СМИ о банке
26.07.2006

Банкiры — «да самых касцей» турысты ("Звязда", 25.07.2006)

У выхадныя днi ва ўрочышчы Дубкi Быхаўскага раёна на Магiлёўшчыне прайшоў VIII летнi рэспублiканскi турыстычны злёт работнiкаў «Беларусбанка».

Сёлета да «Беларусбанка» далучылiся каманды Нацыянальнага банка i Аграпрамбанка, а таксама госцi са Смаленска, якiя прадстаўлялi Ашчадны банк Расii. Такiм чынам, атрымалася Першая летняя спартакiяда банкаўскiх работнiкаў, у якой бралi ўдзел каля тысячы чалавек.

Турыстычнаму злёту не перашкодзiла нават дажджлiвае надвор’е.

— Вось нашы намёты, — паказвалi банкiры-турысты. — Надулi матрацы, спiм у цёплых спальных мяхах. А дождж — гэта не перашкода для вопытных людзей. Мы столькi гадоў ездзiм на злёты, што да самых касцей сталi турыстамi.

Кожная вобласць iмкнулася зрабiць свой лагер арыгiнальным. Гомельшчына прадставiла стойбiшча племенi Сонца, якое прыдумалi банкаўскiя работнiкi са Светлагорска. Правадыр племенi «Мокрае пяро», а ў звычайным жыццi — галоўны рэвiзор фiлiяла «Беларусбанка» са Светлагорска Алена Канёк сустракала гасцей, узброеная размаляванай накрыўкай ад каструлi i чарпаком.

— Племя Сонца, — радасна паведамляла i адначасова грукала чарпаком Алена, — рыхтавалася да злёту пад кiраўнiцтвам мудрэйшын: дырэктараў, iх намеснiкаў, галоўных бухгалтараў, а таксама фiнансiстаў i эканамiстаў. Лепшыя з лепшых прыехалi ў Дубкi, каб абаранiць гонар i сумленне нашай вобласцi!

Адным з першых конкурсаў стала прадстаўленне снедання. У племенi Сонца ў гэтую ранiцу быў матрыярхат, таму мужчыны гатавалi для жанчын: каву падалi ў намёты, маляўнiча расклалi на стале блiнчыкi, з сабраных навокал зёлак згатавалi гарбату. Тым, хто не наеўся конкурснымi стравамi, на ўсякi выпадак на другое снеданне прапанавалi грэцкую кашу.

Госцi племенi Сонца блыталiся ва ўказальнiках «Фiг вам» i «Абмен скальпаў на вогненную ваду». На гарызонце прываблiвала «Рублёўка» каманд мiнскiх банкаўскiх работнiкаў. У магiлёўскiм лагеры знаходлiвыя банкiры ўсталявалi нават паходную лазню. А так больш нiчога не нагадвала турыстам пра iх асноўную працу.

— Не, калькулятараў з сабой не бралi! — смяецца заўзяты турыст, а на працы — старэйшы iнкасатар Васiль Працышын. — Турзлёт — гэта адпачынак, i ён створаны для таго, каб абстрагавацца ад працы, атрымаць задавальненне, а потым вярнуцца i з новымi сiламi ўдарыцца ў лiчбы i iншыя банкаўскiя справы.

На злёце былi розныя спартыўныя спаборнiцтвы: валейбол, стрытбол, лёгкая атлетыка, падняцце гiраў. А таксама конкурсы песнi, павароў, выступленнi каманд на сцэне.

Старшынi «Беларусбанка» Надзеi Ермаковай вельмi спадабалася месца правядзення злёту: ва ўрочышчы Дубкi сапраўды растуць старыя разгалiстыя дубы. А ў цэнтры — сухое дрэва i вялiкае гняздо буслоў. Птушкi расхвалявана глядзелi на мноства людзей, якiя мiтусiлiся ўнiзе.

Надзея Ермакова распавяла, што iдэя праводзiць турыстычныя злёты ўзнiкла восем гадоў таму.

— Банкаўскiя работнiкi — жывыя людзi, якiм патрэбны адпачынак, — сказала ў iнтэрв’ю кiраўнiк «Беларусбанка». — I мы для сваiх людзей таксама хочам арганiзаваць нешта ў рэчышчы здаровага ладу жыцця. На наш турзлёт прыязджаюць сем’ямi, разам з дзецьмi.

Iдэя сябе апраўдала: турыстычны злёт пашырае свае межы, сёлета ён стаў мiжнародным. На адкрыццi ўздымалi два сцягi i iгралi два гiмны: беларускi i расiйскi.

Смаленскае аддзяленне Ашчаднага банка Расii супрацоўнiчае з Магiлёўскiм фiлiялам «Беларусбанка»: не толькi ў банкаўскiх справах, але ў сферах спорту i культуры. Смаляне ўпершыню прыехалi на турзлёт i былi прыемна здзiўленыя. Справа ў тым, што расiйскiя банкаўскiя работнiкi праводзяць сваю спартакiяду, але гэта чыста спартыўныя спаборнiцтвы. Беларусы ж у дадатак да спорту арганiзуюць яшчэ шмат цiкавых i вясёлых конкурсаў.

— Мне тут падабаецца дух таварыскасцi, добрыя зносiны людзей, — сказаў кiраўнiк Смаленскага галаўнога аддзялення Ашчаднага банка Валерый Яфiмаў. — Такiя мерапрыемствы ўмацоўваюць здароўе i карпаратыўны дух.

— Я бачу ў гэтым перш за ўсё яднанне калектыву, — сказала Надзея Ермакова. — Для таго, каб людзi да адзiнай мэты iшлi на працы, iм трэба яднацца душамi. А гэта магчыма або на фiзiчнай працы, калi ўсе разам, напрыклад, бульбу капаюць, або на такiх мерапрыемствах як наш турыстычны злёт. Гэта наша адна вялiкая банкаўская сям’я.

 

Быхаўскi раён.

Iлона IВАНОВА