СМІ пра банк
04.08.2008

Банкiры становяцца турыстамi ("Звязда", 02.08.2008)

Хто з нас не патанаў у водары лясных траў i кветак, грыбоў i ягад, не захапляўся ранiшнiмi спевамi птушак, не любаваўся палаючым захадам сонца! Напэўна, усе мы не раз у жыццi гэта адчувалi. Але хто, як не сапраўдны турыст, можа атрымаць асалоду ад гэтых хвiлiн у поўнай меры? Бо менавiта турысты большую частку свайго жыцця праводзяць у божым "храме" прыроды, царстве гармонii i адзiнства.

10 гадоў таму "Беларусбанк" адрадзiў традыцыю правядзення летнiх турыстычных злётаў. І варта адзначыць, што з кожным годам аўдыторыя прыхiльнiкаў адпачынку на лоне прыроды iмклiва расце.

У апошнiя выхадныя лiпеня возера Гаць у Баранавiцкiм раёне прымала работнiкаў "Беларусбанка". Каля тысячы аматараў актыўнага ладу жыцця з усёй Беларусi сабралiся на чарговы 10-ы рэспублiканскi летнi турзлёт.

Пляжны валейбол, мнагабор'е, аэробiка i проста адпачынак на свежым паветры. Сёння сур'ёзныя офiсныя работнiкi азартна гуляюць i не менш азартна "хварэюць". Цiкавасць да гэтых спаборнiцтваў пастаянна расце, аб чым сведчыць рост прафесiяналiзму iх удзельнiкаў.

Турыстычныя палаткi, сонечныя ванны, песнi ля вогнiшча i каша з кацялка для многiх гараджан сёння раскоша. Таму i рады мы хоць ненадоўга змянiць урбанiстычны пейзаж на сасновы лес. Тым больш што гэта - для сябе, для свайго здароўя. А здароўе нацыi - гэта сёння дзяржаўная палiтыка.

У першы дзень каманды размясцiлi свае палаткавыя гарадкi i паўдзельнiчалi ў спартыўных спаборнiцтвах па валейболе, дартсе, бадмiнтоне. Напрыклад, у дартсе пераможцу вызначыць аказалася вельмi складана: на трэнiроўцы ўсе ўдары трапляюць дакладна ў "яблычак", а выходзiць удзельнiк выступаць - i мажа! Хваляванне адбiваецца. Але лепшымі за ўсiх аказалiся прадстаўнiкi цэнтральнага апарату банка.

Нягледзячы на некаторую стомленасць, удзельнiкi турзлёту завяршылi першы дзень дыскатэкай. I правiльна зрабiлi. Пасля напружанай спартыўнай праграмы танцы - лепшы сродак ад стомленасцi.

Другi дзень пачаўся са спаборнiцтва па рыбнай лоўлi. Тут таксама свайго роду спартыўны iнтарэс плюс майстэрства. Як каму пашанцуе. А шанцуе, як правiла, рыбакам-знаўцам - прафесiяналам. На свiтаннi, пакуль большасць турыстаў яшчэ спалi, у некаторых на воднай гладзi возера ўжо "ныралi" паплаўкi. Самымi ўдачлiвымi рыбаловамi аказалiся прадстаўнiкi зборнай каманды цэнтральнага апарату i фiлiялаў г. Мiнска - Аляксей Губараў i Валерый Давыдоўскi.

Пасля снедання ўсе ўдзельнiкi сабралiся на адкрыццi турзлёту. Каманды прадстаўлялi сваю "вiзiтную картку", i ўсе былi поўныя жадання пазмагацца за прызавыя месцы. Варта зазначыць, што з кожным годам барацьба за прызавыя месцы становiцца ўсё больш напружанай, бо ўсе ўдзельнiкi добра падрыхтаваныя ў кожным вiдзе спартыўных спаборнiцтваў.

Але лепшыя - гэта, вядома ж, заўсёды наймацнейшыя. I судзейская каманда такiх вызначала. I ў мнагабор'i кiраўнiкоў, i ў аэробiцы, i ў конкурсе "Спяваючы офiс", i ў кулiнарным паядынку.

Кажучы пра апошняе спаборнiцтва, заўважым, што ўсiм удзельнiкам выдаваўся аднолькавы набор прадуктаў, з якога трэба было прыгатаваць страву, здольную ўсiх уразiць. У кожнай камандзе шэф-кухарам выступалi мужчыны. I яны такое там, на прыродзе, гатавалi! Лепшым быў прызнаны "пiрацкi абед", прыгатаваны Цiмурам Пятровiчам i Юрыем Зайко, супрацоўнiкамi фiлiяла № 527 "Белчыгунка".

Нядзеля - апошнi дзень злёту, быў хоць i сонечным, але хвалюючым. Прычым не толькi для ўдзельнiкаў, але i для членаў журы. Бо iм трэба было падвесцi вынiкi i ўзнагародзiць пераможцаў. I як бы складана нi было, пераможцы ўсё ж вызначаны.

Першае месца ў агульнакамандным залiку заняла каманда г. Мiнска (зборная цэнтральнага апарату i мiнскiх фiлiялаў "Беларусбанка"), другое - фiлiял № 500 - Мiнскае ўпраўленне, трэцяе - фiлiял № 400 - Гродзенскае абласное ўпраўленне.

Усе пераможцы атрымалi ўзнагароды, прызы i падарункi - спартыўны i турыстычны рыштунак. Каб свае ўменнi да наступнага турзлёту яшчэ больш развiць.

10-ы рэспублiканскi летнi турыстычны злёт застаўся ў гiсторыi "Беларусбанка". Ён закончыўся, каб даць старт у наступным годзе ўжо 11-у турзлёту, якi запалiць свае спартыўныя зоркi, падорыць нам новыя адкрыццi i станоўчыя эмоцыi, узбагацiць радасцю новых сустрэч.

Вiталь ГРЫНКЕВIЧ.