«Беларусбанк» — сацыяльна адказны брэнд. І гэта не проста сцвярджэнне: за ім — дзясяткі важных і карысных праектаў, добрых спраў, нейчых вырашаных праблем, да якіх банк не змог застацца абыякавым.
Адно з апошніх — аказанне спонсарскай дапамогі жыхарам сталічнага дома № 11 па вуліцы Грушаўскай на аднаўленне і мадэрнізацыю пабудаванага ў 1950 годзе фантана ў двары дома.
да рэканструкцыі
пасля рэканструкцыі
Для жыхароў Грушаўкі гэта сапраўды каштоўнасць. Вось што расказвае пра яго Святлана Урэцкая, ініцыятар аднаўлення фантана:
— Памятаю яго з малых гадоў. Толькі ўявіце, пасляваенны разбураны Мінск, людзям няма дзе жыць, а салдаты без асаблівых ведаў і ўменняў пабудавалі гэты фантан.
Справа ў тым, што ў гэтым доме (сёння № 11) жылі салдаты і афіцэры Белпалка. У 1950 годзе ў двары яны і зрабілі гідратэхнічнае збудаванне, падвялі да яго ваду. Фантан быў акуратна зацэментаваны, а ў цёплую пару года дзякуючы дзвюм трубам, якія ішлі да першага пад’езда, у ім струменіла вода.
— Па выхадных афіцэры, якія тут жылі, выходзілі на вуліцу: усе ў ордэнах, медалях — такая прыгажосць! Аркестр іграў, фантан журчаў — тое, чаго зараз ужо няма, — з сумам узгадвае Святлана Максімаўна. — Тут жа, у двары, стаялі альтанкі: хтосьці ў шахматы гуляў, іншыя — чай пілі — зусім іншае жыццё было…
Але дзякуючы «Беларусбанку», а таксама ўдзелу, у тым ліку і матэрыяльнаму, саміх жыхароў дома, размешчаных па-суседску кампаній — 23 кастрычніка фантан ізноў ажыў. Толькі цяпер у адноўленым, больш сучасным выглядзе: бруі вады ствараюцца не дзякуючы трубам, а спецыяльнаму электрычнаму насосу. Акрамя таго, збудаванне атрымала і новае дызайнерскае вырашэнне. Дарэчы, з’явілася ў двары і альтанка. Яе, як расказала Святлана Максімаўна, жыхары набылі як раз напярэдадні.
Паўдзельнічалі ва ўрачыстым мерапремстве, якое пераўтварылася ў сапраўднае свята двара, і прадстаўнікі «Беларусбанка», а таксама адміністрацыі Маскоўскага раёна Мінска.
Прыемна было чуць словы ўдзячнасці ў адрас банка з боку шматлікіх пенсіянераў і маладых бацькоў, якія нягледзячы на дождж, выйшлі на двор з дзецьмі, каб разам парадавацца сваёй маленькай перамозе і зрабіць сямейнае сэлфі на фоне фантана.
І нават чыйсці ўкормлены кот, прымасціўшыся на борціку збудавання, з яўным інтарэсам назіраў за тым, як стуменьчыкі вады, нібыта жывыя, збягаюць уніз, даганяючы адзін аднаго… Здавалася, кот таксама ўдзячны ўсім прысутным за новую забаву.
Ну, а самі жыхары дома спыняцца на дасягнутым, па ўсім відаць, не збіраюцца. У гэтых актыўных пенсіянераў шмат планаў на тое, як зрабіць свой двор яшчэ больш утульным, яшчэ больш прывабным. І, прама скажам, у іх гэта нядрэнна атрымліваецца.
А вось якія цёплыя словы напісалі самі жыхары ў адрас банка і кіраўніцтва:
«Паважаны Сяргей Паўлавіч! Дзякуем Вам і супрацоўнікам банка за нестандартныя адносіны да нашай дзіўнай просьбы — аказаць спонсарскую дапамогу для аднаўлення і мадэрнізацыі пабудаванага ў 1950 годзе фантана ў двары нашага дома. Сяргей Паўлавіч! Менавіта Вашы асабістыя якасці прыстойнага і неабыякавага чалавека, а таксама Наталлі Мар’янаўны Малікавай, не пашкадаваўшай сваіх ног і часу, якая наведала наш дом і двор і праглядзела ўсю 5-гадовую перапіску і старыя фотаздымкі, дазволілі Вам прыняць рашэнне аб выдзяленні грошай на наш аб’ект. Вы не адмахнуліся ад нашай праблемы, а па-чалавечы зразумелі нас. У памяць нашых бацькоў і салдат, якія будавалі фантан у разбураным пасляваенным Мінску, Вы дапамаглі нам захаваць і аднавіць нашу славутасць».
Усе неабыякавыя жыхары дома № 11.