Жыццё банка
04.08.2017

«Беларусбанк» падтрымлівае сусветную спадчыну Францыска Скарыны

3 жніўня ў будынку  Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь прайшла прэзентацыя кнігі «Сусветная спадчына Францыска Скарыны», выдадзеная па заказу Міністэрства інфармацыі Беларусі выдавецтвам «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі". ААТ «ААБ Беларусбанк» прыняў удзел у мерапрыемстве і набыў ва ўласную калекцыю частку тыражу ўнікальнай кнігі. На прэзентацыі прысутнічалі дзяржаўныя і грамадскія дзеячы, супрацоўнікі дыпламатычнага корпуса замежных краін, прадстаўнікі бізнесу.

francisc

На фота: Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Лілія Ананіч.

Дзмітрый Бакіноўскі, начальнік упраўлення інфармацыі і сацыяльнага развіцця ААТ «ААБ Беларусбанк»:

«Цяперашні, 2017-ы год, праходзіць у Беларусі пад знакам 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і выхаду першай друкаванай Бібліі Францыска Скарыны, знакавай асобы не толькі для беларускай, але і сусветнай культуры. "Беларусбанк" не мог пакінуць без увагі гэтую знамянальную дату. Не так даўно мы падтрымалі конкурс на стварэнне твораў для драматычнага тэатра "Францыск Скарына і сучаснасць", арганізаваны Рэспубліканскім тэатрам беларускай драматургіі і Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі. Адным з важных вынiкаў нашай сумеснай працы стала прэм'ера спектакля па п'есе Віктара Марціновіча "Кар'ера доктара Рауса", якая была пастаўлена на сцэне РТБД за сродкі ААТ "ААБ Беларусбанк".

У дзень славянскага пісьменства і культуры ў будынку Галаўнога офіса банка прайшла прэзентацыя кнігі выдавецтва "Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі" "Францыск Скарына - чалавек сусвету", у час якой мы яшчэ раз успомнілі аб значнай гістарычнай ролі беларуса ў асвеце і адукацыі простых людзей. Наш вялікі зямляк зрабіў неацэнны ўклад у развіццё кнігадрукавання і з'яўляецца здабыткам Беларусі планетарнага маштабу, якім мы будзем заўсёды ганарыцца».

francisc2

На фота: начальнік упраўлення інфармацыі і сацыяльнага развіцця ААТ «ААБ Беларусбанк» Дзмітрый Бакіноўскі.

Даведачна:

Кніга «Сусветная спадчына Францыска Скарыны», што была выдадзена па заказу Міністэрства інфармацыі Беларусі, прымеркавана да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Выданне выйшла на трох мовах - беларускай, рускай і англійскай. Упершыню ў адной кнізе прадстаўлены ўсе 25 кніг беларускага першадрукара. Кніга атрымала Гран-пры Міжнароднага конкурсу краін-удзельніц СНД «Мастацтва кнігі - 2017», Гран-пры Еўразійскай міжнароднай кніжнай выстаўкі "Eurasian Book Fair 2017».

francisc3