СМІ пра банк
03.12.2007

Пластыкавы «кашалёк»: «за» i «супраць» ("Звязда", 01.12.2007)

Прамая лінiя

На пачатак кастрычнiка беларускiя банкi выпусцiлi амаль чатыры з паловай мiльёны картак розных сiстэм разлiкаў. Зараз у краiне ўсталявана амаль 1800 банкаматаў, а так званымi плацежнымi тэрмiналамi (дзе можна расплацiцца карткай) аснашчаны больш за 6 тыс. прадпрыемстваў гандлю. Пасля з'яўлення "пластыка", трэба заўважыць, мы адвыклi ад вялiзных чэргаў да касы ў днi, калi выдаецца зарплата, але часам даводзiцца пастаяць у чэргах да банкаматаў. Пры наяўнасцi пластыкавай карткi вырашаюцца некаторыя праблемы (можна, напрыклад, адразу заплацiць за мабiльны тэлефон), але з'яўляюцца i новыя: так, бывае, што цяжка знайсцi ў пэўным раёне той жа банкамат, або ў iм няма грошай. Падчас "прамой лiнii" на Беларускiм радыё, у якой разам з журналiстам радыё Максiмам Углянiцам ўзяў удзел карэспандэнт "Звязды", i iшла размова з дырэктарам разлiковага цэнтра пластыкавых картак ААТ "ААБ Беларусбанк" Анатолем Багавiком пра плюсы i мiнусы банкаўскiх картак.

- Сёння яшчэ шмат людзей не карыстаюцца пластыкавымi карткамi. Можаце параiць тым, хто збiраецца стаць уладальнiкам карткi, як правiльна яе выбраць?

- У першую чаргу, я параiў бы гэтым людзям пераадолець псiхалагiчны бар'ер перад чымсьцi новым, што iм даводзiцца выкарыстоўваць у сваiм жыццi. I зразумець, што пластыкавая картка - гэта вельмi зручная рэч для яе трымальнiка: у вас заўсёды ёсць пры сабе iнструмент, з дапамогай якога вы можаце расплацiцца. Яна дазваляе чалавеку мець доступ да ўсiх яго грашовых сродкаў. Пры выбары ж банкаўскай карткi я параiў бы звярнуць увагу на тую iнфраструктуру, у якой можа выкарыстоўвацца "пластык": гэта i прадпрыемствы гандлю, што знаходзяцца побач i прымаюць да аплаты карткi, а таксама сетка банкаматаў, да якiх прызвычаiлiся людзi i ўжо не пужаюцца гэтага ўстройства. Акрамя таго, неабходна звярнуць увагу на сетку iнфармацыйных кiёскаў i дадатковыя магчымасцi ажыццяўлення плацяжоў па картцы.

- Цiкава, а ў чым заключаецца выгада для банка, калi насельнiцтва расплачваецца не наяўнымi грашовымi сродкамi, а ажыццяўляе безнаяўныя разлiкi?

- Безнаяўныя грошы абыходзяцца дзяржаве танней, чым наяўныя. У гэтым выгада для дзяржавы. Што ж датычыцца банкаў, то працуючы з безнаяўнымi сродкамi яны знiжаюць свае затраты: наяўнасць патрабуе пералiку, iнкасацыi...

- Карткатрымальнiкi, мабыць, у асноўным карыстаюцца "пластыкам" у тых выпадках, калi атрымлiваюць зарплату, i iм неабходна зняць грошы на пакупку. А якiя яшчэ аперацыi можна праводзiць, магчыма, з'явiлiся нейкiя новыя паслугi?

- Пачнём з таго, што пластыкавая картка не абмяжоўвае чалавека ў звыклых магчымасцях мець наяўныя грошы: iх можна зняць у банкаматах, у аддзяленнях банкаў, у пунктах выдачы наяўных сродкаў. Гаворачы ж пра безнаяўныя плацяжы, заўважу, што тут спектр шырэйшы: гэта i перавод грашовых сродкаў з каррахунка на каррахунак, магчымасць пагашэння крэдыту, аплата паслуг мабiльнай сувязi, хатняга тэлефона, камунальных плацяжоў, электрычнасцi, газу, спадарожнiкавага тэлебачання, Iнтэрнэту, аплата пакупак у прадпрыемствах гандлю i сэрвiсу, SMS-банкiнг. Акрамя таго, лiтаральна на днях мы ў iнфакiёсках увялi такую паслугу як аплата паслуг аб'яднання "Ахова".

- На нашу "прамую лiнiю" звярнуўся iнвалiд I групы па зроку, якi працуе на адным з прадпрыемстваў. Паводле яго слоў, работнiкаў iх завода прымушаюць перайсцi на карткавую сiстэму. Калi ж ён спрабаваў дабiцца таго, каб яго зарплату пераводзiлi на кнiжку, яму ў гэтым адмовiлi, матывуючы, што ашчадны банк не бярэ на абслугоўванне. Ён пытаецца, як гэта будзе выглядаць - сляпы iнвалiд з карткай?

- Чалавек мае права выбiраць для сябе спосабы атрымання зарплаты. Калi браць сiтуацыю канкрэтнай асобы, я думаю, што чалавек зрабiў правiльны выбар. Хоць хачу адзначыць, што для людзей са слабым зрокам, або для невiдушчых таксама прадугледжаны банкаматы, у якiх ёсць спецыяльныя сiмвалы, i якiя яны могуць адчуваць рукамi. З iншага боку, я магу зразумець i кiраўнiцтва прадпрыемства: выплата зарплаты з выкарыстаннем банкаўскiх картак больш зручная справа.

Iгар ШЧУЧЭНКА.