Самыя таленавiтыя банкiры ("Звязда", 15.11.2006)

Днямi ў Палацы культуры i спорту чыгуначнiкаў сталiцы адбыўся фiнальны тур Рэспублiканскага агляду-конкурсу мастацкай самадзейнасцi сямейных калектываў работнiкаў ААБ «Беларусбанк», якi быў прысвечаны Году мацi.

Як адзначыла карэспандэнту «Звязды» старшыня грамадскага аб’яднання «Беларускi саюз жанчын», кiраўнiк ААБ «Беларусбанк» Надзея Ермакова, фiнальны конкурс яскрава адлюстраваў, якiя таленавiтыя i музыкальна адораныя людзi працуюць у буйнейшым банку краiны. Кiраўнiцтва самай масавай банкаўскай установы ўдзяляе вялiкую ўвагу менавiта сямейнай творчасцi. Такiя грандыёзныя мерапрыемствы арганiзоўваюцца «Беларусбанкам» ужо не першы год.

У 2004 годзе ў аглядзе-конкурсе прымалi ўдзел таленавiтыя дзецi супрацоўнiкаў прадпрыемства, летась свае мастацкiя здольнасцi паказвалi работнiкi банка, а сёлета ў свяце мастацтва ўдзельнiчалi сямейныя калектывы. Увогуле ў фiнальным туры конкурсу за перамогу змагалiся больш як 120 удзельнiкаў.

Кампетэнтнае журы мерапрыемства ўзначальвалi намеснiк старшынi Пастаяннай камiсii Палаты прадстаўнiкоў па адукацыi, культуры, навуцы i навукова-тэхнiчнаму прагрэсу Наталля Аўдзеева i намеснiк старшынi Праўлення—дырэктар дэпартамента «Беларусбанка» Уладзiмiр Занько.

Пасля падвядзення вынiкаў у намiнацыi «Вакальная група» лепшымi сталi артысты сям’i Аўдакушыных з Гродзенскай вобласцi. Першае месца ў намiнацыi «Харэаграфiчны ансамбль» заняла сям’я Варанцовых (фiлiял № 527). Сям’я Чабатаровых з Магiлёўскага абласнога ўпраўлення стала чэмпiёнам у намiнацыi «Сямейны дуэт», а сям’я Мулярчык — лепшай сярод iнструментальных ансамбляў. Прыз глядацкiх сiмпатый атрымала сям’я Шышовых з фiлiяла № 714 горада Крычава.

Трэба адзначыць, што самым юным удзельнiкам конкурсу мастацкай самадзейнасцi з’яўляўся трохгадовы Саша Кавалевiч з Маларыты. Асобна адзначыла журы творчасць сям’i Варонiных з Магiлёўскай вобласцi, якая атрымала прыз «За артыстызм».

Самыя таленавiтыя сем’i атрымалi за перамогу каштоўныя прызы. За першае месца ўдзельнiкi конкурсу атрымалi тэлевiзары «Гарызонт», за другое месца — печкi СВЧ, за трэцяе — сокавыцiскалкi.

Сяргей КУРКАЧ