900 тысяч. Хутка iх будзе мiльён. I гэта лiчба мае тэндэнцыю росту. Банк выдае як звычайныя, так i льготныя крэдыты, у пераважнай большасцi на набыццё новага i рэканструкцыю старога жылля, скажам, на газiфiкацыю дома.

Паводле слоў Уладзiмiра Канстанцiнавiча, гэтая катэгорыя крэдытаатрымальнiкаў — самая дысцыплiнаваная i адказная. Сярод iх зусiм нязначны працэнт невяртання грошай банку, пратэрмiноўкi з выплатай запазычанасцi цi ўвогуле невяртання крэдытаў. Больш праблем узнiкае з тымi, хто бярэ чужыя грошы на спажывецкiя мэты, напрыклад, набыццё новай машыны, а потым не спяшаецца цi «забывае» вяртаць свае. Усяго на пачатак года сума пратэрмiноўкi аплаты крэдытаў склала 105 мiльёнаў ад агульнай сумы запазычанасцi ў чатыры трыльёны рублёў.

Аднак банк iмкнецца зрабiць больш разнастайнымi мэты i формы выдачы крэдытаў. Скажам, раней узятыя грошы на вучобу ў ВНУ цi на ўладкаванне маладога спецыялiста па месцы працы, можна ўжо вяртаць (пагашаць крэдыт) праз мясцовае аддзяленне сувязi. Вядома, пры ўмове, што па месцы новага жыхарства маладога спецыялiста няма прадстаўнiцтва ААБ «Беларусбанк».

Апошнiм часам банк мэтанакiравана развiвае сiстэму безнаяўных разлiкаў з выкарыстаннем пластыкавых картак. Iх сёння выпускаюць i абслугоўваюць усе яго 109 фiлiялаў. На 1 красавiка гэтага года зарэгiстравана ў абароце 2 169 265 пластыкавых картак ААБ «Беларусбанк».

Цiкавае новаўвядзенне: цяпер у заяўцы на атрыманне буйнога крэдыту, напрыклад, на жыллё, наш малазабяспечаны суайчыннiк можа ў паказчык свайго сукупнага даходу ўключыць i заробкi блiзкiх сваякоў i сяброў. Прыкладна трох-пяцi чалавек. Гэта новаўвядзенне iстотна аблягчае атрыманне буйнога крэдыту на будаўнiцтва кватэры для людзей з невысокiмi заробкамi.

Сёння, нагадаем, толькi на агульных умовах банк выдае 14 вiдаў розных крэдытаў, кожны з якiх мае, так бы мовiць, свае падвiды. Важная акалiчнасць, працэнтная стаўка для вяскоўцаў крыху нiжэйшая, чым для гараджан. Iгар Руды, дырэктар дэпартамента рознiчнага бiзнэсу, падрабязна расказаў пра новую сiстэму будаўнiчых зберажэнняў, якая дазваляе за некалькi гадоў сабраць патрэбную суму на жыллё.

Сёлета ААБ «Беларусбанк», паводле слоў яго супрацоўнiкаў, будзе працягваць развiццё новых паслуг. У прыватнасцi, будуць пашыраны магчымасцi такой сучаснай паслугi, як SMS-банкiнг. Яе перавагi: эканомiя часу i камфорт безнаяўных разлiкаў. SMS-банкiнг дазваляе круглыя суткi незалежна ад месцазнаходжання аплачваць паслугi Белтэлекама (хатнi тэлефон, камунальныя разлiкi ў Мiнску i шэрагу абласных цэнтраў), таксама паслугi аператараў сотавай сувязi VЕLСОM I MTС, шматканальнага тэлебачання «Космас ТБ».

Леанiд ТУГАРЫН ("Звязда", 20.04.2007)