Жыццё банка
31.08.2017

«Беларусбанк» – за інклюзіўнае грамадства

У Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, пры падтрымцы ААТ «ААБ Беларусбанк», адкрылася фотавыстава «Спорт – толькі частка майго жыцця». У цырымоніі адкрыцця прынялі ўдзел юныя героі здымкаў і іх сем'і - удзельнікі каманды «Крылы Ангелаў», прадстаўнікі ААТ «ААБ Беларусбанк» і Нацыянальнага мастацкага музея, беларускія музыканты і выканаўцы.

Героямі сюжэтаў фотавыставы сталі 12 дзяцей і маладых людзей з інваліднасцю (ДЦП, аўтызм). Некаторыя з іх перамяшчаюцца ў калясцы, не размаўляюць, маюць патрэбу ў дапамозе, аднак гэта не становіцца непераадольнай перашкодай для актыўнага, насычанага падзеямі і эмоцыямі жыцця.

Фатограф Марыя Шаўчэнка падаравала магчымасць паглядзець у вочы асаблівым дзецям - не саромеючыся і не шкадуючы, не адводзячы позірк ад няёмкасці, як гэта звычайна бывае. Фотаработы дазваляюць убачыць іх святло, адчуць настрой, зразумець, што большасць адрозненняў існуюць толькі ва ўяўленні.

 inkluziv

inkluziv2

inkluziv3

Марыя Шаўчэнка, сямейны фатограф, аўтар здымкаў: «Для мяне дабрачынныя праекты з асаблівымі дзецьмі важная частка творчасці. Цяперашні - ужо чацвёрты па ліку. За час здымання я пазнаёмілася з цудоўнымі дзецьмі і моцнымі дарослымі. Гэтыя адносіны дапамагаюць мне інакш глядзець на жыццё: бачыць магчымасці замест абмежаванняў, прычыны для шчасця замест падстаў для перажыванняў. Я спадзяюся, з такімі ж пачуццямі будуць сыходзіць пасля прагляду экспазіцыі і гледачы».

Дзмітрый Бакіноўскі, начальнік упраўлення інфармацыі і сацыяльнага развіцця ААТ «ААБ Беларусбанк»: «Наш банк рэгулярна дапамагае вялікай колькасці грамадскіх арганізацый. У 2017 годзе мы падтрымалі клуб «Крылы Ангелаў», з якім ужо рэалізавалі шэраг праектаў. Новай сумеснай ініцыятывай стала фотавыстава «Спорт - толькі частка майго жыцця». Нягледзячы на дыягназы ўрачоў, на фота мы бачым самых звычайных дзяцей і падлеткаў, якія ў сваіх думках і памкненнях нічым не адрозніваюцца ад звычайных аднагодкаў. Гэта важна, каб любы чалавек, а тым больш дзіця, незалежна ад яго асаблівасцяў, меў магчымасць раўнацэннага жыцця».

 inkluziv4

inkluziv5

inkluziv6 

inkluziv7

Фотавыстава праходзіць да 5 верасня 2017 года ў холе першага паверха Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь (г. Мінск, вул. Леніна, 20).

Час працы: 11.00 да 19.00, без выхадных.

 

Даведачна:

Клуб «Крылы Ангелаў», які з'яўляецца першай інклюзіўнай спартыўнай камандай не толькі ў Рэспубліцы Беларусь, але і ва Усходняй Еўропе. У адрозненне ад іншых спартыўных аб'яднанняў - гэты праект інклюзіўны і сямейны: на трэніроўкі і спаборніцтвы прыходзяць бацькі з дзецьмі з інваліднасцю любой ступені цяжкасці. Для дзяцей з ДЦП выкарыстоўваюцца спецыяльныя каляскі і дапамога спартыўных валанцёраў.

27 мая, пры падтрымцы ААТ «ААБ Беларусбанк», у Лошыцкім парку г. Мінска прайшоў дабрачынны забег «Крылы Ангелаў». Спартыўнае свята было арганізавана напярэдадні Міжнароднага дня аховы дзяцей і сабрала больш за 500 аматараў актыўнага ладу жыцця. Сярод удзельнікаў прабегу - супрацоўнікі Банка, прадстаўнікі бізнесу, прафесійныя спартсмены і проста аматары бегу, якія прыйшлі на свята ўсёй сям'ёй.

Таксама, за сродкі «Беларусбанка» была заказана і выраблена сучасная, універсальная бегавая каляска, якая падыдзе дзецям, падлеткам, і нават дарослым. Лёгкая вага і вялікія колы дазволяць рухацца як па асфальце, так і па бруку. Цяпер «Крылы» могуць прыняць удзел у забегах любога ўзроўню і складанасці.