СМІ пра банк
22.04.2008

Калi фiнансы... спяваюць (журнал "Культура", 11.04.2008)

- Некалі культура фінансавалася з бюджэту па рэшткавым прынцыпе, і мяне ў студэнцкія гады гэтая акалічнасць здзіўляла, - прыгадвае Уладзімір Занько - намеснік Старшыні Праўлення адкрытага акцыянернага таварыства "Ашчадны банк "Беларусбанк".

Цяпер агульназразумела: культурная сфера ў самым шырокім сэнсе патрабуе значных фінансавых укладанняў, без яе немагчыма паўнавартаснае развіццё ні асобы, ні ўстановы, ні краіны наогул. Цудоўна ўсведамляюць гэта і ў такой вялікай структуры, як "Беларусбанк", дзе культуры, асабліва ўнутранай, карпаратыўнай, надаецца значная ўвага. Таму знакамітае "Фінансы спяваюць рамансы" набыло ў гэтых сценах зусім іншы, пазбаўлены іроніі сэнс.

ЭЛЕМЕНТ ПРАДСТАЎНІЦТВА

Паняцце карпаратыўнай культуры і этыкі стала ўвайшло ў наш ужытак. Ды і сапраўды, час абавязвае выбудоўваць адносіны ўнутры калектыву на новых асновах, улічваючы інтарэсы самой установы і яе станоўчага іміджу. Цікавым падаецца ў гэтым кантэксце досвед "Беларусбанка" ў фарміраванні спрыяльнага карпаратыўнага клімату.

Пачатак гэтаму працягламу працэсу закладзены яшчэ ў 1995 годзе, калі адбылося аб'яднанне Ашчаднага банка і камерцыйнага "Беларусбанка" ў адзінае ААТ.

- Ашчадны банк, - разпавядае Уладзімір Занько, - працаваў па простай часам схеме: прыём камунальных плацяжоў ды ўкладаў насельніцтва. Калектыў складаўся пераважна са спецыялістаў з сярэдняй адукацыяй. Наваствораная структура закцэнтавала сваю дзейнасць на працы прафесіяналаў і ўкараненні перадавых банкаўскіх тэхналогій. Пад час складанага працэсу аб'яднання дзвюх устаноў была распрацавана спецыяльная праграма і прыняты Кодэкс прафесійнай этыкі, які закрануў усе асноўныя бакі жыцця банка, распаўсюдзіўшыся на кожнага спецыяліста. I кодэкс тут - своеасаблівы збор правілаў карпаратыўнай культуры, дзе акрэслены ўдзел супрацоўнікаў у жыцці калектыву, вызначаны мэты і задачы мабілізацыйнага характару.

У банку цяпер працуе 25 тысяч чалавек, каля 80 працэнтаў з іх - жанчыны. Сярэдні ўзрост paботнікаў - 37 гадоў. He дзіва, што ў такім вялікім калектыве, прадстаўнікі якога працуюць у кожным кутку рэспублікі, ствараецца ўласная тэхналогія ўнутраных зносін.

- Мы пачалі з вызначэння адукацыйнага ўзроўню супрацоўнікаў, закранулі стварэнне іміджу арганізацыі: знешні выгляд супрацоўніка, ветлівасць, культура мовы, уменне весці канструктыўны дыялог з кліентамі - усё гэта працуе і на карысць прафесійнага ўзроўню чалавека. Навучыўшы гэтаму, пачалі патрабаваць выканання ўскладзеных функцый, - гаворыць мой суразмоўца.

Сапраўды, спецыялістаў "Беларусбанка" заўжды пазнаеш па карпаратыўнай форме адзення, вытрыманай у белым і зялёным колерах. У сусветнай практыцы з такой заўважнасці, як элемент прадстаўніцтва, і "пачынаецца" банк ды і любая значная ўстанова. Нібыта "тэатр - з вешалкі".

Але карпаратыўнае аблічча "Беларусбанка" праяўляецца і ў культурным жыцці ўстановы: конкурсы мастацкай творчасці, россып мастацкіх калектываў, што дзейнічаюць практычна ў кожным філіяле па ўсёй рэспубліцы. Сярод апошніх вылучаюцца хор "Ясныя зоры", арганізаваны ў бабруйскім філіяле, і хор, створаны ў Жабінцы. Заўсёды цікава праходзяць вечары-сустрэчы з выпускнікамі ВНУ, якія ўліваюцца ў калектыў "Беларусбанка" (іх на год прыходзіць да 800 чалавек). Да ўдзелу ў розных мерапрыемствах прыцягваюцца сем'і супрацоўнікаў банка. Скажам, у мінскім Палацы культуры і спорту чыгуначнікаў прайшоў рэспубліканскі конкурс сямейнай мастацкай творчасцісупрацоўнікаў банка.

Маем таксама часопіс "Веснік" і газету "Наш банк сёння", што на ІІІ Нацыянальным конкурсе "Залатая Ліцера" была адзначана як лепшая шматтыражная газета.

ЭКСПАНУЮЦЦА... ГРОШЫ

- А як "Беларусбанк" удзельнічае ў культурным жыцці рэспублікі?

- У свой час банк набыў калекцыю беларускіх аўтэнтычных строяў - 25 касцюмаў, якія насілі нашы продкі ў ХVІІ-ХVІІІ стагоддзях. Мы звярнуліся да Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь па кансультацыю, а пасля прапанавалі на дабрачыннай аснове перадаць калекцыю ў адзін з музеяў. Наша прапанова была з удзячнасцю прынята. Сёння, па ўзгадненню бакоў, калекцыя знаходзіцца ў Музеі Інстытута этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук Беларусі. Цяпер непаўторныя творы аўтэнтычнага мастацтва даступны аматарам прыгожага і навукоўцам з Беларусі і замежжа.

"Беларусбанк" адкрыты для прапаноў, напрыклад, у справе рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры. Разам з тым трэба ўлічваць: развіваючы адну сферу, мы павінны прадбачыць, што з гэтага будзе вынікаць. Калі размова ідзе, скажам, аб развіцці ўязнога турызму, экатурызму, дык тут павінен быць увесь комплекс паслуг, бо асноўная задача гасцявога боку - абслужыць на высокім узроўні.

- Ведаю, што ў "Беларусбанка" ёсць, акрамя скарбаў матэрыяльных, яшчэ адзін - духоўны. Гаворку вяду пра музей вашай установы...

- У справе яго аздаблення, папаўнення і размяшчэння каштоўных як факт гісторыі і як грашовыя адзінкі экспанатаў у выставачных залах нам сапраўды спатрэбіцца дапамога Міністэрства культуры. Цяпер "Беларусбанк" не можа забяспечыць шырокі допуск гледачоў у музей, таму яго наведваюць пакуль што супрацоўнікі банка, яго госці, маладыя спецыялісты, слухачы курсаў павышэння кваліфікацыі.

- А ч ым адметная экспа зіцыя музея "Беларусбанка" ?

- Экспанаты каштоўныя, а некаторыя з іх і наогул унікальныя. У музеі сабраны матэрыялы, якія расказваюць пра развіццё ашчаднай справы ў Беларусі, пра самы пачатак яе станаўлення. Гэта дакументы, справаздачы, першыя аблігацыі, ашчадныя кніжкі і чэкі. Ёсць нават загады расійскіх цароў аб адкрыцці пэўных фінансавых устаноў. Вы такога больш нідзе не знойдзеце і не ўбачыце. Экспанаты сабраны кіраўніком музея Мікалаем Сінькевічам, выдатным спецыялістам музейнай справы, які стварыў выстаўку практычна з нуля.

Паступова музей папаўняецца граматамі, дыпломамі, кубкамі, атрыманымі камандамі і прадстаўнікамі банка ў шматлікіх спартыўных спаборніцтвах, узнагародамі, атрыманымі падчас культурных мерапрыемстваў. Гэта - аспект сучаснасці ў экспазіцыйных залах.

Музей для нас - рэліквія, каштоўнасць, якой мы ганарымся. Плануем перанесці яго экспазіцыю і фонды ў прыстасаваныя памяшканні новага будынка банка ў стылі хай-тэк, са шкла і з прымяненнем сучасных канструкцый, які будзе ўзведзены на праспекце Дзяржынскага і стане сапраўднай архітэктурнай дамінантай вуліцы.

- Банк укладвае значныя фінансавыя сродкі ў аднаўленне і рэканструкцыю некаторых архітэктурных збудаванняў Беларусі, у прыватнасці, у будаўніцтва моста праз Нёман у старажытным Гродне...

- Так. Будаўніцтва ў Гродне - наш унёсак у сучасную беларускую архітэктуру. Фінансаванне праекта ажыццяўляецца на суму каля 20 мільёнаў долараў. Працы вядуцца не толькі ўласна на мосце, але таксама і на прылеглай Савецкай плошчы.

Прыгадаю, што банк уклаў вялікія рэсурсы ў будаўніцтва падземнага гандлёвага цэнтра "Сталіца" на плошчы Незалежнасці ў Мінску, фінансаваў рэканструкцыю сталічнага чатырохзоркавага гатэля "Мінск", плошчаў мінскага Камароўскага рынку і прылеглых тэрыторый. З прыцягненнем сродкаў банка ўзведзены самыя сучасныя гасцініцы беларускай сталіцы - "Еўропа" і "Вікторыя". Мы актыўна фінансуем сферу будаўніцтва жылля, што таксама з'яўляецца нашым унёскам і ў сацыяльную галіну, і ў развіццё сучаснай архітэктуры.

Цікавілася

Наталля КІРПІЧЭНКАВА