Жыццё банка
23.03.2017

У Галаўным офісе «Беларусбанка» арганізавана выстаўка пераможцаў конкурсу «Сам сабе дызайнер» (прэс-рэліз)

У Галаўным офісе «Беларусбанка» арганізавана выстаўка пераможцаў конкурсу «Сам сабе дызайнер» за 2016 год. Гэты конкурс – сумесны праект ААТ «ААБ Беларусбанк» і ЗАТ «Плацежная сістэма БЕЛКАРТ».

vystavka

За гэты час на галоўнай старонцы kartochki.by у сэрвісе для малявання з дапамогай розных інструментаў і палітры колераў жыхары краіны стваралі свой унікальны дызайн карткі ў рэжыме рэальнага часу. Пры жаданні можна ўвасобіць сваю творчасць на сапраўднай банкаўскай картцы.

Прыняць удзел у конкурсе мог любы жадаючы ва ўзросце ад шасці гадоў. У сямі намінацыях было створана 1543 дызайны карткі.

vystavka2

 «"Сам сабе дызайнер" асаблівы конкурс – з аднаго боку дазваляе развівацца творча, з другога – знаёміцца з банкаўскімі прадуктамі.  Конкурс арыентаваны не толькі на дзяцей, хаця для іх ён найбольш цікавы і незвычайны. Але ўсе мы, як гаварылася ў аповесці «Маленькі  прынц», калісьці былі дзецьмі, толькі мала хто памятае пра гэта. І нашу дзіцячую ў нечым душу таксама трэба своечасова падсілкоўваць непадробнай радасцю, натхненнем і ўсмешкамі, адзначыў у сваім выступленні на адкрыцці выстаўкі намеснік дырэктара дэпартамента рознічнага бізнесу Сяргей Якутовіч. Праект, які стаў магчымы дзякуючы супрацоўніцтву з БЕЛКАРТ, як раз дае магчымасць дарослым разам з дзецьмі дастаць віртуальны мальберт і крыху пагуляць у дарослых хлопчыкаў і дзяўчынак, памаляваць, палюбавацца вынікам сваёй творчасці і знайсці яму даволі практычнае прымяненне».

vystavka3

На адкрыцці выстаўкі прысутнічалі прадстаўнікі плацежнай сістэмы БЕЛКАРТ.

«Сэрвіс kartochki.by актуальны для дзяцей усіх узростаў. У першую чаргу, як сродак самавыражэння, а таксама як спосаб пазнання свету безнаяўных плацяжоў. Бо сэрвіс – гэта свайго роду гульня, а вучыцца праз гульню – самы прыемны спосаб даведацца што-небудзь новае, адзначыў у сваім выступленні намеснік дырэктара ЗАТ «Плацежная сістэма БЕЛКАРТ» Уладзімір Гусараў. Падобныя праекты, якія ўцягваюць дзяцей у свет безнаяўных разлікаў, дапамагаюць ім  разабрацца ва ўсіх нюансах безнаяўных плацяжоў. А чым раней яны пачнуць пазнаваць свет безналу, тым прасцей ім будзе арыентавацца ў фінансавых хітраспляценнях дарослага жыцця».

Ён падзякаваў «Беларусбанку» за партнёрства і дапамогу ў рэалізацыі ідэі.

Журы выбірала лепшыя малюнкі ўдзельнікаў конкурсу ў розных узроставых катэгорыях. «Прызам глядацкіх сімпатый» быў адзначаны ўдзельнік, дызайн карткі якога набраў найбольшую колькасць адзнак «Мне падабаецца» ў раздзеле «Галерэя вашых малюнкаў» на сайце kartochki.by. 45 дызайнераў атрымалі вышэйшыя ўзнагароды, 85 – занялі другія і трэція месцы.

Самыя лепшыя работы ўдзельнікаў праекта і прадстаўлены ў экспазіцыі выстаўкі, якая пачала сваю працу  22 сакавіка 2017 года.

vystavka4

«Беларусбанк» заўсёды падтрымліваў праекты, якія адрозніваюцца сацыяльнай значнасцю і арыгінальнасцю творчай ідэі. Як вядома, 2016 год быў абвешчаны ў Беларусі Годам культуры, таму банк і стаў  суарганізатарам мастацкага конкурсу «Сам сабе дызайнер».

2017-ты – Год навукі, што не магло не знайсці свайго адлюстравання ў творчым праекце. З гэтага года арганізатарамі конкурсу заснавана новая намінацыя – «Самы тэхналагічны дызайн», пераможца якой вызначаецца сярод дызайнаў картак, графічныя выявы на якіх звязаны з тэхнікай, тэхналогіямі, навукай і навуковымі адкрыццямі ў розных сферах.

Захаваюцца і ранейшыя намінацыі: «Лепшы дызайн карткі ва ўзроставай катэгорыі 6-7 гадоў», «Лепшы дызайн карткі ва ўзроставай катэгорыі 8-10 гадоў», «Лепшы дызайн карткі ва ўзроставай катэгорыі 11-14 гадоў», «Лепшы дызайн карткі ва ўзроставай катэгорыі 15-17 гадоў», «Лепшы дызайн карткі ва ўзроставай катэгорыі ад 18 гадоў», «Прыз глядацкіх сімпатый». Пераможцы будуць выбірацца штоквартальна.

Прэс-служба ААТ «ААБ Беларусбанк»