На фестивале «МОВА CUP»: работники банка с Александрой ГЕРАСИМЕНЕЙ

МОВА CUP: «за» спорт, «за» матчыну мову!

 

У Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па лёгкай атлетыцы, вядомым як спорткомплекс «Працоўныя рэзервы», прайшоў нацыянальны спартыўны фестываль «МОВА СUP», адным са спонсараў якога стаў «Беларусбанк». Яго правядзенне ініцыіравала вядомая плаўчыха, алімпійская прызёрка, чэмпіёнка свету і Еўропы, а таксама рэкламны твар нашага банка Аляксандра Герасіменя.

У рамках фестывалю каманды шэрагу ўстаноў і арганізацый беларус­кай сталіцы ўдзельнічалі ў спаборніцтвах па міні­футболе, стрытболе, плаванні, лёгкай атлетыцы, бадмінтоне, гіравым спорце і інш. Усе жадаючыя, якія прысутнічалі на свяце спорту, маглі паспрабаваць сябе ў кросфіце, грэблі, веласпорце, адзінаборствах, а таксама пакідаць на далечыню свае мабільныя тэлефоны і прабегчы пэўную дыстанцыю з дзяўчынай на плячах.

Адметна тое, што большасць прысутных на фестывалі стараліся размаўляць на матчынай мове, нават вядучыя запрашалі ўдзельнікаў на старты па­беларуску. Госці свята з задавальненнем набывалі вышыванкі, якія прадаваліся на ўваходзе ў цэнтр, і адразу ж апраналі іх на сябе.

«Свет глабалізуецца, аб’ядноўваецца, мы павінны чымсьці адрознівацца ад іншых, і, як я лічу, нам у гэтым дапамогуць зносіны на роднай мове. Не ведаю, чаму мы саромеемся размаўляць па­беларуску ў звычайным жыцці. Але ра­зам з ростам нацыянальнай свядомасці, спадзяюся, беларуская мова атрымае шырокае выкарыстанне», — выказала сваю думку Аляксандра Герасіменя на сустрэчы з журналістамі, якая адбылася напярэдадні фес­тывалю. Трэба адзначыць, што майстар­клас для маленькіх плаўцоў яна праводзіла таксама на беларускай мове.

Вялікую ўвагу гасцей свята прыцягнулі спаборніцтвы па кіданні на далечыню асабістага мабільнага тэлефона і бег на 30 м з дзяўчынай на плячах. Дарэчы, мужчыне, які хутчэй за ўсіх данёс сваю дзяўчыну да фінішу, дасталося аж 50 м каўбасы. А далей за ўсіх свой тэлефон кінуў сярэбраны прызёр Алімпіяды ў Пекіне дзясяціборац Андрэй Краўчанка. Маладому чалавеку ў якасці прыза дастаўся смартфон, які ён адразу ж падараваў хлопчыку, прыкаванаму да інваліднага крэсла.

Наш банк на «МОВА СUP» прадстаўлялі 23 чалавекі. Яны змагаліся ў камандных спаборніцтвах па міні­футболе, стрытболе, плаванні, лёгкай атлетыцы, гіравым спорце і бадмінтоне. У апошніх двух відах нашы спартсмены «ўзялі» трэція месцы: старшы інкасатар аддзела ін­касацыі з філіяла № 519 Аляксандр Герасімчык і спецыяліст 1­й катэгорыі аддзела тэхнічнага абслугоўвання цэнтральнага апарата Ігар Газізаў падымалі гіру вагой 24 кг, а вядучы спецыяліст аддзела банкаўскіх плацежных картак філіяла № 527 «Белжэлдор» Святлана Кульгавеня і галоўны спецыяліст аддзела АВАР — распрацовак праграмнага забяспечання цэнтральнага апарата Юлія Паўлоўская гулялі ў бадмінтон.

На вышэйшую прыступку п’едэстала ў гэты дзень таксама давялося падняцца Аляксандры Герасімені — разам з камандай «Беларусбанка», якая стала карпаратыўным пераможцам.

Плануецца, што ў наступны раз «МОВА СUP» запросіць гасцей праз 6 месяцаў.

Аксана МІНІНА