«Беларусбанк» сабраў больш за дзве тысячы кніг для дзяцей-сірот і пацыентаў дзіцячых медустаноў (прэс-рэліз)

Перадачай кніг, сабраных падчас дабрачыннай акцыі «Кніга – лепшы сябар і падарунак», быў адзначаны Дзень ведаў для «Беларусбанка». Супрацоўнікі Галаўнога офіса 1 верасня наведалі дзетак, якія знаходзяцца на лячэнні ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі.

Для банкаўскіх работнікаў было важна асабіста перадаць кнігі і сустрэцца з дзецьмі, якія часам гадамі знаходзяцца ў медыцынскай установе і настойліва змагаюцца за жыццё.

1

«Друкаванае слова займае асаблівае месца ў культуры народа. Кніга – галоўная крыніца ведаў. Многім дзецям, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю, кніга можа стаць падтрымкай і сябрам», – пракаментавала падзею Алена Асмалоўская, начальнік аддзела ідэалогіі ўпраўлення інфармацыі і сацыяльнага развіцця «Беларусбанка». – Мы бачылі, як маленькія пацыенты і іх бацькі былі рады падарункам, а таксама шчырым і добрым словам. Для іх гэта асабліва важна. Не менш важна гэта і для ўсіх нас. Бо дзеці вучаць нас любіць і спачуваць», – дадала Алена Асмалоўская.

2

Акцыя па зборы кніг праходзіла ў «Беларусбанку» з 24 па 31 жніўня. За гэты час сабрана больш за 2000 выданняў – гэта дзіцячая, мастацкая і навуковая літаратура, зборнікі казак і вершаў, класіка беларускай літаратуры. Любы супрацоўнік банка мог прынесці кнігу з хатняй бібліятэкі, або набыць яе ў кніжным магазіне, на спецыяльнай картцы-ўкладышы напісаць словы падтрымкі і перадаць яе ў падарунак дзецям.

У рамках правядзення дабрачынных мерапрыемстваў, прысвечаных Дню ведаў, «Беларусбанк» у найбліжэйшыя дні падорыць кнігі дзецям у сацыяльных прытулках, школах-інтэрнатах для дзяцей-сірот, дзіцячых медыцынскіх установах па ўсёй краіне. У банку адзначаюць, што калі ў нашых сілах зрабіць дзяцей крыху больш шчаслівымі, то гэта робіць лепшымі нас саміх. Таму што маленькай дапамогі не бывае!

 

Прэс-служба ААТ «ААБ Беларусбанк»