Жизнь банка
30.06.2015

У «Беларусбанку» адкрылася выстаўка беларускага нацыянальнага касцюма «Рукатворныя скарбы Беларусі»

На выстаўцы прадстаўлены традыцыйны беларускі жаночы касцюм і ручнікі з розных гісторыка-этнаграфічных рэгіёнаў Беларусі. Большая частка дадзеных экспанатаў уваходзіць у калекцыю «Народнае мастацтва Беларускага Палесся», якую ў 2005 г. Акцыянерны ашчадны банк «Беларусбанк» перадаў на дабрачыннай аснове ў Музей старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (зараз Музей старажытнабеларускай культуры Дзяржаўнай навуковай установы «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі»).

Традыцыйны беларускі касцюм канца ХІХ – пачатку ХХ ст. – не толькі самабытная частка культуры беларускага народа, але і выдатная гісторыка-культурная і мастацкая з’ява ў межах усёй славянскай супольнасці. Разам з ярка выражанымі нацыянальнымі і лакальнымі адметнасцямі, якія адлюстроўваюць ментальнасць беларускага этнасу, прыродна-кліматычныя ўмовы яго існавання, асаблівасці эканамічнага і культурнага развіцця, у традыцыйным касцюме беларусаў захаваліся старажытныя рысы, якія маюць агульнаславянскае паходжанне.

Экспазіцыю касцюма дапаўняюць традыцыйныя абрадавыя ручнікі – яшчэ адна яркая з’ява ў этнічнай культуры беларусаў. На працягу шматлікіх стагоддзяў ручнік быў важным атрыбутам у сямейнай абраднасці – хрысціннай, вясельнай, пахавальнай. Ён выступаў у якасці падарунка, ахвяры, сімвалічнай і абярэгавай рэчы. Не страціў ён сваё значэнне і ў нашы дні. Традыцыйны беларускі ручнік, як і касцюм, увасобіў у сабе і данёс да нас мастацкі густ і талент беларускага народа. Як і касцюм, ручнік шматварыянтны ў сваім мастацкім вырашэнні і мае рэгіянальныя і лакальныя адметнасці, што праявіліся ў яго кампазіцыйным, арнаментальным і каларыстычным вырашэнні.

Адкрываючы выстаўку, загадчык аддзела старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклора імя К.Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Барыс Лазука параўнаў банк с інстытутам, бо і там працуюць рупліўцы, што назапашваюць, шануюць і прымнажаюць скарбы, і выказаў удзячнасць банку за набыццё такой выбітнай калекцыі.

На фота: Барыс Лазука, загадчык аддзела старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклора імя К.Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдат мастацтвазнаўства

Марыя Віннікава, старшы навуковы супрацоўнік аддзела старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклора імя К.Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдат мастацтвазнаўства

Выстаўка прымеркавана да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.